Казахстан: Крэмль супраць дачкі Назарбаева

ВІДЭА

Хто выбірае другога прэзідэнта Казахстану на будучых датэрміновых выбарах: народ, Нурсултан Назарбаеў, а можа, маскоўскі Крэмль? Ужо месяц гэтая краіна жыве без прэзідэнта Назарбаева – і адначасова з ім. Як гэта: добраахвотна аддаць уладу і пры гэтым усё кантраляваць? Чым не ідэальны сцэнар для Аляксандра Лукашэнкі, які пільна сочыць за зменамі палітычных элітаў на постсавецкай прасторы? Падрабязнасці – у рэпартажы з Казахстану Аркадзя Несцярэнкі і Дзяніса Дзюбы.

«Нур-Султан – не мая сталіца. Такаеў – не мой прэзідэнт. Дарыга – не мой спікер сенату», – сацыяльныя сеткі аператыўна адрэагавалі акцыяй.

Але за месяц на вуліцах сталіцы Казахстану не паспелі нават замяніць турыстычных банераў. На парадку дня – датэрміновыя выбары прэзідэнта.

Пазачарговыя выбары (тут яны практычна заўсёды пазачарговыя) прызначаныя на 9 чэрвеня. На палітычнай сцэне два цяжкавагавікі: старшыня Сенату, дачка першага прэзідэнта Дарыга Назарбаева і выканаўца абавязкаў прэзідэнта Касым-Жамарт Такаеў. І над усімі – фігура Елбасы, лідара нацыі, старшыні Савету бяспекі Казахстану Нурсултана Назарбаева.

У аўторак прэзідэнцкая партыя «Нур Атан» афіцыйна вылучыла Касым-Жамарта Такаева кандыдатам у прэзідэнты. З такім наказам, які прагучаў на з’ездзе, прайграць выбары, здаецца, немагчыма.

Нурсултан Назарбаеў, першы прэзідэнт Казахстану:

«Дыпламатычны досвед Касым-Жамарта Такаева высока ацанілі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Як вы ведаеце, ён займаў пасаду намесніка Генеральнага сакратара ААН. На пасадзе старшыні Сенату Такаеў зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё парламентарызму. Усе гэтыя гады ён быў маім верным паплечнікам, падтрымліваў ініцыятывы дзеля развіцця нашай краіны. Я яму цалкам давяраю».

В Казахстане проведут честные выборы?

Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў сакавіку 2015 года, Назарбаеў набраў 97,75 % галасоў. Новаму прэзідэнту, вядома, такога выніку паўтарыць не дазволяць, упэўненыя ў Казахстане. Не на камеру на вуліцах уладу крытыкуюць і за невысокія заробкі – разам з коштамі на нафту апошнія тры гады тут падалі і прыбыткі насельніцтва, і за адсутнасць рэальнай палітычнай альтэрнатывы. На камеру ж гучаць асцярожнейшыя ацэнкі.

Жыхары г. Алматы, Казахстан:

«Я прагаласавала б за Такаева. Інтэлігентны, удумлівы, прыемны».

«Я не ведаю, хто там, але як бы ні было, старых байцоў – не хачу. Яны так дасталі».

«Я б аддала свой голас за Касым-Жамарта Такаева. Я цалкам давяраю выбару першага прэзідэнта, я лічу, што ён годны кандыдат».

З меркаваннем вуліцы згаджаецца і палітычны эксперт Віктар Каўтуноўскі. Ён упэўнены, што прэзідэнтам Казахстану будзе абраны Такаеў. На думку нашага суразмоўцы, працэдура транзіту ўлады тут залежыць ад пазіцыі Крамля. Менавіта Пуцін не дазволіў перадаць уладу старэйшай дачцэ першага прэзідэнта Казахстану.

«Я не ведаю, з якое прычыны, але відавочна, што Дарыга не задавальняла Крэмль. Тут можна толькі гадаць, спекуляваць, што гэта можа быць. Можа, Пуцін проста не прызвычаіўся мець справаў з жанчынаю. Вы ведаеце, вельмі шмат якія пытанні на постсавецкай прасторы выбудоўваюцца ў гэткай кулуарнай мужчынскай абстаноўцы. Можа, у Пуціна няма ўпэўненасці ў тым, што Дарыга ўтрымае ўладу, што не ўзнікне вакол яе нейкага браджэння. Увогуле ёсць нейкія прычыны, з якіх Крэмль адкінуў ейную кандыдатуру», – лічыць Віктар Каўтуноўскі, эксперт Фонду развіцця парламентарызму ў Казахстане.

Выборы в Казахстане: возможные кандидаты

За транзітам улады, які запусцілі ў Казахстане, пільна будуць сачыць не толькі ў Маскве, але і ў Менску. Аляксандру Лукашэнку таксама рана ці позна давядзецца сыходзіць. Пытанне, каму даверыць не толькі сваю бяспеку, але і бізнес-актывы эліты, можа вырашацца гадамі. У Казахстане розныя сцэнары транзіту абмяркоўвалі з 2012 года. У Менску ўжо другі год кажуць пра неабходнасць перагляду Канстытуцыі.

