Кавалер французскага ордэна Ганаровага легіёна, які навучаў беларускіх мастакоў


Сусветна вядомы пейзажыст праславіўся, дзякуючы краявіду ля Валожына, а пасля падтрымаў беларускага мастака. 

Цяпер беларусы змогуць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю вядомага польскага пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара ды педагога Фэрдынанда Рушчыца, які выкладаў у беларускіх мастакоў Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука ды Язэпа Горыда.

З друку выйшаў першы ў гісторыі Беларусі альбом твораў польскага мастака Фэрдынанда Рушчыца, які нарадзіўся і цягам усяго жыцця быў звязаны з Валожыншчынаю. Гэта 18-е выданне серыі «Славутыя мастакі з Беларусі», заснаванай генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімірам Пракапцовым. 

Адным з самых вядомых твораў Фэрдынанда Рушчыца (1870-1936) стала «Зямля», якую ён, маючы ўсяго 28 гадоў, намаляваў у роднай сядзібе Багданава (цяпер – Валожынскі раён). Там ён нарадзіўся, туды вяртаўся, там жа памёр і быў пахаваны.

Шчаслівы дэбютант, якога купіла Траццякоўка

Род Рушчыцаў паходзіў з-над Буга і належаў да гербу «Ліс». Бацька Эдвард быў капітанам царскай арміі. Маці Альвіна (з дому Мюн­) паходзіла з Даніі, ейны бацька быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фэрдынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард.

Пасля Менскай гімназіі Фэрдынанд скончыў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна ды Архіпа Куінджы. Карціну выпускніка Рушчыца «Вясна» падчас дыпломнай выставы набыў для сваёй галерэі Павел Траццякоў. Неўзабаве адбылася яшчэ адна выгадная здзелка: пейзаж «Зімовы млын» прыпаў да густу маскоўскаму калекцыянеру ды мецэнату Саве Марозаву. За гэтыя грошы Рушчыц змог дазволіць сабе падарожжа па Еўропе: Берлін, Кёльн, Парыж, Дзюнкерк, Остэндэ, Брусель, Базель, Люцэрн, Лугана, Мілан, Венецыю ды Вену. А вярнуўшыся ў Багаданава, намаляваў славутую «Зямлю», якая зрабіла яго зоркаю першай велічыні ў вачах варшаўскай крытыкі.

Славутая «Зямля» Фердынанда Рушчыца. Багданава, 1898 год

У Варшаве ён стаў адным са стваральнікаў і прафесарам Школы мастацтваў (1904-07). Пасля год кіраваў кафедраю пейзажу ў Акадэміі мастацтва ў Кракаве. Не прыжыўшыся там, з’ехаў у Вільню. У 1919-м там аднавіў дзейнасць старажытны ўніверсітэт, дзе Рушчыц дапамог стварыць факультэт мастацтва і стаў ягоным першым дэканам.

Набыў малюнак беларускага мастака

У тую ж восень вакол муроў вучэльні шпацыраваў будучы беларускі мастак Пётра Сергіевіч, але парог пераступіць не вырашаўся. Проста імкнуўся больш маляваць і праз некаторы час са сваім даробкам усё ж такі пагрукаўся ў дзверы дэканата мастацкага факультэта. Фэрдынанд Рушчыц адзін з малюнкаў – фрагмент тых жа ўніверсітэцкіх муроў – у выніку набыў. «Выскачыў ад яго без памяці», – пісаў Сергіевіч аб сваім уражанні ад першай сустрэчы. A ужо ў 1920-м стаў вольным слухачом факультэта, дзе Рушчыц выкладаў жывапіс і, у прыватнасці, пейзаж. Ягонымі выхаванцамі былі таксама беларускія мастакі Міхась Сяўрук і Язэп Горыд.

У 1921-м Фэрдынанд Рушчыц арганізаваў у Парыжы першую афіцыйную выставу польскага мастацтва, за што французскі ўрад узнагародзіў яго ордэнам Ганаровага легіёна.

Фэрдынанд Рушчыц «Ля касцёла». Багданава, 1899 год

У Беларусі да нядаўняга часу захоўвалася толькі адна карціна мастака – «Ля касцёла» з выяваю храма ў Багданаве (зборы Нацыянальнага мастацкага музею). Яшчэ дзве сёлета набыў Белгазпрамбанк для сваёй калецыі: «Пейзаж. Вілія» ды «Пуня і азярод».

Унук Фэрдынанда Рушчыца, таксама Фэрдынанд, пайшоў шляхам дзеда: стаў мастацтвазнаўцам, узначальваў у Варшаве Нацыянальны музей (1995-2007). Ён не раз прыязджаў у Беларусь.

Інга Астраўцова, belsat.eu

На перадпраглядзе: Фердынанд Рушчыц. Фота polskaprowincja.pl[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў