Казахстан падставіў хаўруснікаў. Што чакае Беларусь?


Казахстан ужо паўнапраўны сябра Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Ад сёння гэты статус пачаў дзеяць юрыдычна, пра што абвесціў кіраўнік краіны Нурсултан Назарбаеў.

Такім чынам Беларусь засталася адзінаю ў Еўразійскім саюзе, якая дзейнічае па-за сусветным гандлёвым правам.

«Усяго менш як за чвэрць стагоддзя Казахстан склаўся як суверэнная нацыянальная гаспадарка, улучаная ў глабальную гаспадарчую сувязь як дзяржава, што сталася паўнавартасным удзельнікам сусветнай сям’і нацыяў» – кажа прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Перамовы пра ўступленне Казахстану ў СГА вяліся цягам амаль дваццаці гадоў. Пра далучэнне Астаны стала вядома яшчэ ў ліпені гэтага года, калі бакі падпісалі адпаведны пратакол. Для атрымання паўнапраўнага статусу Казахстан меўся прывесці сваю тарыфную і мытную палітыку ў адпаведнасць з нормамі арганізацыі, што неаднойчы выклікала нервовую рэакцыю з боку афіцыйнага Менску.

«Мы вымушаныя прыстасавацца да таго, што там навараціў з СГА Казахстан. І гэта будзе няпроста, бо там панізілі мыты так, што можа хлынуць прадукцыя на расейскі ды беларускі рынак» – распавядае Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Галоўная небяспека крыецца ў тым, што Казахстан мяжуе з Кітаем. А таму патэнцыйна ён брама, праз якую кітайскія тавары запоўняць беларускі рынак. Пацярпець праз гэта можа і Расея, якая сама сябра СГА з 2012-га года, але на іншых умовах.

«Калі ёсць мяжа – гэта не так складана: на мяжы ўводзяцца бар’еры і ўсё ў парадку. Але ўмова Мытнага саюзу – адсутнасць унутраных мытных межаў» – тлумачыць Уладзімір Арцюгін, часопіс «Валютное регулирование и ВЭД».

Удзел Казахстану ў СГА ставіць пад пытанне і дзейнасць Еўразійскага эканамічнага саюзу ў цэлым. Краінам ЕАЭС будзе больш выгодна гандляваць не паміж сабою, а з іншымі краінамі, што прывядзе да падзення аб’ёмаў гандлю ўнутры саюзу, мяркуюць аналітыкі.

Што да ўдзелу Беларусі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, то, паводле Лукашэнкі, няўдзел у ёй можа быць больш карысны, чым далучэнне. З такою, зрэшты, ацэнкаю згодны і эканаміст Леў Марголін.

«Уступленне ў сусветную гандлёвую арганізацыю накладае на краіну дастаткова жорсткія ўмовы» – упэўнены Леў Марголін.

Якія моцна абмяжуюць урад Беларусі, які, як вядома, не цураецца «шэрых» схемаў і часта шукае выгадаў ад палітычных канфліктаў сваіх партнёраў.

Вольга Жарнасек, Belsat.eu

Стужка навінаў