Гэты камень можна было памяняць на нявольніка. Унікальныя бурштынавыя вырабы ўпершыню прывезлі ў Беларусь


Скульптура “Святы Ёдокус”, навуковая рэканструкцыя вырабу 17 ст. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Бурштынавы кракадзіл і конь, прыгожыя вазоны, скрынкі і шкатулкі, а таксама каштоўны камень вагаю ў адзін кілаграм, – гэта толькі маленькая частка таго, што можна пабачыць на новай выставе ў Горадні.

Выстава «Золата Балтыкі» упершыню ў Беларусь прывёз Калінінградскі музей бурштыну.

Пачынаючы са старажытных часоў бурштын лічыўся каштоўным каменем, якім упрыгожвалі сябе ўладары старажытных імперыяў. У Калінінградскай вобласці знаходзіцца самае вялікае радовішча бурштыну ў свеце – больш за 80 % сусветных запасаў.

Бурштынавы кракадзіл. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Што такое бурштын?

На адкрыцці выставы пра гісторыю каменя распавяла загадчыца выставачнага аддзелу Калінінградскага музею бурштыну Лысова Таццяна Ігараўна. Як аказалася, бурштын – гэта закамянелая смала старажытных іглічных дрэваў, якія раслі 50–45 мільёнаў гадоў таму на тэрыторыі сучаснага Балтыйскага мора і на поўдні Скандынаўскай паўвыспы.

Шкатулка “Кёнігзберг” з выявамі каралеўскага палацу і герба горада. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Скульптура “Георгій пераможца”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Калі вага бурштыну сягае 300 грамаў, то ўжо гэты камень лічыцца ўнікальным і вельмі каштоўным. Мы да вас прывезлі бурштын вагаю 1 кілаграм. Агулам у свеце ёсць 6 відаў бурштыну, але менавіта Балтыйскі – самы моцны і самы прыгожы, за кошт шматлікіх залацістых адценняў, якімі не могуць пахваліцца радовішчы ў той жа Японіі ці Мексіцы. Таму яшчэ 6000 гадоў таму нашыя продкі верылі ў містычныя ўласцівасці бурштыну. Дарэчы ў больш познія старажытныя часы, акрамя «ядвабнага», існаваў «бурштынавы шлях» з самога Рыму да Балтыкі.

Скульптура “Конь”, 1997, аўтарства Казарына Н.В. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У свой час імператар Нейрон загадаў прывезці залацісты камень у імперыю, дык войскі прывезлі столькі бурштыну, што ім не толькі ўпрыгожвалі мячы і дзіды гладыятараў, але і наўпрост раскідвалі па арэне», – кажа спадарыня Таццяна.

Кавалак бурштыну каштаваў як адзін здаровы нявольнік

Скульптура “Іканапісец”, 1964 г. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Наколькі цаніўся бурштын? Як распавядае спадарыня Таццяна, у старажытным Рыме невялікі кавалак бурштыну можна было памяняць на здаровага нявольніка. Пазней, калі Тэўтонскі ордэн заваяваў тэрыторыю Усходняй Прусіі, была выдадзеная т.зв. «бурштынавая грамата», згодна з якой мясцовым жыхарам увогуле забаранялася валодаць бурштынам. Людзі павінны былі аддаваць усё, што знаходзілі, інакш іх проста маглі павесіць або калесаваць. Грамату адмянілі толькі ў 17 ст., пасля чаго пачынаецца бурлівае развіццё бурштынавай гаспадаркі.

Прыклад унікальнага каштоўнага бурштыну, вагаю ў 1кг. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Увогуле 16-18 ст. гэта росквіт вырабаў з бурштыну, якімі займаліся лепшыя ювеліры. Мы прывезлі навуковыя рэканструкцыі тагачасных вырабаў, якія захоўваліся ў каралеўскім замку Кёнігсбергу. У часы апошніх войнаў унікальная калекцыя была страчана, аднак засталіся дэталёвыя факсімільныя выявы, па якім удалося рэканструяваць гэтыя сапраўдныя творы мастацтва. І на сённяшні момант наш музей мае іх каля 30-ці», – распавядае Таццяна Ігараўна.

«Нямецкае золата» – рускі трафей

У 19 ст. бурштын сталі называць у свеце «нямецкім золатам». Спачатку яго проста прадаюць як сыравіну, а потым пачынае развівацца масавая прадукцыя вельмі дарагіх бурштынавых рэчаў для сусветнай арыстакратыі.

Шкатулка “Кёнігзберг” з выявамі каралеўскага палацу і герба горада. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Скульптура на выставе “Золата Балтыкі”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Разнастайная біжутэрыя, скрынкі, посуд, гадзіннікі – усё гэта ўпрыгожваецца фантастычнымі скульптурамі, звязанымі з міфамі Старажытнай Грэцыі. Пасля Другой сусветнай вайны краіны пераможцы падзялілі Усходнюю Прусію на тры часткі: па кавалку балтыйскага ўзбярэжжа атрымалі Польшча і Літва, але самы каштоўны – Калінінградскую вобласць, пакінуў сабе СССР. Як узгадавалася раней, менавіта тут знаходзіцца самае вялікае сусветнае радовішча бурштыну. На месцы нямецкіх мануфактур Савецкі саюз будуе ўласны бурштынавы завод і таксама пачынае масавую прадукцыю, толькі ўжо на савецкі густ. Замест фаўнаў і німфаў на вырабах з бурштыну з’яўляюцца Крэмль.

«Камень дыктуе, што зробіць мастак»

Калінінградскі музей бурштыну прывёз у Горадню 153 экспаната, сярод які ёсць прыклады мастацтва 16-18 ст., вырабы савецкіх майстроў, а таксама сучасныя скульптуры і ўпрыгожванні з бурштыну.

Посуд для ікры з бурштыну. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Вельмі часта сучасныя мастакі на пачатку працы нават не ведаюць, што атрымаецца з каменя. Яны бяруць кавалак бурштыну, замочваюць яго, з аднаго боку здымаюць корачку і пачынаюць глядзець. І тады ўжо камень сам пачынае дыктаваць, што рабіць мастаку. Дарэчы, апрацоўка каменю здзяйсняецца той жа самай машынкай, якая стаіць у кожнага стаматолага», – дадае спадарыня Таццяна.

Настольнае бурштынавае люстэрка.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Выставу «Золата Балтыкі» можна паглядзець у Музеі рэлігіі ў Горадні да 8 кастрычніка.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў