Кашмарны сон Івана Чыгрынава


Калі нам сняцца кашмарныя сны, то вельмі часта мы памятаем не столькі выразны сюжэт, колькі абрыўкі гэтых жахаў, не звязаныя ў нейкі лагічны сюжэт.

Выдатны беларускі пісьменнік Іван Чыгрынаў, якому сёння споўнілася б 85 гадоў, неаднаразова перажываў пачуццё жаху, няўпэўненасці, унутранае разуменне незваротнай катастрофы.

Быццам не ведаў, што такое цэнзура

Па ўспамінах Івана Шамякіна, ён трымаў у шуфлядзе працоўнага стала пісталет і пагражаў, што застрэліцца. Вонкава паспяховы творца, які меў усе магчымыя высокія званні (ён і Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, і кавалер Ордэну Дружбы народаў, і народны пісьменнік Беларусі) – у душы заставаўся чалавекам, з хваравітым пачуццём, што вось яшчэ крыху і наступіць нешта незваротна-моташнае.

Калі чытаеш самы знакаміты твор Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», то не можаш даць сабе веры, што напісаны гэты раман у брэжнеўскія застойныя часы. Такое адчуванне, быццам ствараў яго ўнутрана і вонкава свабодны творца, прыхільнік авангарднага мастацтва, літаратуры, якая выяўляе «плынь свядомасці», здаецца, быццам напісаны твор чалавекам, які не ведае, што такое цэнзура і якія-небудзь творчыя абмежаванні.

Фота: wikipedia

Адзінокае ласяня, хвоі, балоты

Дзеянне адбываецца пад час самага пачатку вайны ў 1941 годзе. Перад намі – не лінейная, рэалістычная проза. Іван Чыгрынаў, упершыню ў нашай беларускай літаратуры выявіў вайну з нейкага сюррэалістычнага гледзішча. Чытаеш «Плач перапёлкі» і ловіш сябе на думцы, што трапіў у кашмарны сон.

Вёска, нейкія бясконцыя хвоі, балоты, туман, адзінокае ласяня, што блукае ў лесе, бязмэтныя, як у Купалаўскага Сама з паэмы «Сон на Кургане», вандроўкі героя па фантасмагарычным ландшафце, немцы, якія з’яўляюцца ў гэтым дзіўным сне нейкімі размытымі чорнымі плямамі… Падобны погляд на вайну, безумоўна, уражвае.

Ніхто з нашых тагачасных пісьменнікаў не ператвараў яе ў такі кашмарны, пякельны сон, дзе пануе злавесны алагізм, хаос, падкрэсленая бессюжэтная хісткасць, якая надае яшчэ большай трывогі і роспачы.

Hавiны
Страшнае адкрыццё Васіля Быкава
2018.06.22 09:00

Дзіцячае ўспрыняцце вайны

Чытаць гэта цяжка, як і слухаць напрыклад авангардную музыку Лігеці. Але, калі настроіўся, калі адчуў дзіўнае хараство ад такога мастацтва, то адарвацца цяжка.

Тут пануе нейкае хваравітае пачуццё паразы і страху: галоўныя героі хацелі ўзарваць мост, але бомба не спрацавала, імкнуліся падпаліць гэты мост, забраўшы сноп жыта, але баба вясковая не дала. Персанажы нейкія падкрэслена разгублена-непрыкаяныя… блытаюцца, куды ісці, татальна не ведаюць дарогі… начная цемра іх заўсёды знячэўку накрывае… Што? Куды? Чаму? Адчуваеш сябе сам, бы ў нейкім змроку, дзе ўсё, як бы знаёма і разам з тым – не.

Іван Чыгрынаў перадаў тут сваё дзіцячае ўспрыняцце вайны, той жах, калі ты шмат чаго не ведаеш, і знаходзішся ў прыгламошаным стане, адчуваючы, што ў любую секунду можаш ні за што загінуць сам.

Усяляк маскіраваў эмоцыі

Многія згадвалі, што вонкава Іван Чыгрынаў трымаўся дастаткова важна і нават пыхліва. Нагадваў гэтага фанабэрлівага шляхціца, які любіў частаваць добрым віном маладых літаратараў, мала цікавіўся поспехамі іншых, а больш любіў, калі хвалілі яго.

Але ж былі і ўспаміны Шамякіна, які паказаў нам іншага Чыгрынава. Без маскі, без гульні. Шамякін дзівіўся нервовасці аўтара «Плачу перапёлкі», не разумеў яго жаданняў абарваць жыццё пісталетным стрэлам. Не разумеў, якія прычыны служылі падобным нарваным эмоцыям, якія пісьменнік стараўся ўсяляк маскіраваць.

Чыгрынаў памёр дастаткова рана. Яму было ўсяго шэсцьдзесят гадоў. Ён не быў самагубцам. Памёр ад хваробы. Гэты адметны празаік, які стварыў сваю, ні на кога не падобную прозу пра вайну, забраў сваю тайну ў магілу.

Сяргей Піліпчэня Belsat.eu

Стужка навінаў