Катастрофа МН17: пракуратура Нідэрландаў высуне абвінавачванні траім расейцам і ўкраінцу


Пракуратура Нідэрландаў высуне абвінавачванні траім расейцам і аднаму ўкраінцу па справе аб крушэнні самалёта рэйсу MH17 на Данбасе ў 2014 годзе.

Абвінавачанні высунуць экс-кіраўніку прарасейскіх сепаратыстаў Ігару Гіркіну, расейцам Сяргею Дубінскаму (адстаўны расейскі выведнік) і Алегу Пулатаву (камандуючы 2-м аддзелам «ГРУ ДНР»), а таксама ўкраінцу Леаніду Харчанка («ГРУ ДНР»).

Паводле Абʼяднанай следчай групы (Joint Investigative Team), якая высвятляла абставіны авіякатастрофы «Боінга-777» над Данецкай вобласцю Украіны, падазраваныя знаходзіліся ў цесным кантакце з Масквой.

Следчыя лічаць, што Дубінскі, Пулатаў і Стралкоў цяпер жывуць у Расеі, а Харчанка – на ўсходзе Украіны, на тэрыторыі, непадкантрольнай Кіеву. Усе чацвёра абвешчаныя ў міжнародны вышук, а справа будзе перададзеная ў галандскі суд да канца года. Працэс павінен пачацца ў 2020 годзе.

Hавiны
Украінскі палкоўнік трапіў у спіс фігурантаў расследавання абставінаў катастрофы МН17
2019.06.19 12:54

Самалёт рэйсу MH17 быў збіты ў небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. «Боінг-777» ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. На ягоным борце было 298 асобаў. Усе яны загінулі. Нідэрланды і Аўстралія афіцыйна лічаць Расею вінаватай у трагедыі. У 2018 годзе прадстаўнікі Аб’яднанай следчай групы заявілі, што комплекс «Бук», з якога запусцілі ракету, і якая збіла пасажырскі самалёт, належала расейскім узброеным сілам. Паводле следства, «Бук» знаходзіўся на ўзбраенні 53-й зенітнай ракетнай брыгады, што базуецца ў Курску.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў