«Каронавірусная заслона»

З 21 снежня часова закрываюцца наземныя межы. Афіцыйная прычына – барацьба з распаўсюдам COVID-19. І хаця дагэтуль з высокіх трыбунаў ніхто не абвяшчаў каранціну ды не прызнаваў пандэміі, праблема існуе. Проста пра яе непапулярна казаць. А вось скарыстацца сітуацыяй магчыма, хаця гэта і «хлопотное дельце».

Каб разабрацца ў пастановах Савету Міністраў, трэба мець жалезнае трыванне ды бюракратычныя схільнасці. Бо часцяком у нас пішуць на хуткую руку, маўляў, на месцы разбяруцца. Асабліва цяжка пры такіх раскладах патлумачыць усім, што адзіная прычына прыняцця гэткіх дакументаў – выключна клопат аб здароўі грамадзянаў.

Напрыклад, ты навучаешся ў «варожым» Кракаўскім універсітэце. Паводле новых правілаў, сваю пысу на радзіме цяпер можаш засвяціць толькі раз на паўгода. Гэта калі цягніком ці аўтобусам. Але самалётам, атрымоўваецца, можаш хоць штомесяц бадзяцца па прасторах Сінявокай. Як ні круці, усё выглядае як палітыка пратэкцыянізму ў дачыненні кампаніі «Белавія» ды іншых авіяперавозцаў. Галоўнае, каб грошыкі ў кішэнях боўталіся. Лётай не хачу!

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Ці вось з гэтымі наземнымі межамі. Чаму атрымоўваецца, што пракляты вірус цягне свае шчупальцы толькі праз заходнія ды паўднёвыя кардоны? У Расеі сітуацыя з пандэміяй як мінімум не лепшая, але на Саюзную дзяржаву забароны не дзейнічаюць. Ці то каронавірус на Усходзе хілага гатунку, ці то паміраць ад яго ў «саюзных абдымках» лягчэй. Калі ты батрачыў на сквапнага аўстрыйскага буржуіна, то абавязкова прывязеш заразу на радзіму. А як будаваў катэдж расейскаму генералу, то ты чысты, як «сляза камсамолкі». І як гэта ўспрымаць, як ні лабіяванне інтарэсаў расейскіх будаўнічых кампаніяў? Збірай свае рэчы на Маскву, браток-беларус!

А калі не збярэшся, то трапіш у спіс дармаедаў. А любы дармаед у нашай краіне – «гэта не проста пратэстун на вуліцы, а будучы злодзей».

Трэба іх усіх працаўладкаваць! Праўда, мы ўжо гэта праходзілі. Нічым добрым гэта не скончылася. Краіна, як кажуць, не гумавая: годнай працы ўсім не хапае.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Але сітуацыя ў Беларусі цяпер іншая. Фантазія чыноўнікаў, а галоўнае, магчымасці цяпер шыршыя. І чым Бог не жартуе ў нашай краіне? Вось, напрыклад, за кампʼютарам пішаш праграмы для замежных IT-кампаніяў. Ці швэндаешся з фотаапаратам па вуліцах ды фіксуеш падзеі жыцця. Не для раённай газеты. Ці музыку пішаш не для аграгарадковага клубу, дзе танчаць аднавяскоўцы. Што з такімі рабіць? На ўсіх газетаў ды клубаў не хопіць. Трэба разважаць маштабней!

Чаму б не пачаць будаваць працоўныя лагеры? Сабакі, кулямётныя вышкі, «калючка»… Рамантыка! Адразу ўсе «пратэстуны» зразумеюць, хто ў краіне гаспадар. А хто не зразумее, то калі ласка: «Arbeit macht frei» ад усіх непатрэбных думак. І эканоміка палезе ўгору: працуюць, а грошы плаціць ім не трэба! І значная частка сілавікоў адразу будзе пры канкрэтнай справе. Будаваць жалезныя заслоны ды канцлагеры ў ХХІ стагоддзі – «хлопотное дельце». Але чаму б не паспрабаваць?

Рэпартаж
Рэпартаж пад брэх канвойных сабак. Журналіст Ігар Ільяш пра свае 15 содняў арышту
2020.12.11 16:29

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў