Катынскае злачынства – таксама беларуская трагедыя. Інтэрв’ю з гісторыкам Мельнікавым


Беларусы паступова ўсведамляюць, што катынскае злачынства – гэта не толькі забойствы палякаў, але і іх суайчыннікаў. Пра «беларускі катынскі спіс» і сталінскія пакаранні смерцю ў Менску мы пагутарылі з незалежным гісторыкам Ігарам Мельнікавым.

– Спадар доктар, 80-ты юбілей Катыні адзначаецца ня толькі ў Польшчы. Гэты трагічны эпізод нашай гісторыі ўспамінаюць таксама і ў беларускім незалежным асяроддзі. Такім чынам, узнікае пытанне, у якой ступені катынскае злачынства вядома беларусам?

– Тэма цяпер больш вядомая, чым у пачатку 90-х. Пры тым, што доўгі час злачынства ўспрымалася выключна як польскае пытанне, далёкае ад спраў Беларусі. І вельмі моцна на гэта паўплываў «анты-Катынскі» рух з Расеі, які нагадвае пра трагічны лёс бальшавікоў, узятых у палон пад Варшавай у 1920 годзе. Гэтая тэма падавалася ў падручніках і манаграфіях, як праблема Расеі і Польшчы, якая не мае дачынення да Беларусі.

Аднак зараз можна канстатаваць, што праўда аб Катыні ўжо дайшла да Беларусі. У асноўным дзякуючы беларускай апазіцыі і беларусам, якія спрабуюць абараніць незалежнасць. Аднак дагэтуль мае суайчыннікі не разумеюць, што катынскае злачынства – гэта цэлы комплекс сталінскіх злачынстваў супраць грамадзянаў II Рэчы Паспалітай.

НКУС забіваў польскіх афіцэраў і паліцэйскіх незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. У масавых магілах таксама спачываюць беларусы, украінцы і рускія. Фота прадстаўлена Катынскім музеем

Прывяду прыклад. Цягам апошніх дзён я перакладаў для ІНП-у [Інстытуту нацыянальнай памяці (Польшча) – заўв. рэд.] на рускую мову цікавую кнігу пад назвай «Катынскае злачынства». Там пералічаныя ўсе месцы гібелі. А потым я даў яе пачытаць маім бацькам. Для іх гэта было нешта новае, хоць яны цікавяцца гэтай тэмай. Іх здзівіла, што паняцце катынскага злачынства адносіцца і да Асташкова, Пяціхатак, Харкава, Меднага, Быкаўні і Кіеву. Да гэтага спісу таксама трэба дадаць месцы пакаранняў на тэрыторыі Беларусі, у асноўным у Менску.

Уся праблема ў тым, што ў Беларусі па гэтым пытанні не хапае ведаў. Таму катынскае злачынства разглядаецца як злачынства, здзейсненае толькі ў адным месцы. Толькі цяпер у Беларусь прыходзіць разуменне, што гаворка ідзе пра забойствы ў розных месцах, а ахвярамі сталі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў.

– Ці беларусы ведаюць, што гэтыя забойствы адбываліся і на тэрыторыі Беларусі?

– Самае страшнае, што апошняй катынскай таямніцай з’яўляецца лёс тых амаль 4 тысяч чалавек, якіх забілі на тэрыторыі Беларусі. Іх утрымлівалі ў двух турмах у Менску, а забівалі ў розных кропках пад горадам.

Трэба падкрэсліць, што беларусы ведаюць пра «беларускі катынскі спіс». Аднак, я думаю, у іх няма свядомасці, што катынскае злачынства – гэта не толькі Катынь, але і мноства забойстваў у тым ліку і ў Беларусі.

«Беларускі катынскі спіс» – гэта 3870 прозвішчаў грамадзянаў II Рэчы Паспалітай, лёс якіх дагэтуль невядомы. Гэтая лічба вынікае з дакументу Лаўрэнція Берыі аб размяшчэнні турмаў на тэрыторыі заходніх вобласцяў БССР. Мы не ведаем усіх імёнаў, таму што гэтыя дакументы схаваныя ў архівах.

У сваёй кнізе «Верасень 1939. Магілы «неаб’яўленай» вайны» я прысвяціў гэтым людзям цэлы раздзел. Але гэта ўсяго толькі рэканструкцыя, створаная на падставе сваяцкіх сувязяў асобаў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. Доўгі час казалі, што яны зніклі на тэрыторыі Беларусі, а цяпер вядома, што яны там загінулі.

Адным з такіх «зніклых» быў Юзэф Голомб – начальнік паліцыі ў вёсцы Азяты пад Кобрынам. Яшчэ 11 лістапада 1939 года жонка Вольга пісала яму па-расейску ў пінскую турму. Фота прадстаўлена Катынскім музеем

Павольна, цягам апошняга дзесяцігоддзя, да маіх суайчыннікаў пачало прыходзіць разуменне, што «беларускі катынскі спіс» – гэта злачынства супраць тых, хто нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку этнічных беларусаў. Але я думаю, што ім бліжэй тэма дэпартацый у 1940 і 1941 гадах, чым забойствы польскіх афіцэраў вясной 1940 года.

– Як гэта магчыма, калі гэтых людзей забівалі ў месцы, якое для шмат каго з беларусаў святое – у Курапатах?

– Для беларусаў гэтае месца з’яўляецца сімвалам расстрэлаў 30-х гадоў. НКУС пахаваў там беларускую інтэлігенцыю, расстраляную ў 1937 годзе і ахвяр польскай аперацыі ў 1938 годзе. І тут раптам паступае інфармацыя, што ў 1940 годзе ў Курапатах расстрэльвалі таксама ўзятых у палон польскіх афіцэраў.

Я быў у шоку, калі ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Менску ўбачыў артэфакты з ямаў смерці ў Курапатах. У тым ліку і грэбень, на якім напісана па-польску: «Цяжкія часы зняволенага. Менск 25 04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да вар’яцтва».

Гэта паказвае, што там пахавалі палякаў, але не забітых у 1938 годзе, а толькі вясной 1940 года. Гэта доказ таго, што ў Курапатах пахаваныя польскія афіцэры з «беларускага катынскага спісу».

– Дадамо, што расстрэльвалі іх не толькі ў Курапатах. Даследчыкі называюць і іншыя месцы.

– Так, гэта, між іншым, парк Чалюскінцаў, стары аэрапорт Менск-1, каталіцкія Кальварыйскія могілкі, Камароўка [цяпер рынак – заўв. рэд.] і, вядома, Трасцянец. Парк Чалюскінцаў быў палігонам НКУС яшчэ ў 20-я гады. Цяпер там стаіць помнік ахвярам. Але засталася і вузкакалейка, па якой НКУС вазіў людзей на расстрэл. Яна не была знесена пасля вайны і дасюль ужываецца як дзіцячая чыгунка.

 

Але і ў саміх Курапатах шырока вядома галоўнае месца пакарання, там, дзе цяпер знаходзіцца месца памяці. А насупраць гэтага лесу – поле, на якім стаіць крыж. Людзі ўспамінаюць, што калі там ставілі дамы, з ям даставалі чэрапа.

– Мы можам вызначыць, колькі этнічных беларусаў было тады пакарана?

– На жаль, няма такой статыстыкі, якая б улічвала ўсіх забітых беларусаў ці народжаных на тэрыторыі Беларусі. Дакладную колькасць ахвяр мы маем, калі гаворым аб Катыні і іншых месцах, дзе праводзіліся эксгумацыі. З тых людзей, якія пахаваныя там, мы ведаем, хто быў родам з Заходняй Беларусі ці паўночна-ўсходніх губерняў II Рэчы Паспалітай.

З другога боку, з іншых крыніц мы ведаем частку прозвішчаў з «беларускага катынскага спісу» і ведаем, хто з іх, безумоўна, меў этнічную прыналежнасць да беларускага народа. У шмат якіх выпадках няма сумневаў, што яны былі беларусамі. У гэтым спісе ёсць такія прозвішчы, як сенатар II Рэчы Паспалітай Вячаслаў Багдановіч [віцэ-прэзідэнт Беларускага Нацыянальнага камітэту ў Вільні – заўв. рэд.]. У 1939 годзе ён апынуўся ў лагеры ў Бярозе-Картускай як праціўнік аўтакефаліі.

Трэба памятаць, што забітыя ў Беларусі польскія вайскоўцы, такія як Марыян Кавалічка і паліцыянты, такія як Давідзюк, таксама часта былі звязаны з гэтай зямлёй на працягу стагоддзяў. Іх сем’і жылі на тэрыторыі Беларусі ад дзеда-прадзеда.

Яшчэ ў лістападзе людзі з «беларускага катынскага спісу» маглі пісаць дамоў. Вышэй адказ паліцэйскага Гуз

– Чаму беларускі спіс да гэтага часу застаецца загадкай?

– Гэтая тэма вяртаецца, калі паміж Варшавай і Менскам адбываюцца нейкія моманты пацяплення. Тады палякі спрабуюць даведацца больш фактаў аб ліквідацыі польскіх палонных у 1940 годзе, але беларускі бок працягвае маўчаць.

Пытанне, якое трэба ўздымаць, заключаецца ў тым, дзе знаходзяцца гэтыя дакументы. Афіцыйна беларускія ўлады кажуць: «у нас няма ніякіх дакументаў аб катынскім злачынстве». Што не зусім з’яўляецца праўдай, таму што ў 90-я гады сем’і катынскіх ахвяр звярталіся ў беларускае КДБ і атрымлівалі даведку аб тым, што іх сваяк быў расстраляны. У сваёй кнізе «Верасень 1939. Магілы «неаб’яўленай» вайны» я маю гэтыя дакументы, нават з беларускім гербам Пагоні. У іх апісаны лёс гэтых людзей з тых часоў, як яны былі ўзятыя ў палон.

Прыкладам можа служыць гісторыя Станіслава Кулецкага. Гэта быў сяржант Корпуса аховы памежжа, які быў схоплены НКУС і закатаваны ў менскай турме. Дакументы па справе Кулецкага знаходзяцца ў архіве КДБ.

Таксама Вольга Голомб, як жонка польскага паліцэйскага, падвяргалася пераследу з боку савецкіх службаў. Вышэй пратакол аб ператрусе яе кватэры. Фота прадстаўлена Катынскім музеем

– Вы думаеце, гэта ўсё яшчэ магчыма, ці гэта было магчыма 25 гадоў таму?

– Так, бо дагэтуль у КДБ звяртаюцца людзі, напрыклад, з пытаннямі пра лёс дэпартаваных. Яны таксама атрымліваюць даведкі па справах удзельнікаў антысавецкага падполля 1944-1945 гадоў. У пачатку XXI стагоддзя яшчэ можна было атрымаць копію гэтых дакументаў. Зараз выдаюцца даведкі з нумарам справы.

– Таму найлепшы спосаб даведацца праўду пра лёс гэтых людзей – звярнуцца ў архіў КДБ. І калі асобы, якія пытаюцца, маюць сваяцтва з ахвярай, яны атрымаюць інфармацыю. Яны не ўбачаць справы, не даведаюцца пра месца расстрэлу, але атрымаюць інфармацыю аб тым, што з ім здарылася.

З гісторыкам Ігарам Мельнікавым размаўляў Пётр Яворскі / НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў