Аляксандр Фядута Карціна алеем. «Лука Грозны і сын яго Лука»

паліткансультант

Альбо якія нестыкоўкі ў інфармацыі аб супрацоўніцтве Андрэя Уцюрына з расейскімі спецслужбамі знайшоў наш калумніст.

Агенцтва «Росбалт» паведаміла… Зрэшты, што гэта за агенцтва такое?

«Росбалт», як яно вызначае ўласны статус на інтэрнэт-старонцы, – «федэральнае інфармацыйна-аналітычнае агенцтва з галоўнымі офісамі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, прадстаўніцтвамі ў Расеі і краінах блізкага замежжа». Перыядычна яно (гэта ўжо мае пустыя домыслы) распаўсюджвае інфармацыю, што мяжуе з вельмі праўдападобнай, але якую, падобна, медыі, у той ці іншай ступені звязаныя з Крамлём, распаўсюджваць ад свайго імя не захацелі.

Эксперт: Былы ахоўнік Лукашэнкі стаў для яго небяспечным

На гэты раз «Росбалт» паведаміла, што першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Уцюрын мог быць затрыманы і на некаторы час ізаляваны ад грамадства таму, што ці ледзь не кіраваў змовай з мэтай звяржэньня дзейснага беларускага кіраўніка на карысць… яго старэйшага сына. Увогуле, можна лічыць, што паўтаралася знаёмая старонка з гісторыі Расейскай Імперыі: граф Пален, які курыруе сілавыя структуры, кіраваў змовай супраць гасудара імператара Паўла I на карысць яго сына Аляксандра Паўлавіча, які пра ўсё ведаў, хоць, як сцвярджае гісторыя, страшна пры гэтым баяўся грознага бацькі.

Лукашэнка афіцыйна звольніў Уцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званне вайскоўца»

Аднак там змова, як мы ведаем, атрымалася. Тут жа, калі яна і мела месца, то відавочна не атрымалася, а мы ледзь не атрымалі карціну маслам пэндзляў (цытую стары савецкі фільм) мастака Рэпіна: «Лука Грозны і сын яго Лука». Памятаеце: ашалелымі вылупленымі ад жаху вачыма глядзіць грозны кіраўнік у будучыню, а на руках у яго стогне моцна збіты (як пазней высветліцца – да крытычнага стану) старэйшы сын, спадчыннік і цёзка ўладара. Карціна настолькі ўражваючая, што вось ужо ў другі раз за два стагоддзі нейкі псіхапат, глынуўшы гарэлачкі ў буфеце Траццякоўскай галерэі, паспрабаваў яе знішчыць.

Карціна, як той казаў, – урок царам.

Аднак некалькі дадатковых каментароў да інфармацыі, «разбалтанай» «Росбалтам», можна зрабіць.

Тут шмат што не сыходзіцца. Напрыклад, тое, што змова была адначасова накіраваная супраць Аляксандра Лукашэнкі на карысьць Віктара Лукашэнкі і нібыта ажыццяўлялася прарасейскай агентурай. Некалькі гадоў таму ўпарта хадзілі чуткі пра тое, што наш «бацяня-камбат» менавіта такі варыянт ратацыі прапаноўваў стомленаму сонцам і ўладай гаспадару Крамля. З гэтай мэтай старэйшага сына нібыта вазілі ў Сочы, а потым прадстаўлялі Рамзану Кадыраву. Аднак Уладзімір Пуцін нібыта катэгарычна выказаўся супраць, спытаўшы, ці перастаў ужо памочнік прэзідэнта Беларусі па пытаннях нацыянальнай бяспекі прадаваць тавары падвойнага прызначэння (ці трэба тлумачыць, што гэта такое?) Украіне. Тым самым тэма падобнай пераемнасці была зачынена, і ніякай Рамзан тут дапамагчы не мог, нават калі падобнае жаданне ў яго было. Моцна сумняваюся, што расейская агентура сапраўды пра гэта не ведала.

Арыштаваны намеснік сакратара Савету бяспекі. Якую цуру згатуюць публіцы гэтым разам?

Па-другое, нядаўняе плыннае перасоўванне нібыта зарваўшагася прэзідэнцкага першынца на пасаду першага віцэ-прэзідэнта НАК, сапраўды, некалькі нагадвае ганаровую адстаўку. Але ўказа аб вызваленні Віктара Аляксандравіча Лукашэнкі ад пасады памочніка прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі апублікавана не было. А цяпер падобнае вызваленне выглядала б як пацверджанне «росбалтаўскай» версіі і таму становіцца немагчымым. Як мне здаецца, татулька гэта добра разумее, а, стала быць, было б усё ў зусім іншай паслядоўнасці: спачатку – ганаровая адстаўка сына з пасады куратара сілавога блока, а ўжо потым – затрыманне «агентуры» у поўным складзе.

І, нарэшце, апошні каментар.

Гэта як трэба давесці і ўласную краіну, і навакольныя краіны да такога стану, каб усе думалі, што сын ненавідзіць свайго бацьку і марыць аб яго сыходзе ў адстаўку прыкладна гэтак жа, як і дзве траціны астатняга насельніцтва!

Дарэчы, меркаванне рэдакцыі сапраўды можа не супадаць з маім меркаваннем. Але тут ужо нічога не зробіш. Я, напрыклад, не згодны з «Росбалт». І што з таго?

ІР

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары