«Каспяровіч прапанаваў дзяліцца». Новыя падрабязнасці атрымання хабару топ-чыноўнікам Нацбанку


Суд па справе Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Справа шаснаццаці» альбо справа Уцюрына разглядаецца з 10 сакавіка ў Вярхоўным судзе. На лаве падсудных – 16 чалавек, якіх вінавацяць у атрыманні і дачы хабару. Самы вядомы фігурант – намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Андрэй Уцюрын, а таксама менеджары Нацбанку, «БПС-Сербанку», Беларусбанку, Міністэрства фінансаў, кіраўнік Белтэлекаму, прадстаўнікі камерцыйных структураў. Справа звязаная з пастаўкамі ў Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, ягонага абслугоўвання, пастаўкамі камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.

«Я ведаю, што здзейсніў крымінальнае злачынства»

У судзе Маскоўскага раёну Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У судзе даў паказанні сведка Сяргей Саладуха, кіраўнік адной з фірмаў, якая аказвала паслугі Нацбанку па абслугоўванні тэхнічнага абсталявання. Ён расказаў, што ў 2014- 2016 гадах раз на квартал перадаваў Феліксу Каспяровічу хабары. Агулам – $ 22 800.

«Мы заключылі дамову ў 2011 годзе, а потым адбылася інфляцыя. Я зрабіў эканамічнае абгрунтаванне, што трэба падняць суму дамовы. І Каспяровіч прапанаваў падзяліцца», – узгадвае бізнесовец.

Кіраўнік фірмы прапанаваў чыноўніку 5 % ад штомесячнай сумы выплат. Са словаў сведкі, 10 разоў ён перадаваў грошы Каспяровічу, прыходзіў у кабінет з белай канвертам, які моўчкі клаў на стол. Пасля затрымання Каспяровіча ў снежні 2018, Саладуха прыйшоў на яўку з павіннай.

«Я ведаю, што здзейсніў крымінальнае злачынства, даваў хабар», – сказаў на судзе Саладуха. Крымінальную справу супраць Сяргея Саладухі не завялі.

Сам Каспяровіч дадаў:

«Я не быў ініцыятарам хабару, але прызнаю, што грошы браў».

Фелікс Каспяровіч займаўся кіраваннем праграмна-тэхнічнай інфраструктуры Нацбанка, пазней узначальваў Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр. Разам з ягоным былым намеснікам Андрэем Падгорным яго вінавацяць у атрыманні хабары на суму больш за 868 тысяч долараў. Каспяровіча затрымалі напрыканцы 2018 года, ён адразу напісаў яўку з павіннай, заключыў дасудовае пагадненне і цалкам прызнаў віну. Сярод 16 падсудных прынамсі трое, згодна з версіяй следства, перадавалі хабар Каспяровічу або Падгорнаму.

«Яму не спадабалася, што я сказала гэта ўслых»

Суд па справе Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адна з ключавых сведак у абвінавачанні супраць Фелікса Каспяровіча – Ганна Турчына. Следчыя мяркуюць, што менавіта яна перадавала грошы ад свайго начальніка, фактычнага кіраўніка ТАА «Мабільны сэрвіс» Уладзіміра Жыліна (іншы абвінавачаны па справе паводле арт. 431 КК РБ «дача хабару», знаходзіцца за кратамі). У судзе жанчына прызнала, што менавіта яна вырашыла прапанаваць чыноўніку Нацбанку 10 % ад сумы дамовы за вылікам усіх падаткаў і збораў, а Жылін пагадзіўся на такую схему. У ранейшых паказаннях жанчына цвердзіла, што ініцыятыва дачы хабару належыць яе начальніку.

«Пасля таго, як былі конкурсы і мы іх выйгравалі, мы рэалізоўвалі гэтую дамоўленасць», – сказала Турчына.

Упершыню яна аддзячыла чыноўнікаў Нацбанку Каспяровіча і Падгорнага ў траўні 2012. Тады іх фірма заключыла дамову з Нацбанкам на тэхнічнае падтрыманне абсталявання. І Турчына перадала $ 14 500. Гэтыя грошы былі з яе ўласнай прэміі. (Супрацоўнікі фірмы атрымлівалі прэмію ў выглядзе 1 % ад кожнага паспяховага праекту).

«Гэтыя грошы былі не за тое, што яны ўзгаднілі дамову, а за тое, што ў нас была інфармацыя пра конкурс», – сказала Турчына.

Разгляд справы Уцюрына ў сталіцы.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У 2016 годзе супрацоўніца ТАА «Мабільны сэрвіс» пасля заключэння дамовы на мадэрнізацыю тэхнічных сродкаў перадала Падгорнаму $ 260 тысяч. Ці ведаў ейны кіраўнік Уладзімір Жылін, што частку сваёй прэміі яна перадае чыноўнікам Нацбанку – жанчына «дакладна сказаць не можа».

«Вы атрымліваеце $ 260 тысяч ад Жыліна, і хочаце сказаць, што ён не разумеў на што яны?», – запытаў суддзя.

«Гэта ж суб’ектыўна. Я магу думаць, што разумеў, а ён можа не разумеў. Мы ж у самым пачатку ўсё з ім абмеркавалі, навошта кожны раз яшчэ раз казаць».

Агулам Турчына перадала Каспяровічу з Падгорным $ 500 250. Зазвычай яны абодва прыязджалі на перадачу грошай у працоўныя дні. Каспяровіча затрымалі пры апошняй такой перадачы ад Турчыной. У снежні 2018 года яе выклікалі ў якасці сведкі па справе Броўкі (іншы абвінавачаны ў справе 16-ці, таксама супрацоўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», які па версіі следства перадаваў хабар менеджару «БПС-Сбербанк» Панамарову). Праз некаторы час яна напісала яўку з павіннай і расказала следству пра дачу хабару Каспяровічу і Падгорнаму. Пасля – падпісала згоду на ўдзел у аператыўным мерапрыемстве, атрымала ад праваахоўных органаў $ 20 тысяч долараў і паехала на сустрэчу з Каспяровічам.

«Я яму паклала празрысты пакет з грашыма ў заплечнік і сказала, што гэта за тэхнічнае абслугоўванне (за дагавор на тэхнічнае абслугоўванне – заўв. Belsat.eu) і астатняе будзе потым. Яму не спадабалася, што я сказала гэта ўслых», – узгадвае сведка.

«І ён не адмовіўся ад грошай?», – пытае пракурор.

«Я спадзявалася, што так і будзе».

Фелікс Каспяровіч. Фота са старонкі Facebook

Раней сам Фелікс Каспяровіч на судзе казаў, што не хацеў браць апошнія $ 20 тысяч. Паводле былога чыноўніка Нацбанку, за чатыры месяцы да арышту ён сустрэўся з Ганнай Турчыной. Каспяровіч, які ў канцы 2017 года перайшоў на працу ў Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр (БМРЦ), патлумачыў ёй, што іх звычайны парадак працы (адкаты за кантракты з Нацбанкам) цяпер ужо неактуальны і прапанаваў прыпыніць стасункі. З ягоных словаў, у снежні Турчына раптоўна пачала «бамбаваць» Каспяровіча прапановамі «закрыць папярэдні перыяд» – то бок перадаць яшчэ адзін хабар за папярэднія паслугі. Каспяровіч нарэшце пагадзіўся.

«У выніку я тут», – канстатаваў ён.

Наста Кахановіч Belsat.eu

Стужка навінаў