Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова – за кратамі ўжо 70 дзён


Журналісткі «Белсату» Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева застаюцца за кратамі роўна 70 дзён. Неўзабаве дзеўчын маюць судзіць: ім пагражае да трох гадоў зняволення.

Ігар Ільяш, муж палітычнай зняволенай Кацярыны Андрэевай, распавядае, што апошнім часам наладзілася сітуацыя з ліставаннем. Толькі цягам тыдня ён атрымаў ад жонкі тры лісты – больш, чымся за першыя паўтара месяца зняволення.

«Кацярына падыходзіць да суда ў добрай форме – і фізічна, і эмацыйна. Піша, што «спакойная за свой лёс». Каментуе тое, што адбываецца, з іроніяй», – адзначае Ігар.

Кацярына атрымлівае шмат лістоў, у тым ліку з-за мяжы – Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Бельгіі, Бразіліі. Атрымала нават ліст на афіцыйным бланку ад амбасадара Румыніі ў Беларусі.

Нашая журналістка спатыкалася ў турме і з іншымі палітычнымі вязнямі. У жодзінскім СІЗА яна працяглы час сядзела ў адной камеры з 19-гадоваю Рэнатаю Смірновай, якую арыштавалі за ўдзел у пратэставым маршы 1 лістапада. Давялося сустрэцца і з 18-гадоваю Сафіяй Малашэвіч, якую нядаўна пакаралі 2 гадамі зняволення за размаляваныя шчыты сілавікоў.

На гэтым тыдні нашыя калегі атрымалі лісты і ад Дар’і Чульцовай. Яна піша, што трымаецца, пачуваецца добра і спадзяецца, што больш ніхто з белсатаўцаў не быў арыштаваны.

«Сумую па працы», – піша Дарʼя.

Журналістка адзначае, што ёй прыходзіць вельмі шмат лістоў.

Hавiны
«Шкада беднага хлопчыка». Кацярына Андрэева адказала Рыгору Азаронку
2021.01.19 11:28

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Журналістак вінавацяць у тым, што пры дапамозе стрыму яны бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Нагадаем, што менавіта як «грубае парушэнне грамадскага парадку» следства расцэньвае мірную акцыю пратэсту на плошчы Пераменаў. Следства сцвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных, трох тралейбусных і трох трамвайных маршрутаў. Шкода «Менсктрансу» ацанілі на 11 562 рублі і 14 капеек.

11 студзеня матэрыялы справы былі перададзеныя ў Фрунзенскі раённы суд Менску. Дату суда яшчэ не прызначылі. Пакуль Кацярына і Дар’я застаюцца ў жодзінскім СІЗА.

Hавiны
Даша і Каця. 50 дзён журналісткі «Белсату» сядзяць за кратамі
2021.01.04 16:31

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў