Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у суд, ужо пяты раз у гэтым годзе


Гомельскага журналіста-фрылансера чакаюць у Мазырскім судзе 17 сакавіка а 15-й гадзіне.

Пра гэта Кастусь Жукоўскі паведаміў Belsat.eu.

Раней фрылансеру тэлефанаваў старэйшы ўчастковы інспектар Мазырскага РАУС, маёр міліцыі Алег Вяргацкі.

Тады міліцыянт заявіў спадару Кастусю праз тэлефон, што фрылансер мусіць абавязкова зʼявіцца да яго ў Мазыр «для разгляду адміністратыўнай справы паводле часткі 2 артыкулу 22.9 – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Памятаеце там, выраблялі там рэпартаж на спіртзаводзе?», – запытаўся маёр.

Аднак журналіст заявіў, што не прыедзе, бо міліцыя не аплочвае яму праезд.

Гэта будзе ўжо 5-ты адміністрацыйны працэс супраць Кастуся Жукоўскага з пачатку 2016 года.

24 лютага Жлобінскі раённы суд пакараў незалежнага журналіста штрафам у 80 базавых велічыняў (Br 16,8 млн) паводле двух пратаколаў у вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі (частка 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў).

У лютым суд Буда-Кашалёўскага раёну спагнаў з яго 40 базавых велічынь – Br 8,4 млн. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.20 студзеня 2016 года суд Кармянскага раёну пакараў Жукоўскага штрафам у 30 базавых велічынь (Br 6,3 млн).

14 студзеня 2016 года Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (Br 7,350 млн) за парушэнне артыкулу 22.9 КоАП.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у сваёй справаздачы пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі змясціла як прыклад судовы пераслед Кастуся Жукоўскага.

НМ, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў