Касмічны праект ратавання беларускіх балотаў атрымаў прэмію на сусветным конкурсе


Праект беларускіх архітэктараў атрымаў ганаровую прэмію амерыканскага конкурсу «Skyscraper Competition 2019», які ладзіць з 2006 года адзін з самых папулярных архітэктурных часопісаў у свеце «eVolo Magazine».

Праект беларускіх архітэктараў.
Фота: evolo.us

Прэмія прысуджаецца за дальнабачныя ідэі, якія дзякуючы новаму выкарыстанні тэхналогій, матэрыялаў, эстэтыкі і арганізацыі прасторы кідаюць выклік сучаснаму разуменню вертыкальнай архітэктуры і яе ўзаемасувязі з натуральным і штучным асяроддзем.

Каманда маладых архітэктараў (Пётр Юрчанка, Аляксей Кунько, Уладзіслаў Сідарэнка ды Дзмітрый Ткачук) прадставіла на конкурс праект «Плаваючая вежа», закліканы выратаваць беларускія балоты – «лёгкія планеты».

Як адзначаюць аўтары праекту, за 60 гадоў плошча беларускіх балотаў скарацілася ў 3,5 разы. Масавае асушэнне балотаў прывяло да незваротных наступстваў, такіх як пажары, засуха, дэградацыя глебы і поўнае знішчэнне некаторых відаў жывёлаў і раслін.

«Чалавецтва марыць наведаць Марс. Навошта? Даволі хутка мы зробім пустыню Марс на нашай планеце сваімі рукамі», – заяўляюць беларускія архітэктары.

Праект беларускіх архітэктараў.
Фота: evolo.us

Мэта «Плаваючай вежы» – аднавіць асушаныя балоты шляхам арашэння. Канструкцыя складаецца з дзвюх сфер, аб’яднаных сістэмай кабеляў. Верхняя сфера, якая адказвае за палёт усёй канструкцыі, уяўляе сабой высокатэхналагічны шар, пакрыты мембраннай тканінай звонку, у якой назапашваецца кандэнсат – тысячы літраў вады ў дзень. Ніжняя сфера ёсць рэзервуарам для назапашвання гэтай вады і арашэння будучых балот.

Акрамя таго, у вежы ёсць даследчыя цэнтры, класныя пакоі і памяшканні для кароткачасовага знаходжання людзей.

Hавiны
Пажар на Альманскіх балотах лакалізавалі
2019.04.26 18:02

«Мы зможам аднавіць тысячы гектараў глебы, зможам тушыць самыя маштабныя лясныя пажары, змагацца з засухамі і паводкамі. Па ўсёй планеце!» – упэўненыя архітэктары.

На іх думку, гэтая канцэпцыя задасць правільны вектар развіцця як для архітэктуры, гэтак і для ўсяго чалавецтва.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў