28 мая вайсковаабавязаныя навучэнцы каталіцкіх семінарый прызыўнога ўзросту з Горадні і Пінску павінныя былі прыбыць у ваенкаматы для адпраўкі ў войска.
Напярэдадні ў ваенкаматах семінарыстам паведамілі пра адтэрміноўку.
«У тэлефоннай размове ішла гаворка аб адтэрміноўцы да лютага 2019 года, – адзначыў часова выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько. – Афіцыйнага дакументу мы не атрымалі, але звычайна яго і не высылаюць. Адтэрміноўка на паўгода – звычайная практыка, якая была і раней».
Падобную сітуацыю з адтэрміноўкай пацвердзіў для Catholic.by і старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.
Нагадаем, у маі 2018 г. семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць павесткі для праходжання тэрміновай вайсковай службы.
У сувязі з гэтым каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытанне аб адтэрміноўцы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.
У прыватнасці, Закон апісвае катэгорыі мужчын да 27 гадоў, якія маюць права на адтэрміноўку па стане здароўя або па сямейным стане.
«Іншыя катэгорыі грамадзянаў, да якіх належаць і навучэнцы духоўных вучэбных устаноў, атрымліваюць адтэрміноўку ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – адзначыў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.
Паводле яго слоў, спісы з прозвішчамі тых, хто меў права на адтэрміноўку, былі ўдакладнены і перададзены ў мясцовыя прызыўныя камісіі, якія і ажыццяўляюць прызыў.
«Усе, хто быў у спісах, атрымалі вызваленне ад прызыву. Усё робіцца ў адпаведнасці з Законам», – сказаў Уладзімір Макараў.
Чытайце таксама: