Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у суд за супрацу з «Белсатам»


Незалежнага журналіста выклікаюць у Жлобінскі раённы суд у сераду, 24 лютага а 14:30. Стандартнае абвінавачванне фрылансера – «незаконны выраб прадукцыі СМІ – працы без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат»».

Паводле журналіста, судзіць яго будуць адразу па дзвюх справах. Гэта вынікае з пратаколаў, якія журналіст атрымаў на мінулым тыдні са Жлобінскага РАУС.

Жлобінская міліцыя мае прэтэнзіі да двух сюжэтаў пра рэгіён, якія выйшлі ў эфіры «Белсату» – пра паміраючую вёску і эканамічныя праблемы на прамысловым гіганце – Беларускім металургічным заводзе.

Таксама на Жукоўскім «вісіць» аналагічны пратакол па артыкуле 22.9 КаАП, складзены Веткаўскім РАУС за відэаздымкі пра эканамічныя праблемы на ткацкай фабрыцы і масласырзаводзе.

Кастусь Жукоўскі зʼяўляецца антырэкарсменам у атрыманні штрафаў за працу без акрэдытацыі. У лютым фрылансера ўжо каралі: суд Буда-Кашалёўскага раёну спагнаў з яго 40 базавых велічынь – 8 млн. 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.

20 студзеня суд Кармянскага раёну пакараў Жукоўскага штрафам у 30 базавых велічынь (6 мільёнаў 300 тысяч рублёў).

14 студзеня Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў) за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП.

Глядзіце таксама>>> Журналіст дае адпор міліцыянту: Паеду да вас, калі будуць судзіць тых, хто заводзіць «левыя» справы

ДР, belsat.eu паводле baj.by

Стужка навінаў