«Канцлагер для быдла». У Стрэшыне працаўнікам плацяць здохлымі каровамі


У паселішчы Стрэшын, што ў Жлобінскім раёне, трупы кароў з мясцовага агракомплексу хаваюць у хлявах і на падворках мясцовых жыхароў. Загад развозіць здохлую жывёлу і аддаваць на корм сабакам атрымалі працаўнікі фермы «Стрэшынскі», бо могільнік быдла перапоўнены.

Упершыню аб праблемах у комплексе «Стрэшынскі» стала вядома летась у ліпені, калі мясцовы жыхар выклаў у сеціве відэа, як каровы паміралі, захрасаючы ў гноі, а іх трупы збіралі недалёка ад фермы пасярод поля. Цяпер сітуацыя выглядае яшчэ горш, распавёў belsat.eu былы працаўнік прадпрыемства Раман. У доказ ён прыслаў фота, дзе дохлая карова ляжыць проста пад плотам, а побач ходзяць куры. Быдла гіне ад голаду і занядбання, а расплачваюцца за безгаспадарчасць звычайныя працаўнікі.

Ежы няма, ёсць толькі салома

Раман кажа, што да яго звярнуліся былыя калегі з фермы, якіх змушаюць развозіць здохлых кароў па вяскоўцах, знаёмых ды сваяках. Такім чынам кіраўніцтва хавае масавы падзеж. Раман называе прычыну паморку скаціны: летась кароў даілі дзень і ноч, не асемянялі, медыкаментаў не давалі.

Здохлыя каровы пад плотам. Стрэшын. Фота суразмоўцы belsat.eu

Жывых кароў засталося вельмі мала: іх амаль не кормяць, бо ў калгасе няма мукі, а камбікормавы завод не дае прадукцыі, бо ў «Стрэшынскага» вялікія пазыкі. Пасля мінулай публікацыі кароў пачалі даглядаць, але з часам усё зноў вярнулася ў заняпад:

«Вось і выходзіць, што каровы толькі салому і ядуць. Сілас ёсць, але вельмі мала. Працаўнікоў на ферме не хапае. Калі кіраўніцу калгасу Вольгу Камай адсунулі, там працавалі адказныя людзі. Яны добрасумленна ставіліся да працы. Самі збіралі травы, прасілі кіраўніцтва даць медыкаменты. Але Камай усіх пазвальняла».

ВІДЭА
«Ды нармальна ўсё з імі»: у Гомельскай вобласці каровы дохнуць у гнаі. УВАГА! ЖОРСТКАЕ ВІДЭА
2019.07.15 10:31

Адказных за паморак дагэтуль не пакаралі

Калі летась сітуацыя атрымала розгалас, супраць кіраўніцы аграпрадпрыемства «Стрэшынскі» Вольгі Камай распачалі крымінальную справу. Аднак ніякай адказнасці жанчына дагэтуль не панесла, кажа Раман:

«Яна сышла ў адпачынак. Яе мусілі звольніць 17 лютага, але яна прыйшла на працу. Будучы ў адпачынку таксама прыходзіла, усё кантралявала. Суда дагэтуль не было. Кажуць, што хутка будзе, але даты ніхто не падае».

Працаўнікі калгасу развозяць здохлую жывёлу. Стрэшын. Фота суразмоўцы belsat.eu

Вясковец не раз скардзіўся на сітуацыю ў аграгаспадарцы, аднак ніхто не зацікавіўся:

«Толькі раз праваахоўнікі адрэагавалі. Я паведаміў, што карова ляжыць у каналізацыі ўжо другі месяц проста пад будынкам, дзе засядае Камай, бухгалтэрыя. Жывёліна туды звалілася, не маглі дастаць, дык прыкрылі яе бетоннай плітой, каб не глядзець. Прыязджаў МНС, дасталі».

Паводле яго, людзі на ферме баяцца скардзіцца на Камай, бо не хочуць страціць працу:

«Калектыў скардзіўся на яе, што зневажае, прымушае рабіць дадатковую працу. Ліст пісалі ў прэзідэнцкую камісію, адказу не было».

Фота
«Абасраныя каровы ў «Купалаўскім» – кветачкі». На радзіме Лукашэнкі жывёла жыве ў пекле
2019.05.24 13:27

Заробак не грашыма, а кілаграмамі здохлага быдла

Каб неяк выжыць, працаўнікі спрабавалі прадаць здохлых кароў, бо, паводле Рамана, рабочым ужо паўгода не выдаюць заробку цалкам:

«Бухгалтэрыю прымушаюць выпісваць мяса ў кошт заробку, а тых, хто не згаджаўся, пагражалі звольніць. Дый мяса гэтага ніхто і не бачыў. Прыходзілася браць і выкідваць. Было нармальнае мяса, але рэдка. Шмат хто і не ведаў, што гэта мяса здохлых кароў, бралі і елі як звычайнае. А калі карова здохла на чыёйсьці змене, то на іх запісвалі страту».

Месцы, дзе хаваюць кароваў. Стрэшын. Фота суразмоўцы belsat.eu

Раман кажа, што яму пагражалі, прапаноўвалі грошы, каб не выкладаў відэа і фотаздымкаў, але мужчына адмовіўся.

«Яны хацелі, каб я зняпраўдзіў усё, што расказаў. Яна кажа, што нічога не ведала, што не падпісвала, але шмат хто бачыў і чуў, як яна аддавала загады».

ВІДЭА
Жлобінскіх кароў, якія падохлі ў гнаі, з перапалоху закапалі?
2019.07.16 12:22

Ці праўда гэта?

Інфармацыю Рамана пацвердзіў яшчэ адзін былы рабочы «Стрэшынскага», Васіль. На думку мужчыны, нічога не зменіцца, пакуль не зменяць кіраўніцтва і не прыедзе сапраўдная камісія.

У бухгалтэрыі аграпрадпрыемства belsat.eu паведамілі, што пра сітуацыю з каровамі ведаюць, але «не маюць на яе ўплыву».

Кіраўніца фермы «Стрэшынскі» Вольга Камай размаўляць пра падзеж быдла не захацела:

«Я ў адпачынку, дый нічога пра гэта гаварыць не буду, выбачайце. Навошта распаўсюджваць чуткі? Бывайце».

Рэдакцыя мае відэадоказы, на якіх ёсць дохлая скаціна, але з этычных прычынаў мы іх не публікуем.

Hавiны
«П’яныя супрацоўнікі не кормяць кароваў». У Жлобінскім раёне масава паміраюць цяляты?
2019.07.10 12:26

Чытайце таксама:

«Прымушаюць перарабляць га*но». У «Еўраопце» тухлае мяса дадаюць у беляшы, каўбасу і фарш

«Голыя ж ходзім». З «Еўраопту» звольнілі працаўніцу, якая паскардзілася на камеры ў раздзявалцы

«Усё роўна здохне». Праз нядбаласць медыкаў хворая на рак мянчанка памірала ў пакутах

ДР belsat.eu

Стужка навінаў