Каталіцкіх святароў з Польшчы вырашылі не выганяць з Беларусі


а. Лех Баханэк (злева) падчас пілігрымкі ў Будслаў

Аддзел у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь паведаміў пра гэта курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святары а. Раман Шульц – пробашч парафіі Св. Казіміра ў Магілёве, канвентуальны францішканін а. Лех Баханэк – пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, а. Ежы Катоўскі – пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Крыштафа ў Калодзішчах (Менскі р-н) будуць працягваць сваю душпастырскую дзейнасць, паведамляе catholic.by.

Пакуль невядома, на які тэрмін падоўжаны дазвол на служэнне ў Беларусі гэтым святарам.

«Мы адкрытыя для дыялогу з дзяржавай. Для таго і існуе гэты орган (Аддзел упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў), Каб папярэджваць курыю пра якія-небудзь непаразуменнях, каб наладжваць кантакты, каб быў дыялог. Сёння гэты дыялог ёсць, і мы за гэта ўдзячныя», – адзначыў у размове з belapan.by прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў.

Чаму беларускія ўлады хацелі пазбавіцца ад святароў ніхто не ведае. Паводле адной з версіяў, высылка з Беларусі ксяндзоў – адзін з інструментаў афіцыйнага Менску, які выкарыстоўваецца ў дыялогу з Варшаваю.

Нагадаем, што ў 2013-м беларускія спецслужбы арыштавалі ксяндза Лазара, якога падазравалі ў шпіянажы. Тады кіраўнік Беларусі назваў яго «здраднікам». Святар правёў у вязніцы КДБ 6 месяцаў. Пазней справу закрылі, а святара выпусцілі.

Апошні выпадак выдалення польскага святара з тэрыторыі Беларусі меў месца сёлета ў траўні. Сваю дзейнасць у нашай краіне быў вымушаны спыніць ксёндз Анджэй Стапыра, які 25 гадоў служыў у Беларусі.

Фота: catholic.by

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by, catholic.by

Стужка навінаў