Кастусь Жукоўскі пасля нападу з’ехаў з Беларусі


Гомельскі журналіст фрылансер, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Кастусь Жукоўскі выехаў з Беларусі. За ім пакінула краіну і яго сям’я – жонка з дачкой.

Кастусь Жукоўскі карэспандэнту «Белсату» распавёў, што вымушаны быў з’ехаць з роднага Гомля, паклькі ўзнікла рэальная небяспека для жыцця.

«Цяпер пачуваю сябе ў бяспецы. Чаму вымушаны быў з’ехаць? Узнікла рэальная пагроза жыццю і здароўю мне і маім блізкім з боку прадстаўнікоў рускага свету. Мяркую выкрыў каардынатара рускага свету па гомельскім рэгіене! Планы? Пакуль ніякіх. У прыярытэце цяпер здароўе, мова і адукацыя. І ўжо па выніках буду глядзець», – расказаў Кастусь Жукоўскі «Белсату».

Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, стаў напад на аўтамабіль фрылансэра 13 студзеня на дарозе Холмеч-Брагін-Хойнікі, павемадляе baj.by.

Па словах Жукоўскага, разам са сваім спадарожнікам Барысам Анікеевым яны спыніліся, каб праверыць, чаму пераграваецца рухавік. Іх машыну ўзялі ў аблогу чацвёра мужчынаў, якія адразу ж пад’ехалі на джыпе.

«Мне пырснулі ў твар нейкай пякучай вадкасцю, нават акуляры ў мяне зваліліся. Кастуся збілі з ног, выхапілі дакументы, парвалі пашпарт, які быў, на шчасце, пратэрмінаваны. Яшчэ і паздзекаваліся: «Вось табе замежжа!», – распавёў службе маніторынгу ГА «БАЖ» Барыс Анікееў.

Ні Жукоўскі, ні Анікееў у міліцыю не звярталіся.

«Не бачу ніякага сэнсу ў такіх зваротах. Нядаўна мне пагражалі праз Facebook і электронную пошту. Звярталіся мы ў міліцыю з праваабаронцам Леанідам Судаленкам. З міліцыі адказалі, што знайсці асобу, якая накіроўвала пагрозлівыя лісты, не ўяўляецца магчымым. Выявілі толькі зарэгістраваны ў Канадзе інтэрнэт-рэсурс, з якога адпраўляліся электронныя пагрозы. Яшчэ раней мяне дома даймалі незнаёмыя хуліганы – іх таксама не знайшлі», – кажа Жукоўскі.

Кастусь Жукоўскі вырашыў, што надалей няма сэнсу выпрабоўваць лёс, таму і пакінуў Беларусь.

«Зараз у адной з краін Заходняй Еўропы я вывучаю замежную мову і заадно лекуюся, каб паправіць здароўе. Са мной і мая сям’я, бо я асцерагаюся найперш за будучыню дачкі. Яна падрастае, ці мала, якую правакацыю могуць учыніць нядобразычліўцы, каб праз дачку нашкодзіць і мне, і жонцы. У мяне няма веры да міліцыі, а тым больш да спецслужбаў», – распавёў Кастусь Жукоўскі.

У апошнія гады журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага міліцыя затрымлівала дзясяткі разоў, каб перашкодзіць яго грамадскай і журналісцкай дзейнасці. Толькі за 2018 год у дачыненні Жукоўскага складзена каля двух дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат». Раённыя суды Гомельскай вобласці на падставе пратаколаў, складзеных паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), шаснаццаць разоў каралі фрылансэра буйнымі штрафам і адзін раз – за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў вынесеная ш дачыненні да Кастуся Жукоўскага склала 12 432,5 рублёў, што перавышае гадавы сярэдні заробак у Беларусі.

Кастуся Жукоўскага неаднойчы збівалі незнаёмыя людзі, пырскалі газам проста ў твар, а падчас здымкаў працаўнік свінакомплексу напаў на журналістаў і апырскаў з распыляльніка невядомым аэразолем. Жукоўскі пасля такіх інцыдэнтаў трапляў у шпіталь. Пры гэтым міліцыянты не дапамагалі Кастусю ў пошуках нападнікаў. На знак пратэсту журналіст аб’яўляў галадоўку, а таксама нават зашыў сабе рот.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў