Кароткая гісторыя какаіну ў Расеі: ад Першай сусветнай да «мутак» Пуціна


Так не плачьте ж, не стоит, моя одинокая деточка,

Кокаином распятая в мокрых бульварах Москвы.

Лучше синею шейку свою затяните потуже горжеточкой

И ступайте туда, где никто Вас не спросит, кто Вы.

«Кокаинеточка», Аляксандр Вярцінскі. 1916 г.

Напачатку ХХ ст. у Расейскай імперыі какаін выкарыстоўваўся ў якасці леку, галоўным чынам як анестэтык. Ён свабодна прадаваўся ў аптэках. Адныя набывалі яго, каб падняць настрой перад выхадам на сцэну, як гэта рабіў спявак Аляксандр Вярцінскі, а іншыя глыталі какаінавыя таблеткі ў акопах падчас Першай сусветнай вайны.

Какаінавыя цукеркі

«Прадаваўся ён [какаін. – Заўв. Belsat.eu] спачатку адкрыта ў аптэках, у запячатаных карычневых бочачках па адным граме. Найлепшы, нямецкай фірмы «Марк» [імаверна, гаворка ідзе пра фірму «Merck» у Дармштаце. – Заўв. Belsat.eu], каштаваў паўрубля за грам. Потым яго забаранілі прадаваць без рэцэпту, і даставаць яго станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Яго прадавалі ўжо «з рук» – нячысты, напалову з зубным парашком, і каштаваў ён у дзесяць разоў даражэй… Карацей кажучы, какаін быў праклёнам нашай маладосці», – піша ў сваіх мемуарах Вярцінскі.

Аляксандр Вярцінскі

Пэўны час какаін нюхала ледзь не ўся расейская багема. Пра папулярнасць какаіну сведчыць тое, што назва наркотыку сустракаецца ў творах Булгакава, Маякоўскага, Нясмелава. Брокгаўз рэкамендаваў какаін у якасці сродку ад марской хваробы, а ў аптэках прадавалі какаінавыя цукеркі, якімі лячылі хворае горла.

Горсточка звезд,

ори!

Шарахайся испуганно, вечер-инок!

Идем!

Раздуем на самок

ноздри,

выеденные зубами кокаина!

Уладзімір Маякоўскі, «Вайна і мір»

Какаін для гарматнага мяса

У часе Першай сусветнай вайны Расейская імперыя набывала на медычныя патрэбы какаін у Нямеччыне, з якой ваявала, а таксама ў Галандыі.

Паводле некаторых звестак, нямецкая фірма «Merck» выпусціла з 1912-га да 1914 гг. 21 тону какаіну, а пасля Першай сусветнай штогод выпускала 1,5 тоны.

Паводле галандскай даследчыцы Коні Браам (Conny Braam), амстэрдамская какаінавая фабрыка за гады Першай сусветнай вайны выпусціла 13 тонаў наркотыку. Галандцы прадавала сваю какаінавую сыравіну брытанцам, якія пакавалі наркотык у флаконы пад назваю «Forced March» («Паскораны марш»).

На этыкетцы «Forced March» напісана: «аслабляе пачуццё голаду і павялічвае вынослівасць»

Сістэма дыстрыбуцыі какаіну праз аптэкі ў Расеі перастала працаваць пасля рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны і распаду Расейскай імперыі.

Калумбійская тушонка

Новы какаінавы этап у гісторыі Расеі пачаўся праз шмат гадоў, але ўжо пасля распаду савецкай імперыі.

Фота
На караблі з расейскім экіпажам знайшлі 10 тонаў какаіну
2019.02.02 09:09

Першую тону какаіну ў сучасную Расею прывезлі піцерскія бандыты. У банках з-пад тушонкі.

У 1993-ім выбаргская мытня канфіскавала 1090 кг какаіну, запакаванага ў банкі з надпісам «Мяса з бульбаю». Груз прыйшоў з Калумбіі.

Паводле журналіста Дзмітрыя Запольскага, не апошнюю ролю ў гісторыі паставак какаіну ў Расею адыграў дзейсны кіраўнік краіны Уладзімір Пуцін, якога на пачатку 90-ых узяў на працу мэр Анатоль Сабчак. У піцерскай адміністрацыі Пуцін адказваў за кантроль над «чорным налам» і кантакты з бандытамі.

«Гэта была ягоная праца – развязваць пытанні і «разрульваць» тэмы. Для гэтага яго і паклікаў Сабчак, а потым і Ельцын. Магчыма, менавіта гэтае ўменне Пуціна кантраляваць усе плыні, і ўзнесла яго на цяперашняе месца, бо ён – ідэальны менеджар карпарацыі, у якой акцыянеры імкнуцца захаваць і прымножыць свой капітал», – распавядае Запольскі ў размове з rusmonitor.com.

Hавiны
У бельгійскім порце знайшлі 2 тоны какаіну з лагатыпам «партыі Пуціна». Відэафакт
2018.08.25 13:32

Дзмітрый Запольскі – журналіст, палітык, дарадца Анатоля Сабчака на выбарах губернатара (1995 г.), прафесар Акадэміі дзяржаўнай службы пры прэзідэнту РФ, віцэ-прэзідэнт дзяржаўнай карпарацыі «Русское видео».

Паводле Запольскага, у 90-я Пуцін кантраляваў порт Ламаносаў, праз які ў Расею маглі прывозіць і какаін.

«Какаін у Піцеры быў як зубны парашок. Наагул паўсюль. Нават у Смольным у асабліва шустрых хлопцаў. У начных клубах у пэўны перыяд уласнікі ўсё столікі пакрылі шклом, бо «залатая тусоўка» хадзіла туды, дзе зручна было «араць дарожкі» наўпрост на сталах. Тады ўсё казалі, што какаін прыходзіць з Калумбіі, але везлі яго ў скрынях з бананамі і потым захоўвалі ў моргу судова-медычнай экспертызы, хаваючы скруткі сярод «безгаспадарных» трупаў», – распавядае журналіст.

Яшчэ адзін какаінавы эпізод у кар’еры Пуціна – скандальная фірма «SPAG» (S.Peterburg Immobilien und Beteilgungen Aktiengesellshaft).

Фірма была зарэгістраваная ў Франкфурце 23 ліпеня 1992 г. Яе заснавалі 4 асобы: Пуцін (ад імя піцерскай мэрыі), Рудальф Рытэр (уплывовы фінансіст з Ліхтэнштэйну), Уладзімір Смірноў (блізкі сябар Пуціна) і Юрый Львоў (кіраўнік банку «Санкт-Пецярбург»).

Рэдактар сайту «Путинизм» Арцём Круглоў падрабязна апісвае схему, паводле якой працавала «SPAG», адмываючы ў тым ліку і какаінавыя грошы з Калумбіі.

Кампанія спыніла дзейнасць у 2000-ыя, калі сувязямі расейцаў і калумбійскага наркакартэлю Калі заняліся нямецкія і амерыканскія праваахоўнікі. Паводле аднаго з фігурантаў гэтай справы Уладзіміра Купарына, (цяпер сядзіць у турме, узначальваў кампанію «Знаменская» – апошняе звяно ў схеме адмывання какаінавых грошай), наркатрафік з Калумбіі яму параіў узяць пад кантроль колішні кіраўнік Федэральнай службы па кантролю за абаротам наркотыкаў (ФСКН) Мікалай Аулаў. З 2016 года ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Расея ігнаруе запыт на выдачу Аулава.

У 2015 годзе падчас расследавання справы аб атручванні Літвіненкі стала вядома, што нябожчык займаўся зборам матэрыялаў аб сувязях Уладзіміра Пуціна і наркагандляроў. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў аналітычнай нататцы Юрыя Швяца (былы працаўнік КДБ, які жыве ў ЗША і па справе Літвіненкі праходзіў у якасці сведкі).

У нататцы згадваецца блізкі сябар Уладзіміра Пуціна Віктар Іваноў, які нібыта меў дачыненне да кантролю наркатрафіку.

У 2015 годзе Іваноў заявіў, што напісаная пра яго нататка – «атака на Пуціна». Да 2016-га Іваноў узначальваў Дзяржнаркакантроль. У гэтым жа годзе яго знялі з гэтай пасады. 7 траўня 2016 года Іванова выключылі са складу Рады бяспекі РФ.

ВІДЭА
У аргентынскім крэматорыі спалілі 400 кг какаіну з расейскай амбасады. Відэафакт
2018.08.22 08:55

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў