«Кацярына – гераіня рэдакцыі Белсат». Брат Наталлі Херше распавёў пра нашу журналістку

І заклікаў пісаць ёй лісты.

У Менску зараз судзяць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Херше. Яе абвінавачваюць у супраціве праваахоўніку з ужываннем гвалту на жаночым маршы 19 верасня, пагражае да пяці гадоў зняволення.

Генадзь Касьян, брат Наталлі Херше, распавёў, як яна сядзела з Кацярынай Андрэевай. Кажа, што Кацярына – гераіня Белсату.

Журналістка belsat.eu Кацярына Андрэева. Фота: belsat.eu

– Перад яе этапаваннем на Валадарскага ў вечар у камеру прывялі Кацярыну Андрэеву. Наталля распавяла аб гэтым у лісце, – кажа мужчына. – Правялі там цэлую ноч. Я думаю, што яны сталі сяброўкамі. Бо Кацярына таксама па палітычнай справе там апынулася. Наташа вельмі сумавала, што за ўвесь тэрмін яе знаходжання ў Жодзіна ні аднаго палітычнага не прывялі, усе сядзелі па агульных крымінальных справах. Я думаю, што яна пазнаёмілася з Кацярынай Андрэевай. Вельмі яе паважаю. Я таксама напісаў ёй ліст пасля яе затрымання. Гэта гераіня вашай рэдакцыі Белсат, якая не напужалася, нягледзячы на гэты страх, на гэты гвалт, на тое, што ў любы момант могуць уварвацца сілавікі, яна да канца правяла гэты стрым, паказала ўсяму нашаму народу, што было на плошчы Пераменаў, калі яе ліквідавалі сілавікі. Гэта бачыў кожны. І за гэта сёння дзяржава ёй помсціць.

IK, belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

 

Hавiны