Катаванні, незаконныя затрыманні, адсутнасць дапамогі. Як у Беларусі парушаліся правы чалавека

Валанцёры грамадскага аб’яднання «Звяно» паразмаўлялі з людзьмі, якія пацярпелі падчас акцыяў у Менску, і падрыхтавалі кароткую справаздачу пра асноўныя парушэнні правоў чалавека.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Агулам валанцёры апыталі 30 чалавек, якія атрымалі трамы рознай ступені цяжкасці, таксама ім вядома ад 7 выпадках, калі людзі знаходзяцца ў рэанімацыі. Пры падрыхтоўцы справаздачы апытвалі працаўнікоў Хуткай дапамогі і пацярпелых, якія знаходзяцца ў Вайсковым шпіталі, Шпіталі хуткай медычнай дапамогі, 6-ай гарадской клінічнага шпіталя, 2-ой гарадскога клінічнага шпіталю ў Менску.

Права на жыццё

У справаздачы згадваюцца выпадкі выкарыстання агнястрэльнай зброі супраць мірных дэманстрантаў. «Звяно» размаўляла з кіроўцам, які сведчыў пра мінімум трох загінулых ад куляў. Таксама выклікае пытанні смерць мужчыны 10 жніўня ад гранаты. На відэа бачна, што ён загінуў не ад выбуху, а ад агнястрэльнай кулі. Расследаванне па гэтай справе не было распачатае.

Неаказанне медычнай дапамогі

Валанцёры «Звяна» атрымалі процьму сведчанняў ад людзей з цяжкімі траўмамі пра тое, што неабходную медычную дапамогу яны атрымалі толькі праз 6 – 12 гадзінаў. Адзін чалавек быў увезены на Хуткай дапамозе толькі таму, што не змясціўся ў аўтазаку. Асаблівую ўвагу ў справаздачы звяртаюцца на смерць у Гомлі – хлопец скардзіўся на благое самаадчуванне некалькі гадзін, аднак яму аніхто не дапамог. У выніку ён памёр.

Сілавікі збілі 16-гадовага падлетка да комы: білі галавой аб бетон, усоўвалі дручок у рот

Права на асабістую свабоду і недатыкальнасць

Большасць пацярпелых заяўляе пра сваё затрыманне без падстаў. Гэта датычыць не толькі мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу, каб выказаць пратэст. Былі затрыманыя таксама людзі, якія не зʼяўляліся ўдзельнікамі пратэстаў: пешаходы, кіроўцы і раварысты, якія знаходзіліся побач са сваім домам або выйшлі з кафэ на вуліцу. Затрыманым не давалі звязацца са сваякамі. Шмат хто кажа, што сілавікі патрабавалі адкрыць асабістую інфармацыю з тэлефона.

Катаванне і жорсткае стаўленне

Шмат хто з затрыманых распавядае пра катаванні. Людзей збівалі, катавалі электрашокерам, аблівалі вадою, змушалі есці белыя бранзалеты, не кармілі, не пускалі ў туалет, пагражалі забойствам і згвалтаваннем. Некаторых змушалі ўжываць псіхатропныя прэпараты, пасля якіх назіраліся праблемы з маўленнем і мысленнем.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Непрапарцыйнае выкарыстанне сілы

У справаздачы адзначаецца, што ўсе спецсродкі ўжываліся ў дачыненне да няўзброеных людзей. Шмат у каго стралялі з блізкай адлегласці гумовымі кулямі. Ёсць звесткі аб адабранні ў людзей грошай, прычым без складання пратаколу.

Адсутнасць прававой абароны

Ні адзін з пацярпелых не мог разлічваць на абарону адваката. Многіх людзей адпускалі зʼехаць на Хуткай толькі пры ўмове падпісання пратакола, дзе затрыманы згаджаўся з тым, што ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі або браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Шмат хто з пацярпелых атрымалі пагрозы, што ў выпадку заявы аб ужыванні да іх незаконнай фізічнай сілы і катаваннях, яны будуць прыцягнутыя да адказнасці па крымінальным артыкуле. Вядомыя факты, калі пасля звароту па меддапамогу, пацярпелых везлі прадстаўнікі ўлады ў невядомым кірунку.

«Тое, што робяць сілавікі, – гэта генацыд». Менчука абстралялі гумовымі кулямі за сто метраў ад дому

Парушэнне правоў непаўналетніх

Зафіксаваны факт парушэння правоў непаўналетніх. З 7 на 8 жніўня на хлопца напалі сілавікі, ударылі па галаве дубінкаю і адвезлі ў РАУС. Непаўналетняму не аказвалі медычную дапамогу, і не званілі бацькам. Калі за хлапцом прыехаў тата, то яго шпіталізавалі. 10 жніўня ў 23.30 да яго ў палату прыйшоў прадстаўнік Следчага Камітэту і без адваката, без дазволу бацькоў, якое яны выказалі па тэлефоне, апытваў.

Грамадскае абʼяднанне «Звяно» просіць усіх зацікаўленых звярнуць увагу на гэтыя правапарушэнні.

КТ belsat.eu

Hавiны