Карціны з Пуціным паказалі ў Горадні


Выстава англійскага мастака Джорджа Сміта прайшла ў гарадзенскім Новым замку, на адкрыцці прысутнічала больш за сотню людзей.

Нарадзінец Лондану Джордж Сміт ужо 10 гадоў жыве ў Горадні. Прадстаўленыя на выставе карціны – партрэты палітычных дзеячаў, серыя «Турбулентнасць», інтэрпрэтацыі вобраза індыйскага бога Ганешы – таксама былі створаныя тут.

Найбольш увагі, вядома, прыцягнулі да сябе два партрэты Пуціна. На адным расейскі прэзідэнт намаляваны ў кімано дзюдаіста, у іншым – з аголеным торсам, у камуфляжных штанах ды берцах.

Апошняя карціна – своеасаблівы рэмэйк знакамітага роспісу Мікеланджэла «Стварэнне свету» ў Сікстынскай капэле ў Рыме. У Сміта карціна называецца «Прэзідэнт і Бог».

«У Мікеланджэла Адам цягне да Бога руку, – тлумачыць спадар Джордж. – А ў мяне бачна, што на месцы Адама Пуціну сумна і ён да Бога не выяўляе аніякай цікавасці. Чаму берцы і камуфляжныя штаны? Бо ён таксама і паляўнічы».

Партрэт Пуціна ў касцюме дзюдаіста не менш цікавы, бо на ім лідар Расеі трымае некага ці нешта ў руках: прадмет застаецца па-за полем карціны. Сам мастак патлумачыў, што Пуцін тут «нешта забірае». На пытанне, ці маецца тут на ўвазе Крым або Данбас, Сміт усміхаецца: «Можа быць, можа быць».

Выстава адкрытая на цалкам афіцыйнай пляцоўцы – у вялікай сенатарскай залі Новага замку. На адкрыцці акрамя журналістаў і дырэктара музею прысутнічала больш за 100 наведнікаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў