Катаванні ў Кастрычніцкім РАУСе Менску. Участковыя Кобрынец і Севярын маюць ведаць, хто збіваў затрыманых

Мы працягваем запісваць гісторыі пацярпелых, якія зазналі катаванні ў першыя дні пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Вольга Н. распавяла гісторыю мужа, лекара з Менску Аляксея Н. Яго затрымалі 10 жніўня і катавалі ў Кастрычніцкім РАУСе.

Далей прыводзім аповед Вольгі.

«Шматлікія ЧМТ, страсенне мазгоў, выцятыя месцы, выбітыя зубы», – так пачынае свой аповед Вольга, якая дапамагала мужу браць даведку аб пабоях.

Кастрычніцкі район, Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Belsat.eu

Аляксей ехаў з працы дамоў на ровары, прыкладна а палове на шостую яго затрымаў АМАП. Ён вяртаўся з працы, у пратэстах не ўдзельнічаў, сказаў, што ён загадчык аддзялення больніцы, што ў яго дома – трое маленькіх дзетак. Яны гэта спраўдзілі ў тэлефоне, усе асабістыя фота, але гэтыя звесткі не дапамаглі.

Стварылі калідор і білі людзей

Як толькі закінулі ў аўтазак, адразу ўдарылі гумовай дубінкай па галаве, па спіне. У аўтазаку ўжо былі чатыры чалавекі, раварысты, якіх затрымалі раней. Муж адразу заўважыў, што на сценах была кроў. АМАПаўцы пачалі скакаць па роварах, некаторыя ператварылі ў груду металу. Па дарозе ў РАУС затрымалі яшчэ некалькі чалавек: адзін мужчына выходзіў з крамы з пачкам тварагу ў руках, яго затрымалі. Іншага затрымалі, калі ён выкідаў смецце. То бок затрымлівалі звычайных людзей, якія ішлі паасобку. Ніякага супраціву ад іх не было.

Медычная даведка з фіксаванымі пабоямі. Фота прадстаўлена суразмоўцаю «Белсата»

Пасля кропкавых затрыманняў паехалі на паркоўку за Музеем Вялікай Айчыннай вайны. Там стаяў яшчэ адзін аўтазак. І АМАПаўцы, іх было вельмі шмат, сталі ў два шэрагі паміж аўтазакамі, зрабілі калідор. З аднога аўтазака пераганялі людзей у іншы. Рукі звязалі ззаду будаўнічаю сцяжкай, і людзі ў сагнутым стане, з апушчанай галавою павінныя былі перабягаць з аднога аўтазака ў іншы. Яны праходзілі паўз шэрагі АМАПаўцаў, а ў міліцыянты, можна сказаць, разагравалі сябе, крычалі на затрыманых і білі дубінкамі людзей, не гледзячы, куды трапляюць удары.

На фоне крывавага месіва рабілі сэлфі

У другім аўтазаку было чалавек шэсцьдзесят. Паветра не было, людзі былі мокрыя наскрозь, піць, натуральна, ніхто не даваў. Усе звароты з боку супрацоўнікаў АМАПу былі толькі мацерныя, ніякай павагі. Толькі маты і пагрозы.

Cупрацоўнікі АМАПу праязджаюць на аўтобусе міма месца, дзе падчас сутыкненняў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў загінуў удзельнік акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 г. Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Аўтазак паехаў у Кастрычнікі РАУС, прыехалі прыкладна а 20-й. Там людзей выкінулі на асфальтаваную пляцоўку і паставілі ў позу ластаўкі: на каленях, рукі счэпленыя ззаду, галавою ўніз. У такой позе яны былі гадзіны чатыры. Было неверагодна холадна. Дзьмуў вецер, а ад поту уся адзежа была мокраю. Натуральна, гэта нікога не цікавіла. Калі нехта рабіў нейкі рух, адразу атрымліваў удары дубінкаю або кулаком ці нагою.

Па чарзе запрашалі затрыманых і на тэлефон яны давалі інфармацыю: імя і прозвішча, дата нараджэння і адрас. Пасля вярталіся да іншых затрыманых і станавіліся ў тую ж позу.

Цяжка сказаць, хто гэта быў, супрацоўнікі РАУСу ці АМАПу, але калі ім было нудна, яны на фоне ўсяго гэтага крывавага месіва рабілі сэлфі.

Катаванні ў Кастрычніцкім РАУСе

Пасля людзей перавялі ў сутарэнне Кастрычніцкага РАУСу. Здаецца, у канферэнц-залу ці нешта такое: вялікі пакой з крэсламі. Пасадзілі ў крэслы, рукі звязаныя ззаду, галава павінная быць ніжэй за калені. Натуральна, не ўсе маглі сядзець у такой позе, і за гэта людзей білі.

Шмат хто прасіўся ў прыбіральню, ім казалі: «Сцы ў штаны». Большасць, на жаль, так і рабіла. Першы раз развязалі рукі, каб узяць адбіткі пальцаў. Некаторым нават дазволілі схадзіць у прыбіральню і пасля зноў звязалі рукі.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Пасля пачаліся катаванні. Да кожнага падыходзілі, білі і пыталі: «На каго вы працуеце?», «Колькі вам плоцяць?», «Пераменаў вам захацелася?»… Пасля рабілі вобшук асабістых рэчаў, ніякага падпісання пратаколаў не было. Нехта пачаў пытаць пра ровары, атрымаў адказ: «Забудзьце пра ровары». У пратаколах ровараў не было. У мужа былі ў кішэні ключы ад кватэры, яны іх проста выкінулі.

Пасля прывезлі новых затрыманых, якіх узялі ўжо на акцыі, і іх білі яшчэ мацней. На што звярталі ўвагу: калі ў цябе доўгія валасы, ты атрымліваў у разы больш удараў, калі была татуіроўка на целе, то па ёй білі да тога моманту, пакуль татуіроўка проста не злівалася з гематомай. Кагосьці на камеру, хорам прымушалі казаць, што менскі АМАП – найлепшы, калі ў затрыманых сінхронна не атрымоўвалася, іх зноўку білі. Ні піць, ні есці нікому не давалі.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Недзе а 5-й раніцы людзей павезлі ў дэпартамент аховы міліцыі на Каржанеўскага, там вывелі ў спартовую залу, зашпілілі рукі ўжо наперадзе, паклалі на спіну і нават крыху дазволілі паспаць.

З Кастрычніцкага РАУСу – у Жодзіна

Сярод тых, хто афармляў затрыманых, быў Аляксандр Кобрынец. На сайце Кастрычніцкага РАУСу сапраўды пазначаны такі ўчастковы. Муж даведаўся ягонае прозвішча, бо ў пэўны момант нехта гучна спытаў, каго пісаць у графе «хто затрымліваў». А пратакол з рэчамі затрыманых складаў міліцыянт з прозвішчам [Ягор] Севярын, ён таксама ўчастковы з Кастрычніцкага РАУСу. Не вядома, ці яны білі людзей, але яны дакладна ведаюць тых, хто браў удзел у катаваннях.

Пасля спартовай залы іх зноўку пачалі «ўпакоўваць у аўтазакі», прычым гэта было настолькі груба, што муж стукнуўся аб сцяну аўтазака і ад болю так сціснуў зубы, што ў яго адкалоўся кавалак пярэдняга зуба.

Павезлі невядома куды. Везлі гадзіны паўтары, дыхаць было немагчыма, людзі гублялі прытомнасць, шмат каго ванітавала. Прывезлі ў Жодзінскую турму. Трэба сказаць, што там ужо не білі. Умовы былі наступныя: у камеры – 10 ложкаў, на іх – 30 асобаў. Адпаведна, спалі па чарзе. 10 лыжак – елі таксама па чарзе.

На трэція содні быў суд. Большасці з тых, хто быў у Жодзіне, давалі 12–15 содняў ці вялікі штраф. У нашым выпадку суддзя доўга раілася, прыняла рашэнне абмежаваць пакаранне трыма соднямі. І ў выніку праз гадзіну мужа вызвалілі.

«Вы жывёлы і ў вас няма правоў». Аповед менчука пра катаванні на Акрэсціна

МУС паведамляе, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.

belsat.eu

Hавiны