Кацярына Андрэева – тэлевізійная асоба года


13 гадоў таму «Белсат» распачаў вяшчанне. Традыцыйна ў гадавіну падводзім вынікі працы нашых калегаў і абвяшчаем пераможцаў намінацыяў.

Тэлевізійная асоба года – Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева зрабіла безліч матэрыялаў. Апошні стрым быў з плошчы Пераменаў, адтуль разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай яе забралі сілавікі. Сёння дзяўчыны знаходзяцца ў Жодзінскай турме. Іх вінавацяць паводле крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Спадзяемся хутка пабачыць іх на волі.

Фільм года – «Гульня без правілаў», рэж. Антось Цялежнікаў

Дзве часткі дакументальнага фільму паказваюць, на чым Аляксандр Лукашэнка выбудаваў палітычную кар’еру і як у яго атрымалася захапіць уладу на такі доўгі час.

Рэпарцёрскі матэрыял года – цыкл «Без рэтушы»

У гэтым годзе ўзнагароду атрымлівае цэлы цыкл рэпартажаў. Шчырыя, прыгожыя, добрыя, стомленыя, часамі вясёлыя, часамі сумныя, знявечаныя, моцныя – такімі былі Беларусь і беларусы ў аб’ектывах нашых дакументалістаў.

Асаблівую ўвагу варта звярнуць на серыю рэпартажаў «Пайсці і не вярнуцца» пра загінулых падчас паслявыбарчых падзеяў.

Найлепшая публіцыстычная праграма – «Хай так TV»

Самае сакрэтнае, самае незалежнае і самае смелае беларускае тэлебачанне працягвае жорстка высмейваць рэчаіснасць. Менавіта яны аўтары ўжо неўміручага гімну «ябацек» – «Цвет эціх пальцев сіній».

Інтэрнэт-матэрыял года – «Выбары ў Беларусі на «Белсаце. ОНЛАЙН»

Нягледзячы на перашкоды з інтэрнэтам, выбухаючыя святлошумавыя гранаты і кулі над галовамі нашыя журналісты ад самага першага дня выходзілі на вуліцы і дабывалі эксклюзіўную інфармацыю, рызыкуючы жыццём і здароўем. Віншуем усіх, хто спрычыніўся да гэтага матэрыялу!

Белсатаўцы года – рэпарцёры

Нашыя рэпарцёры з рызыкаю для здароўя асвятляюць мірныя акцыі пратэсту ў Беларусі

Гэты год выдаўся цяжкім для нашых калегаў, асабліва тых, хто ад жніўня кожны дзень, не шкадуючы сябе, ва ўмовах працяглых рэпрэсіяў, рабіў усё, каб паказаць вам самыя важныя падзеі ў краіне.

Адмысловая ўзнагарода дырэктара «Белсат TV»

Узнагароду атрымлівае каманда аддзелу вытворчасці інфармацыйных праграмаў.

Так, менавіта гэтая каманда робіць усё магчымае і немагчымае, каб кожны наш глядач атрымліваў незалежную інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры.

Заставайцеся з намі. «Белсат» – кожны дзень!

Стужка навінаў