Каментуе Яўгеній Жоўціс, казахскі праваабаронца і грамадскі дзеяч:

«Я цалкам перакананы, што эліта і сам прэзідэнт Назарбаеў не дапусцяць, каб прэзідэнтам стаў чалавек, які акумулюе такія ж паўнамоцтвы, як былі ў Назарбаева. Таму паўнамоцтвы прэзідэнта будуць паволі абразаць, ён не зможа зрабіцца Назарбаевым-2. Уладу размажуць. У тым ліку праз Савет бяспекі і праз паўнамоцтвы, якія мае Назарбаеў як старшыня Савету бяспекі. Мы пойдзем ад суперпрэзідэнцкай рэспублікі, якую цяпер маем, да прэзідэнцкай або нават да прэзідэнцка-парламенцкай».

Казахстану, з аднаго боку, ёсць чым пахваліцца: у галоўных універсітэтах адукацыя на англійскай мове, эканамічны рост, інвестыцыі ў інфраструктуру, планы да 2050 года ўвайсці ў трыццатку найбольш развітых краінаў. На фоне суседзяў не толькі ў Сярэдняй Азіі, але і той жа Расеі – краіна сапраўды вылучаецца.

«Галоўныя адрозненні, якія ёсць у нас, – гэта безумоўны эканамічны рост, рост эканомікі, вельмі вялікія інвестыцыі. Толькі за апошнія дзесяць гадоў Казахстан прыцягнуў 221 млрд долараў ЗША наўпроставых замежных інвестыцыяў. Казахстан – абсалютны лідар у гэтым паказніку ў СНД. У 2018 годзе на душу насельніцтва Расея прыцягнула 60 долараў наўпроставых замежных інвестыцыяў, Казахстан – 1337 долараў наўпроставых замежных інвестыцыяў на аднаго чалавека», – кажа Рахім Ашакбаеў, дырэктар цэнтру прыкладных даследаванняў «Талап», Казахстан.

З іншага боку – зачышчанае палітычнае поле. У сярэдзіне 2000-х былі забітыя міністр інфармацыі Алтынбек Сэрсенбаюлы і мэр Алматы Заманбек Нуркадылаў. За апошнія гады ўлады навучыліся кантраляваць усё – ад «Фэйсбуку» да акцыяў грамадскіх актывістаў. Каб усё заставалася па-старому.

Уладзімір Казлоў, экс-кіраўнік незарэгістраванай партыі «Алга!» з Казахстану мяркуе:

«У нас няма новай улады. Такаеў – гэта ніякая не новая ўлада. У нас цяпер наагул нейкі малпавы рэжым, зусім не зразумелы. Ёсць першы прэзідэнт, ёсць невядома які прэзідэнт, ён сядзіць на нарадзе ў першага прэзідэнта. Першы прэзідэнт выклікае да сябе на нараду міністра абароны, у гэты момант прэзідэнт выклікае намесніка міністра. Тое, што цяпер адбываецца, гэта нават не цырк, гэта штосьці нашмат дурнейшае».

На гэтым тыдні на форум «Адзін пояс – адзін шлях» у Кітай паехаў не дзейны, а першы прэзідэнт Казахстану. Мабыць, у Пекіне пэўныя, што дамаўляцца дагэтуль трэба з Назарбаевым. Такаеў, у сваю чаргу, першы замежны візіт здзейсніў у Расею. Нягледзячы на прадказальны вынік чэрвеньскіх выбараў, суразмоўцы «Белсату» ўпэўненыя: уладам будзе патрэбная высокая яўка, каб завяршыць транзіт улады.

Беларуская кава і сыр пармезан: што беларусы вязуць у Казахстан

Тым часам Касым-Жамарт Такаеў заклікае паставіцца да будучых выбараў адказна. Маўляў, ад рашэння выбарнікаў залежыць будучыня краіны і лёс кожнай казахстанскай сям’і.

Аднак заклікі Такаева не ўсіх пераконваюць. У Казахстане шмат для каго можа быць шокам сам факт адсутнасці прозвішча Назарбаева ў выбарчых бюлетэнях, кажуць суразмоўцы «Белсату».

«У Казахстане ніколі не было сумленных выбараў. І вось гэтыя выбары, якія запланаваныя на 9 чэрвеня, – гэта не выбары, і ўдзельнічаць у гэтым цырку я не збіраюся», – упэўнены Алімжан, жыхар гораду Нур-Султан.

Такаеў і Лукашэнка практычна аднагодкі. Абодва могуць пахваліцца тым, што ў буйных гарадах Беларусі ды Казахстану сярэднія заробкі каля $ 500. Але калі першы толькі пачынае кар’еру пераемніка, то Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей гаворыць пра новую Канстытуцыю, якая можа змяніць дызайн улады ў Беларусі. І з усіх зменаў на постсавецкай сцэне казахстанскі транзіт можа аказацца найбліжэйшым афіцыйнаму Менску.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 26.04.2019

Нафтавы бардак у Расеі ці захоп беларускіх НПЗ? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Глядзі таксама
Каментары