Кастусёў – генпракурору: «На якой падставе людзей водзяць на ланцугу?»


Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў звярнуўся ў генеральную пракуратуру Беларусі з нагоды выкарыстання спецсродкаў у дачыненні да асобаў, супраць якіх вядзецца адміністратыўны працэс.

Палітык патрабуе не змацоўваць людзей кайданкамі адзін з адным у ланцугі пры перавозе на разгляд справы.

Падставай для звароту сталі факты, агучаныя актывістамі Моладзі БНФ пасля арышту за сёлетнюю акцыю 16 кастрычніка каля Генеральнага штабу.

Паводле актывістаў, іх падчас затрымання скавалі кайданкамі ў ланцуг і ў гэткім выглядзе выводзілі з аўта ў суд.

«Я быў вельмі абураны кадрамі, калі людзей вядуць, змацаваўшы кайданкамі ў ланцуг. Гэта выглядае як нейкае сярэднявечнае відовішча, абсалютна несумяшчальнае са стандартамі гуманнага абыходжання. Партыя БНФ занепакоеная любым выяўленнем выпадкаў катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур», – каментуе свой зварот Рыгор Кастусёў.

У заканадаўстве Беларусі няма гэткага спосабу ўжывання спецсродкаў, як саванне людзей у адзін ланцуг.

Акцыя ў межах новай грамадскай кампаніі «Білет на той свет» супраць дзедаўшчыны прайшла 16 кастрычніка непадалёку ад будынку Генеральнага штаба. Пікет доўжыўся некалькі секундаў, яго спынілі АМАПаўцы.

belsat.eu

Стужка навінаў