Карупцыя і нізкія заробкі. Як Баранавічы сустрэлі Лукашэнку


У пятніцу, 22 сакавіка, кіраўнік Беларусі прыехаў у Баранавічы. Апошні раз ён наведваў горад тры з паловаю гады таму – 27 жніўня 2015-га, за паўтара месяца да свайго чарговага пераабрання.

Hавiны
Лукашэнка ў Баранавічах адзначыў, што многія краіны свету чакаюць падтрымання Беларусі
2019.03.22 11:34

Тады Лукашэнка прыязджаў на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне ды вучыў кіраўніцтва прадаваць, а супрацоўнікаў заклікаў «напружыцца». Работнікаў прадпрыемства хвалявала магчымасць павышэння пенсійнага ўзросту. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтая тэма нават не разглядаецца, а ўжо 11 красавіка 2016 года падпісаў указ пра паэтапнае падвышэнне.

Надалей ён рэгулярна звяртаўся да пытання развіцця гораду, які, паводле яго, трэба «ажывіць» і «узняць на больш высокі ўзровень» па прыкладзе Воршы. Лукашэнка падкрэсліваў, што тут «трэба развіваць не толькі вытворчасці з добра аплатнымі рабочымі месцамі, але і камфортнае асяроддзе для жыцця людзей».

Але апошнія звесткі афіцыйнай статыстыкі сведчаць пра тое, што прывабным горад застаецца толькі для жыхароў Баранавіцкага ж раёну. Гэтак, за 2012-2017 гады насельніцтва Баранавічаў вырасла на 9325 чалавек, тады як колькасць жыхароў Баранавіцкага раёну за гэты час скарацілася на 9343 чалавекі. Пры гэтым у 2017 годзе адзначылася і скарачэнне гарадскога насельніцтва (зменшылася за год на 273 чалавекі) і скарачэне насельніцтва раёну (амаль на чвэрць – з 40 193 да 30 850 чалавек).

Заробкі ў горадзе і раёне таксама не дацягваюць да сярэдніх па краіне. Намінальны налічаны сярэдні заробак у горадзе ў снежні 2018 года склаў 977,9 рубля, у раёне – 901,1. І хоць з 2014 года яны выраслі больш, чым у 1,5 разы, да сярэдніх 1115,3 рубля па краіне яшчэ далёка.

Hавiны
Ферму замаскіравалі, мыюць мост, у Баранавічах наводзяць парадак перад прыездам Лукашэнкі
2019.03.21 22:12

З моманту апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Баранавічы горад скалыхнуў шэраг буйных скандалаў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Гэтак, за пʼянае ДТЗ, у якім загінула жанчына, на 7 гадоў быў асуджаны начальнік Баранавіцкай ДАІ. За хабар 5 гадоў зняволення атрымаў дырэктар «Баранавічы Камунцепласетка». А супраць супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама распачалі 22 крымінальныя справы – за парушэнні пры выдачы субсідый.

Увогуле ж, як адзначыў у каментары Belsat.eu мясцовы ўраджэнец Дзяніс Жыдаль, які часта наведвае родны горад, прыязджаючы да бацькоў, у развіцці Баранавічаў ёсць і станоўчыя, і адмоўныя моманты.

«Са станоўчых адзначу развіццё новых раёнаў гораду, будаўніцтва там жылля – напрыклад, раён Бараўкі. Ёсць пэўны прагрэс у добраўпарадкаванні. Як прыклад – тэрыторыя побач з аўтапаркам №2, мой родны раён. Адкрываюцца гандлёвыя цэнтры, крамы», – распавёў суразмоўца.

Што тычацца самай вялікай праблемы, то, на думку Дзяніса, гэа цяжкасць знайсці працу з добрай аплатай. Жыхары Баранавічаў па-ранейшаму вымушаныя ездзіць на працу ці ў Менск, ці ў Расею, ці ў Польшчу, каб зарабляць нармальныя грошы і ўтрымліваць сямʼю.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў