«Казалі – прызнавайся ва ўсім, і спакойна пойдзеш да хаты». Што вядома пра масавыя ператрусы і затрыманні ў Бабруйску


Карэспандэнт газеты «Бабруйскі кур’ер» Віктар Качан быў затрыманы раніцай 22 студзеня. Да яго, як і яшчэ да 12 бабруйчан, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, правялі ператрус, потым адвезлі ў Следчы камітэт. Увечары Віктара адпусцілі і ён распавёў «Белсату» пра падеі ў Бабруйску.

«Рэвалюцыя скончылася, нікуды не лезь»

Паведамленні пра ператрусы і затрыманні пачалі з’яўляцца ў бабруйскіх чатах і тэлеграм-каналах каля 8-й гадзіны раніцы 22 студзеня. Трывожная інфармацыя прыходзіла з розных куткоў гораду – некаторыя яшчэ паспелі напісаць, што іхныя дзверы спрабуюць ламаць міліцыянты, пра затрыманні іншых паведамілі сябры і блізкія.

Журналіст Віктар Качан. Фота прадстаўлена рэдакцыі

А 7-й гадзіне прыйшлі да карэспандэнта мясцовай анлайн-газеты «Бабруйскі кур’ер» Віктара Качана.

«Патэлефанавалі ў дзверы, я адчыніў, сказалі, што прыйшлі з вобшукам, – распавядае журналіст. – Паказалі пастанову, патлумачылі, што санкцыя нібыта ў рамках крымінальнай справе аб абразе ці пагрозах – я так і не зразумеў да канца – у дачыненні да нейкіх двух супрацоўнікаў міліцыі. І гэтыя абразы-пагрозы нібыта былі выказаныя ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси». Прычым тут я – мне не патлумачылі».

Ператрус цягнуўся каля дзвюх гадзін. Забралі па выніку кампʼютар, тэлефоны, старыя нататнікі. Віктара павезлі ў УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Там, паводле журналіста, ён проста прасядзеў у кампаніі міліцыянта цягам прыкладна чатырох гадзін. Потым Віктара павялі да супрацоўніка крымінальнага вышуку.

«Там пачалася «палітыка партыі», – кажа бабруйчанін. – Казалі, што Захад – дрэнь, дэмакратыя, незалежная прэса – таксама дрэнь, што рэвалюцыя скончылася, і каб я нікуды не лез. А яшчэ, што яны ўсё пра мяне ведаюць».

Праслухоўваюць – цытавалі побытавыя тэлефонныя размовы

Паводле Віктара, супрацоўнік крымінальнага вышуку пачаў яму цытаваць ягоныя тэлефонныя размовы – зачытваць розныя рэчы, якія журналіст некалі казаў толькі па тэлефоне. Зусім простыя, побытавыя, падкрэслівае Віктар.

«Яны далі зразумець, што цалкам слухаюць мяне, – зазначае карэспандэнт. – Яшчэ казалі – прызнавайся ва ўсім, і проста цяпер спакойна паедзеш да хаты. Я ў адказ пытаўся – у чым прызнавацца? Пра што вы? Я – проста журналіст. Раблю сваю працу. Ні ў чым не ўдзельнічаю, ні ў якай палітыцы».

Журналіст Віктар Качан. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пасля гэтай размовы Віктара разам з яшчэ адной затрыманай жанчынай (ейнае імя журналіст не ведае) павезлі ў Следчы камітэт. Там следчая сказала, што Качана ні ў чым не падазраюць, што ён – проста сведка ў рамках крымінальнай справы. Якой – дакладна Віктар так і не зразумеў. Следчая распытвала мужчыну, на якія тэлеграм-каналы ён падпісаны, якімі прыкладаннямі і мэсенджарамі карыстаецца. Асабліва пыталася пра канал «Каратели Беларуси». Потым папярэдзіла, што журналіста яшчэ могуць выклікаць, і адпусціла дамоў.

Пратакол за несанкцыянаваную акцыю ў лесе

У той жа дзень, 22 студзеня, у Бабруйску правялі ператрусы і затрымалі яшчэ 12 чалавек.

Адным з першых пра ператрус раніцай паведаміў бабруйчанін Андрэй Сініца. Ягоны сын пазней распавёў, што ў пастанове на вобшук значылася крымінальная справа аб абразе супрацоўнікаў міліцыі, мова таксама вялася пра канал «Каратели Беларуси». Калі ўжо знаходзіўся ў міліцыі, Андрэй заявіў свайго сына абаронцай. Хадайніцтва задаволілі, сына пусцілі на апытанне. Так стала вядома, што артыкул у Сініцы ўсё ж адміністратыўны – 23.34 – за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў лясным масіве 2 студзеня. Суд адбудзецца ў панядзелак, 25 студзеня. Да гэтага часу бабруйчанін будзе ў ІЧУ.

Падчас аднаго з вобшукаў ламалі дзверы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Андрэя Сініцу затрымлівалі летась, 15 лістапада, каля бабруйскага помніка ахвярам рэпрэсіяў, куды ён разам са знаёмым прынёс зніч. Тады мужчыну абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на пяць содняў арышту. У Андрэя – няпоўнагадовы сын. Праз некаторы час пасля вызвалення з ІЧУ бабруйчаніну патэлефанавалі са школы і сказалі, што прыйшла папера з загадам правесці сацыяльнае даследаванне наконт пастаноўкі ягонай сям’і на ўлік як сацыяльна-небяспечнай. Але потым сітуацыя супакоілася, і органы апекі больш Сініцаў не непакоілі. Жонка Андрэя баіцца, што цяпер ім зноў можа пагражаць СНС (сацыяльна-небяспечнае становішча).

Па 23.34 падчас пятнічаных арыштаў затрымалі таксама бабруйчанку Алену Стрыгунову. Яе абвінавачваюць паводле арт.23.34 КоАП РБ за фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам. Дзяўчыну пакінулі ў ІЧУ да суда.

Затрымалі медыкаў і шматдзетных бацькоў

Затрыманая сям’я медыкаў – анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Дзмітрый Яскевіч і ягоная жонка, таксама лекарка, Юлія Яскевіч. У чым іх абвінавачваюць, невядома. Імаверна, Дзмітрый праходзіць па крымінальным артыкуле, Юлія – па адміністратыўцы. Яны абодва за кратамі, у той час як дома засталася чатырохгадовая дачка.

Як мінімум да панядзелка за кратамі прабудзе бабруйчанін Яўген Габрэлян. Ягоны бацька Меружан Габрэлян спрабаваў высветліць, дзе сын – у ІЧУ ці СІЗА, але інфармацыю яму не далі, у дзяжурнай частцы распавялі толькі, што з сынам усё добра, і з ім праводзяць следчыя дзеянні.

Спадар Меружан распавёў, што да яго з жонкай прыйшлі з ператрусам а 7-й раніцы. Сын з імі не жыве, толькі зарэгістраваны. Тым не менш, вобшук правялі, забралі сістэмны блок кампʼютара, планшэты, CD дыскі, флэшкі, старыя нататнікі, буклеты «Дзень волі», налепку на аўтамабіль з Пагоняй, Канстытуцыю 1994 года з Пагоняй на вокладцы.

Імёны іншых затрыманых:

  • Дзмітрый Косцін – як паведамілі ягоным родным, суд па адміністратыўнай справе адбудзецца ў панядзелак, 25 студзеня
  • Кацярына Барадаева
  • Сяргей Бяляеў – інваліднасць 3 групы
  • Іван Манько – па словах маці, справа таксама адміністратыўная, суд у панядзелак
  • Лізавета Ліцвінава
  • Дзмітрый Шашко – бацька 5 дзяцей
  • Ірына Сурыгіна – шматдзетная маці
  • Дзмітрый (прозвішча невядомае)

Ноччу ў суботу стала вядома, што чацвярых чалавек пасля апытанняў з УУС даставілі ў лякарню – ім стала блага – Ірыну Сурыгіну, Сяргея Бяляева, Алену Стрыгунову, і яшчэ адну дзяўчыну. Таксама ноччу, пасля допыту ў Следчым камітэце і падпіскі аб неразгалошванні адпусцілі Лізавету Ліцвінаву.

Рэпартаж
«Так вырашыў наймальнік»: звольненыя азотаўцы працягваюць судзіцца за аднаўленне на працы
2021.01.23 07:20

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў