Кацярыне Андрэевай не далі спаткацца з мужам


Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева на судзе пасля затрымання на плошчы Пераменаў у Менску 27 жніўня 2020 г. У РУУС на яе склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). На судзе Андрэевай дадаткова закідалі, што яна нібыта крычала «Жыве Беларусь». Менск, Беларусь. 28 жніўня 2020 г.
Фота: belsat.eu

Журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай, у дачыненні якой за працу на плошчы Пераменаў распачалі крымінальную справу, адмовілі ў спатканні з мужам.



Адпаведную пастанову за подпісам старэйшага следчага Фрунзенскага РАСК Ігара Курыловіча атрымаў муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш. Следчы тлумачыць адмову ў спатканні тым, што Кацярына «можа схавацца ад органу крымінальнага пераследу і суда».

«Лічу пастанову Курыловіч неабгрунтаванай, а матывавальную частку гэтай пастановы – пазбаўленай усялякага сэнсу. У сваім хадайніцтве я прасіў не аб змене меры стрымання для Каці, а толькі аб спатканні», – каментуе сітуацыю Ігар.

Hавiны
СК адмовіўся вызваліць журналістку Кацярыну Андрэеву пад парукі Андрэя Бастунца і вядомых журналістаў
2021.01.02 15:24

Таксама Фрунзенскі РАСК адмовіўся вяртаць тэхніку, сканфіскаваную ў Ігара Ільяша падчас затрымання ва ўласнай кватэры 24 лістапада. Тады журналіста пакаралі 15 соднямі арышту. Кіруючыся пастановаю аб арышце маёмасці Кацярыны Андрэевай у Ільяша забралі асабістую тэхніку – у тым ліку два тэлефоны і ноутбук. Следчы Курыловіч адмовіўся вяртаць тэхніку, бо прадметы былі прызнаныя «рэчавымі доказамі» ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай.

Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля стрыму з разгону сілавікамі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў