«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў


29-гадовага электрамантажніка Юрыя Шафранскага затрымалі пасля нядзельнага маршу 27 верасня каля станцыі метро «Уручча». На мужчыну накінуліся людзі ў балаклавах, збілі да непрытомнасці, а пазней, каб абудзіць, вылілі на твар вядро халоднай вады. Вымаклага і ў крыві, яго закрылі ў карцары на Акрэсціна. Жонка з дзіцём тры дні безвынікова шукала галаву сям’і. Юрый распавёў belsat.eu пра 15-дзённы арышт і здзекі сілавікоў над пратэстоўцамі.

Юрый Шафранскій. Фота з асабістага архіву

Мянчук Юрый Шафранскі вяртаўся дадому з нядзельнага шэсця 27 верасня. Мужчыну схапілі ва Уруччы, куды дайшла калона. Каля 19 гадзін людзі пачалі разыходзіцца. Юрый ішоў у бок «МакДоналдсу». Знянацку з-за спіны пачуў крыкі, што трэба ўцякаць. Абярнуўшыся, за дзвесці метраў ён убачыў людзей з дубінкамі, якія з лесу беглі ў ягоны бок.

Мужчына пабег, але яго павалілі на зямлю амапаўцы ў балаклавах, якія выскачылі з буса, што праязджаў побач.

Юрый распавядае, што не аказваў супраціву і прасіў не збіваць, аднак словы не дзеялі на сілавікоў. Менчуку надзелі на рукі сцяжкі і адвялі ў бус. Разам з Юрыем затрымалі яшчэ двух хлопцаў, які ішлі ззаду.

«Бус паездзіў па раёне хвілінаў сорак і сабраў усіх самых збітых: у каго была галава разбітая, у каго парванае вуха, у каго лопнула бубенная балонка. Усім адмовілі ў медычнай дапамозе. Усяго ў бусе аказалася восем чалавек, якіх завезлі ў Цэнтральнае РУУС».

Пратэсты ў Беларусі. Жнівень – верасень 2020 г.
Фота: Леся Пчолка

Амапаўцы працягнулі здзекавацца з затрыманых і ў аўтобусе. Юрыя паклалі на падлогу і пачалі біць па твары і галаве. У мужчыны знайшлі тэлефон і патрабавалі назваць пароль, аднак Юрый, як сам кажа, зажмурыўся і маўчаў. Ад удараў ён страціў прытомнасць.

Ужо са словаў сведкаў, што былі ў аўтобусе, ён даведаўся, як яго прабуджалі – давалі панюхаць нашатыр, ставілі ногі на грудную клетку ды білі па твары і геніталіях, пагражалі зрабіць клізму і выкінуць за Курапатамі. Збіццё не прывяло Юрыя ў прытомнасць, і сілавікі пераключыліся на іншых затрыманых.

Цэнтральнае РУУС

Восем чалавек разам з Юрыем прывезлі ў Цэнтральнае РУУС. Выцягваючы з буса, мужчыне ў твар вылілі вядро халоднай вады, пасля чаго той ачуняў. Сілавікі былі ўпэўненыя, што ён прыкідваўся, таму зноў пачалі біць Юрыя.

«Яны крычалі, маўляў, чаго нас падманваеш. Збівалі моцна, у мяне падкошваліся ногі, а яны мяне цягнулі, змушалі ісці, гаварылі, што будзе горш».

Затрыманне аднаго з сукамернікаў Юрыя. Скрыншот з відэа

У аддзяленні Юрыя паставілі да сцяны, а побач на падлогу кінулі тэлефон. Ува ўсіх затрыманых узялі паказанні. У пратаколе следчы напісаў, што Юрый удзельнічаў у несанкцыянаваным маршы і аказваў супраціў праваахоўнікам. Адзінае, што дазволілі зрабіць, – не пагадзіцца з пратаколам, кажа суразмоўца.

«Я не пагаджаўся з абвінавачваннямі, прасіў пазначыць, што мяне збівалі. На гэта мне сказалі, каб не вырабляўся, бо мяне выведуць і яшчэ дадуць. Я падпісаў пратакол, што не згаджаюся з ім».

Акрэсціна

Усю васьмёрку адвезлі на Акрэсціна. Суд адбыўся на другі дзень, мужчыны атрымалі 15 содняў арышту. Нягледзячы на спадзевы аб пераводзе ў іншую турму, дзе маглі быць лепшыя ўмовы, затрыманых пакінулі ў ізалятары. Тут мужчынаў утрымлівалі ў двух адзіночных карцарах памерам 1,5 на 3 м – па чатыры асобы ў кожным.

Юрый трапіў на Акрэсціна прамоклы. Хтосьці быў у шортах і майцы. Гэтак давялося сядзець 10 дзён. Зусім невыносна стала, калі падсялілі бяздомніка, дзеліцца падрабязнасцямі ўмоваў утрымання мянчук.

Hавiны
«Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення
2020.10.30 08:14

У карцарах увесь час гарэла яркае святло. Вады ў кране і ўнітазе не было, змыць экскрэменты далі толькі праз дзень – прынеслі вядро вады. Прышпілены да сцяны ложак у карцары не апускалі цягам усяго побыту, праз што даводзілася спаць на голым бетоне. Усе моцна празябіліся, хтосьці застудзіў ныркі, нават высмаркацца не было ўва што, бо нават не было туалетнай паперы, успамінае Юрый. Затрыманыя прасілі дапамогі ў доктара, але той адмовіўся рабіць што-кольвек.

«Ён пытаў пра скаргі на здароўе. Хто гаварыў, што траціў прытомнасць, хтосьці перамёрз на бетоне, кагосьці ванітуе, у кагосьці рассечаная галава і кроў цячэ. Ён нам сказаў, што гэта не скаргі».

Hавiны
У Гомлі настаўніцы далі 15 содняў: яна прапанавала прыбраць могілкі. У ІЧУ трапіла і ейная племянніца з мужам
2020.10.30 07:05

Уразіла суразмоўцу belsat.eu стаўленне працаўнікоў ізалятару, якія не рэагавалі на ніводную просьбу або скаргу.

«Мы прасілі падаслаць нам пакрывала, на што яны адказвалі: вам не паложана. Перадачы складвалі каля дзвярэй карцару, каб мы бачылі, але не аддавалі іх. Раніцай выводзілі на вобшук, куча перадачаў ляжала з цёплымі рэчамі, але «вам не паложана».

Бесхацінцаў мянялі, адзін абгадзіўся, яго вялі мыцца, прыводзілі новага. У камеру залівалі вядро хлоркі, паўдня балота стаяла. Яны самыя да нас баяліся заходзіць, бо смурод стаяў. Акна не было, мы не ведалі, калі дзень, калі ноч. Арыентаваліся па тым, калі ежу выдавалі. Адзінае, што кармілі нармальна».

«Марш гонару» 11 кастрычніка.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Баранавічы

Пасля дзесяці дзён на Акрэсціна ўсіх перавезлі ў Баранавічы. Юрый распавядае, што іх хутка абудзілі перад сняданкам, аддалі сапсаваныя перадачы, якія ляжалі пад дзвярыма карцару, і пасадзілі ў аўтазакі. Куды вязуць, не сказалі. Пра тое, што мужчынаў перавезлі ў Баранавічы, яны даведаліся на месцы ад начальніка.

Hавiны
У Гомлі хлопцу пагражае 6 гадоў за ўдар «нявыяўленым чынам па задняй паверхні правай нагі» міліцыянта
2020.10.30 18:06

Першы дзень, паводле суразмоўцы, умовы былі прымальныя: дазволілі пайсці памыцца, у камеры можна было паліць, перадачы – штодня. Давалі паперу, асадкі, красворды, выводзілі на прагулку. Аднак на наступны дзень прыехала праверка са сталіцы.

«Нам толькі сказалі, што сурʼёзная праверка з Менску, трэба прызначыць дзяжурнага па камеры. І ўсё, на наступны дзень усё памянялася. Забралі асадкі, забаранілі курыць, ляжаць і сядзець на матрацах. Перасталі святло выключаць. Перадачы – толькі па чацвяргах. Адзінае – пакінулі прагулкі, калі 10 хвілінаў, а калі і 40 дазвалялі. Ну і хаця б унітаз змываўся і халодная вада ў кране была».

Хавалі ад родных, каб не скардзіліся

Да арышту мужчыны не былі знаёмыя. Юрый адзначае, што байцы АМАПу падчас затрымання называлі іх «злачынцамі, якія ішлі нападаць на іхных жонак». Такі доўгі вырак мянчук звязвае з цяжкімі пашкоджаннямі, якія нанеслі сілавікі. Мужчына мяркуе, што іх пасадзілі на 15 содняў, каб раны паспелі зажыць.

«За 15 содняў усё ўва ўсіх зажыло. Сінякі ад дубінак былі, але і яны сышлі».

Суразмоўца таксама адзначае, што іх наўмысна хавалі ад сваякоў. Жонка Юрыя Вера змагла знайсці яго толькі пасля суда. Тры дні жанчына абзвоньвала РУУСы і турмы, дзе маглі ўтрымліваць мужа, але нідзе ёй не далі ніякай інфармацыі.

«Па-першае, нашым сваякам не паведамілі, дзе і калі адбудзецца суд. Родныя званілі паўсюль, а іх перанакіроўвалі ўвесь час. Маўляў, па тэлефоне інфармацыю не даем, прыязджайце. Прыязджаюць, а ім кажуць, што нас няма, што мы недзе ў іншым месцы. У выніку хтосьці са сваякоў дазваніўся ў Фрунзенскі РУУС, дзе нас судзілі. Ім сказалі, што нам далі 15 содняў, і кінулі слухаўку».

Hавiны
Жыхар Магілёва абскардзіў судовы вырак: замест содняў яму далі штраф
2020.10.31 10:15

За час, праведзены на Акрэсціна і ў Баранавічах, Юрый, як і іншыя затрыманыя, не атрымалі ніводнага дакументу, акрамя раздрукоўкі шляху аплаты праз сістэму «Разлік» (АРІП). Аднак там няма пячатак і подпісаў, як і інфармацыі, колькі і куды трэба заплаціць за ўтрыманне ў ізалятары і турме.

Цяпер Юрый на бальнічным – у яго насмарк, кашаль і застуджаныя ныркі. Больш за ўсё мужчына перажываў за жонку Веру і пяцігадовую дачку Надзею, якія былі ў няведанні і перажылі вялікі стрэс.

«Жонка на мяне не злуецца. Яна вельмі перажывала, але ўсё разумее. Праяўляе салідарнасць», – гаворыць ён.

  • Пратэсты ў Беларусі цягнуцца з 9 жніўня. За гэты час былі арыштаваныя не менш за 15 тысяч чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, прынамсі 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 350 чалавек.
  • Праваабарончая супольнасць прызнала 102 асобы палітычнымі зняволенымі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў