Кароткае затрыманне Багачовай: галоўныя пытанні і адказы


Хто такая Ганна Багачова?

  • Фігурантка расследавання спецпракурора ЗША Роберта Мюлера.

Акрамя Багачовай, у спісе яшчэ 12 расейцаў, падазраваных ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары. У дачыненні да гэтых асобаў былі ўведзеныя санкцыі. Як высветлілі СМІ, многія з іх наведвалі ЗША падчас выбарчай кампаніі, каб сабраць інфармацыю з мэтай уплыву і палярызацыі амерыканскага грамадства праз актыўнасць у сацсетках з фэйкавых акаунтаў. Самая вядомая фігура ў спісе Мюлера – Яўген Прыгожын, вядомы як стваральнік не толькі «фабрыкі троляў», але і «ПВК Вагнэра», што брала ўдзел у аперацыях на Данбасе і ў Сірыі.

Ганна Багачова. Фота evgen_valyaev
  • Супрацоўніца «Агенцтва інтэрнэт-дасследванняў».

Гэта і ёсць «фабрыка троляў», што пазіцыянуе сябе як нейкая навуковая структура. У 2010 годзе Ганна скончыла прэстыжны Нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогіяў, механікі і оптыкі ў Санкт-Пецярбургу. У 2014 годзе разам з былым актывістам пракрамлёўскага руху «Нашы» Міхаілам Пацепкіным яна зарэгістравала кампанію «АйТи Дебаггер», якая нібыта займалася PR. Аднак ужо чэрвені 2014-га яна выправілася ў паездку па ЗША для «Агенцтва інтэрнэт-даследванняў». Як вынікае з абвінавачвання, фактычна Багачова ў ЗША збірала разведдадзеныя.

  • Ультраправая актывістка

Журналісты Радыё Свабода высветлілі, што сярод радыкальных нацыяналістаў Багачова вядомая пад псеўданімам «Анна Тригга». У 2000-х яна ўваходзіла ў арганізацыю «Русский образ» і мела шчыльныя сувязі з «Боевой организацией русских националистов» (БОРН). Яна таксама падтрымлівала на судзе кіраўніка БОРНа Іллю Гарачова, асуджанага пажыццёва за некалькі забойстваў, у тым ліку журналісткі «Новай газеты» Анастасіі Бабуравай і адваката Станіслава Маркелава.

Аб’ектыў
Як паўплывала на выбары ў ЗША малавядомая расяянка Ганна Багачова?
2019.10.15 23:09

Якое дачыненне Багачова мае да Беларусі?

У 2011 годзе яна выступала ў Беларусі на моладзевым форуме з лекцыяй пра інфармацыйную бяспеку. Імаверна, прыязджала сюды Багачова па запрашэнні кіраўніка грамадскага аб’яднання «Русь Молодая» Сяргея Лушча, які сёння падтрымлівае дзейную ўладу, але ў мінулым адкрыта вызнаваў ультраправыя погляды.

У пацверджанне знаёмства Багачовай і Лушча тэлеграм-канал «Белорусский порядок» апублікаваў фота, дзе яны стаяць побач на летніку ў 2012 годзе (Ганна – з кароткай стрыжкай). Акрамя іх, на фота ёсць і Яўген Валяеў, былы актывіст «Русского образа». Сёння ён называе сябе «палітычным аналітыкам Фонду развіцця інстытутаў грамадзянкай супольнасці Народная дыпламатыя».

Апошнюю структуру можна ахарактарызаваць як расейскую «дзяржаўную НДА». У Беларусі з «Народнай дыпламатыяй» звязаныя праўладныя аналітыкі Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзермант, якія сёння актыўна прасоўваюць ідэі інтэграцыі з РФ.

Адвакат Багачовай сцвярджаў, што праз Менск тая проста ляцела на адпачынак з сям’ёй. Разам з тым, вынікае, што ў Беларусі яна мае дастаткова разгалінаваную сетку кантактаў.

У каментары belsat.eu Яўген Валяеў заявіў, што Багачова «не займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю».

«Яна займаецца даследчыцкімі праектамі, а таксама працуе ў камерцыйным сектары, – сказаў ён. А абвінавачванні супраць былой паплечніцы назваў «дзіўнымі і нематываванымі». Паведаміць, дзе цяпер яна знаходзіцца, Валяеў адмовіўся.

Што гісторыя з затрыманнем Багачовай значыць для Менску?

Вядома, што Багачову затрымалі яшчэ 13 кастрычніка і два дні ніякай інфармацыі пра гэта не з’яўлялася ў публічнай прасторы. Толькі 15 кастрычніка (відавочна, калі сканчаўся тэрмін у 72 гадзіны) «РИА Новости» і «РИАФАН» (апошні звязваюць з Прыгожыным) адзін за адным паведамілі пра сітуацыю вакол грамадзянкі Расеі.

У амбасадзе РФ карэспандэнтам belsat.eu адмовіліся каментаваць інцыдэнт. Неўзабаве амбасада зрабіла заяву і пацвердзіла, што Багачовай «аказваюць консульскую падтрымку». І літаральна праз 20 хвілін пасля першай заявы выйшла другая, дзе гаварылася, што Багачова «знаходзіцца на волі».

«Ніякіх прэтэнзіяў у органаў бяспекі Беларусі да Ганны Багачовай няма», – сказаў Яўген Валяеў, відавочна, знаёмы з сітуацыяй. Акрамя таго, ён выказаў надзею, што беларускія ўлады выключаць са спісу вышуку на сваёй тэрыторыі ўсіх фігурантаў расследавання Мюлера.

На фоне пацверджання затрымання з боку МУС, дзіўна выглядае інфармацыя ў тэлеграм-канале «Подъём», якому прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант нібыта заявіла, што яго наагул не было.

Паколькі запыт на затрыманне, хутчэй за ўсё, прыйшоў у беларускія сілавыя структуры па лініі Інтэрполу, праігнараваць яго было немагчыма. З вялікай доляй верагоднасці Багачову сапраўды затрымалі ў Менску і змясцілі ў ізалятар. Расейскі бок быў пра гэта адразу ж паінфармаваны. Не даводзіцца сумнявацца, што інцыдэнт выклікаў рэзка адмоўную рэакцыю ў Маскве і далей пытанне вырашалася на самым высокім узроўні.

Цалкам магчыма, што па прыездзе ў Беларусь больш ніхто з абвінавачаных ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары не будзе затрыманы. У 2020 годзе набліжаюцца беларускія выбары, а гэта можа азначаць, што супрацоўнікі «фабрыкі троляў» актывізуюць свае кантакты з мясцовай прарасейскай «мяккай сілай» і выкарыстаюць увесь арсенал метадаў для збору інфармацыі пра настроі грамадства.

З якой мэтай гэты збор будзе ажыццяўляцца, прадказаць нескладана: усё тая ж «палярызацыя», абвастрэнне ўнутраных супрацьстаянняў. Улічваючы, што сувязь прыгожынскіх «троляў» са спецслужбамі РФ на паверхні, пагроза набывае сур’ёзны характар. Тым часам беларускія спецслужбы традыцыйна ідуць у фарватары Крамля. І калі раней па запыце расейскага боку ў Беларусі людзей затрымлівалі (і нават выкрадалі, як украінца Паўла Грыба), то цяпер і адпускаюць на волю па ўказцы Масквы.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў