Каталікі і праваслаўныя святкуюць Дзень Святой Тройцы


27 траўня каталікі і праваслаўныя святкуюць Дзень Святой Тройцы.

Свята прысвечанае праслаўленню Бога Айца, Сына і Духа Святога, літургічныя чытанні і пропаведзі гэтага дня раскрываюць хрысціянскае вучэнне аб троічнасці Бога.

Паводле Евангелля, на пяцідзясяты дзень пасля Уваскрэсення Хрыстовага ўсе апосталы разам з Маці Божай і іншымі вучнямі Хрыстовымі знаходзіліся ў адной святліцы ў Ерусаліме. У гэты дзень Бог Айцец паслаў на зямлю Святога Духа, які, з«явіўшыся апосталам, зрабіў так, што яны сталі разумець мовы ўсіх народаў і гаварыць на розных мовах. Таму слова Хрыста – Евангелле, якое прапаведавалі апосталы – было зразумела людзям, і гэта аб’ядноўвала вернікаў у Бога.

Праваслаўная царква святкуе Дзень Святой Тройцы ў пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня, таму гэты дзень яшчэ называюць Пяцідзесятніцай. У праваслаўі Тройца – адзін з найвялікшых дванадзесятых пераходзячых святаў.

У Каталіцкай царквы Дзень Святой Тройцы адзначаецца ў наступную нядзелю за Пяцідзесятніцай (у 57-ы дзень пасля Вялікадня). У рымскім літургічным календары святы спаслання Святога Духа і Дзень Святой Тройцы маюць статус «урачыстасці». Традыцыйныя колеры ўборы святароў на Тройцу, як і ў іншыя вялікія святы, белыя.

З даўніх часоў у Дзень Святой Тройцы прынята ўпрыгожваць храмы і хаты свежымі кветкамі, травамі, галінкамі дрэваў і прыносіць у храм на асвячэнне букеты з травы і кветак. Раней у сярэдзіну такога букета ставілі свечку, якая павінна была гарэць на працягу ўсёй службы. Травы потым выкарыстоўваліся як абярэг ад розных хвароб, а свечку ўкладвалі ў рукі чалавеку, які памірае.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў