«Раўлі ўсе – і дарослыя і дзеці. Цяжарную збівалі таксама». 14-гадовы хлопец распавёў пра катаванні


Няпоўнагадовага Давіда затрымалі 10 жніўня ў Берасці. Разам з маці, сябрамі і айчымам яны вярталіся да дому праз мост з цэнтру горада ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце АМАП узяў іх у ачапленне. Усіх паставілі на калені, жорстка білі, дагледзелі рэчы, пасля чаго маму Давіда вытаўклі сілай з ачаплення, сказаўшы, што сын застаецца. Яна распавяла belsat.eu пра жах і падзеі тых дзён.

Іна кажа, што ніхто не мог падумаць пра гвалт з боку сілавікоў. Яны самі запрасілі людзей прайсці ачапленне, каб тыя маглі перайсці мост.

«У ачапленні нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала ім свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё роўна – поўнагадовы ён ці не. Мяне літаральна вытаўклі ў карак».

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Жанчына патэлефанавала ў 102, але ніякіх звестак, акрамя крыкаў ад дыспетчаркі, не пачула:

«Яна на мяне накрычала. Маўляў, чаго лазіць з дзіцем. Сказала – ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсё – і кінула трубку».

А 4-й раніцы 11 жніўня Іне патэлефанавалі з незнаёмага нумару і сказалі прыязджаць забіраць сына, але не сказалі – куды, і кінулі слухаўку:

«Ніхто не падымаў, а пасля аказалася, што яны бралі выпадковы тэлефон нейкага затрыманага з кучы мабільнікаў, званілі да бацькоў, а пасля тэлефон зноў кідалі ў кучу».

Hавiны
«Нанасілі ўдары па спіне і бакам». Як збівалі ў Магілёве пасля выбараў
2020.08.18 18:17

«Сорамна прызнацца: але я плакаў»

Іна ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда – у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Іне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід узяў удзел у пратэстах.

«Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць – напісала, як было. А дзіцё яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што не маеш прэтэнзіяў. Пасля ўжо мы пабачылі сляды ад дручкоў, гематомы, гузы».

Збіты АМАПам Давід. Фота суразмоўцы

Пасля вызвалення Давід распавёў, што затрыманых нават не пыталі, хто яны і адкуль, проста збівалі і здзекаваліся. Ва ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, яго немагчыма было знайсці, бо мабільных – гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў у бок, яго пачыналі моцна збіваць.

«Ён мне сказаў – мама, мне сорамна прызнацца: але я плакаў. Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. Яны гаварылі: вы хацелі справядлівасці – вось вам справядлівасць. У яго зацяклі рукі і ногі, але баяўся паварушыцца».

Збіты АМАПам Давід. Фота суразмоўцы

Да нядзелі 16 жніўня Іна не ведала, дзе знаходзіцца ейны сужыхар Дзяніс. Яго не было ні ў адным са спісаў.

«Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленні здымалі слухаўку і маўчалі або адкладалі яе – і было чуваць хіхіканне. У мяне сем дзяцей, малодшы – інвалід. Я ўсё жыццё хаджу па інстанцыях, паўсюль хамства, знявага і несправядлівасць».

«Крычала, што цяжарная, а яны збівалі яшчэ мацней»

Дзяніса выпусцілі ўначы 17 жніўня. Мужчыне прысудзілі 10 содняў. Іна кажа – нягледзячы на стан здароўя, бо ён таксама ўвесь збіты і шакаваны. Наш суразмоўца раней прыцягваўся да адказнасці, ён, як сам прызнаецца, вынослівы і цярплівы, але такіх катаванняў не бачыў ніколі:

«Я шмат што бачыў, але каб збівалі жанчын і дзяцей – у гэта я паверыць не мог. Мы чулі, як адна дзяўчына крычала, што цяжарная, а яны збівалі яшчэ мацней. Пасля выйсця мяне агледзеў доктар, сказаў, што адбілі нырку або паламалі рэбры. Трэба ехаць у шпіталь.

На шчасце, вярнулі ўсе дакументы, акрамя мабільнага і грошай. Тэлефон, сказалі, перададуць у Менск, дзе будуць «вывучаць». Змушалі сказаць, што ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, але сказаў усё, як было».

Hавiны
«Сапраўднае пекла». Аповед мянчанкі пра пяць дзён на Акрэсціна
2020.08.15 21:30

Цяпер сям’я звярнулася да юрыстаў. У Следчым камітэце 17 жніўня яны прабылі амаль шэсць гадзінаў, а скаргу можна падаць толькі цягам пяці дзён пасля вызвалення. Іна кажа, што са скаргамі ў Следчы камітэт стаяць натоўпы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў