Каталіцкі Касцёл апублікаваў тэкст малітвы за Беларусь з нагоды 100-годдзя БНР


Каталіцкія біскупы Беларусі заклікаюць святароў і вернікаў памаліцца словамі новай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка – у дзень абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэкст малітвы апублікаваны сёння.

Калаж з афіцыйнага парталу Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі catholic.by

Свята для Беларусі і беларускага Касцёла

Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе адзначаць 25 сакавіка ўрачыстымі набажэнствамі адначасова з Пальмовай нядзеляй – успамінам пра ўваход Хрыста ў Іерусалім. Таксама на гэты дзень кожны год прыпадае каталіцкае свята Звеставання ў памяць таго, як архангел Габрыель абвясціў Марыі аб тым, што Бог выбраў Яе ў якасці Маці Збаўцы.

«Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці. Мінулае стагоддзе – гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці», – гаворыцца ў звароце беларускіх каталіцкіх біскупаў, апублікаваным на сайце catholic.by.

Юныя каталіцкія пілігрымы падчас фэсту ў Будславе. Фота catholic.by

Малітва за Беларусь

Каталіцкія біскупы Беларусі вырашылі ў гонар Дня Волі злажыць тэкст новай малітвы, тэкст якой быў апублікаваны сёння:

«Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёння, у часы крызісу духоўных каштоўнасцяў, Ты праз свой Касцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.

Папскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў вышыванцы падчас развітальнай сустрэчы з беларускай моладдзю ў 2015 годзе

Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасці і ўзаемаразуменні паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі супольнасцямі, а таксама аб велікадушнасці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасць, узаемная любоў і згода.

Усёмагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёй ласкаю і бласлаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.

Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амінь».

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары