Касцёл у Беларусі рыхтуецца падпісаць пагадненне з дзяржавай


Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі рыхтуе пагадненне аб узаемных адносінах, якое плануецца падпісаць з дзяржавай, паведаміла беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё са спасылкай на арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі рыхтуе пагадненне аб узаемных адносінах, якое плануецца падпісаць з дзяржавай, паведаміла беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё са спасылкай на арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

«Выклікі часу такія, што трэба духоўна акармляць і вязняў, і хворых у шпіталях, школа таксама тое месца, дзе павінен прысутнічаць Касцёл. А калі няма такой дамовы, часта наша прысутнасць залежыць ад канкрэтнага чалавека: ці пусціць ён нас да вязня, ці дазволіць цэлебраваць св. Імшу ў шпіталі… І гэта трэба замацаваць правам. Таму мы распрацоўваем такое пагадненне», – патлумачыў іерарх.

Арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Catholic.by.

У пачатку траўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ужо казаў, што ў Беларусі наспела рэформа заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.

Раней у Беларусі ўжо абмяркоўвалася заключэнне канкардату паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь, аднак цяпер Канферэнцыя Біскупаў хоча прапанаваць са свайго боку іншы дакумент, які, на яе думку, урэгулюе адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, напрыклад, у сферах медыцыны, адукацыі, культуры.

Такім чынам беларускі дакумент можа стаць унікальным у сусветнай каталіцкай практыцы – звычайна менавіта Святы Пасад выступае прадстаўніком мясцовага Касцёла, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З іншага боку, Беларусь ужо мае досвед такога пагаднення з РПЦ, якое было падпісана 15 год таму і стала базай для больш вузкіх дамоў з канкрэтнымі міністэрствамі і ўстановамі.

«Гэта не азначае, што не будуць далей весціся працы па падрыхтоўцы пагаднення паміж Святым Пасадам і Беларуссю, двума субектамі міжнароднага права. І калі такое пагадненне будзе падпісана, той дакумент, які мы рыхтуем зараз, страціць сілу, бо неабходнасць у ім адпадзе», – сказаў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

«Мы шмат разоў чулі: чаму ў вас няма такой дамовы? І я асабіста размаўляў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і яны адкрытыя на гэта. Бо гэта ўжо працуе ў Праваслаўнай Царкве. Гэта базавае пагадненне, некалькі старонак. Некаторыя моманты былі ўзяты з існуючага дакументу, бо калі глядзець і на іншыя пагадненні Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі, гэта вельмі вялікая праца. А ў нас пакуль – гэта база, прынцыпы», – сказаў іерарх.

У бліжэйшы час праект дамовы паміж беларускім Касцёлам і дзяржавай будзе прадстаўлены ў Ватыкане, дзе і вырашыцца далейшы лёс пагаднення, перадае Ватыканскае радыё.

 

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў