Медык з Воршы: Большасць нашых злягла з COVID-19, а даплаты ўсцяж не належыцца


Усё больш медыкаў, якія не атрымалі даплаты за працу з каронавіруснымі пацыентамі, вырашаюць высвятляць канфлікт не з адміністрацыяй лякарняў, а праз Менск. У Адміністрацыю прэзідэнта звярнуліся працаўнікі больніцы імя Сямашкі ў Воршы. Персанал шпіталю паскардзіўся belsat.eu на нявыплату абяцанай прэміі ды распавёў, як сапраўды выглядае сітуацыя з распаўсюдам інфекцыі ў горадзе.

Людміла (імя змененае на просьбу суразмоўцы) працуе ў адзіным на ўсю Воршу шпіталі – больніцы імя Сямашкі. Паводле жанчыны, лякарня атрымала індывідуальныя сродкі аховы толькі ў сярэдзіне красавіка. Напачатку не было нават масак. Праз адсутнасць абароны ад хваробы цяпер большасць медперсаналу мае каронавірус:

«Захварэла большасць. Практычна ўсе паляглі – цалкам рэанімацыя № 1, тэрапія, гінекалогія, кардыялогія, траўматалогія. Вельмі шмат у больніцы цяпер. Пачалі ў прыёмным пакоі хварэць. Не ведаю, як мы трымаемся яшчэ. На дапамогу, кажуць у нас, прыязджаюць дактары з Юрцава [мястэчка за 20 км ад Воршы. – Belsat.eu]».

Hавiны
Памерла медработніца Менскай абласной клінічнай больніцы
2020.05.25 18:13

Больніца складаецца з двух будынкаў. Пяціпавярховік, брудная зона, – цалкам адданы пад каронавірусных хворых і свабоднымі засталіся адзінкавыя ложкі. У дзесяціпавярховым корпусе, які лічыцца чыстай зонай, шмат інфікаваных пацыентаў і медыкаў, хоць афіцыйна гэта адмаўляюць, кажа Людміла. Кіраўніцтва лякарні адмовіла працаўнікам у тэстах на COVID-19, бо, маўляў, на гэта няма грошай, як і на прэміі:

«Скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта пісалі ўсе: і кардыялогія, і рэанімацыя, і прыёмнае аддзяленне. Адказу не атрымалі. Паднялі шум. Камусьці зрабілі пераразлік, палічылі хвіліны, далі капейкі – каму 19 рублёў, каму 80, хто 250 атрымаў, але пра большыя даплаты ніхто не чуў».

Hавiны
Ці хопіць грошай на надбаўкі медыкам? Адказваюць чыноўніца і эканамістка
2020.05.21 09:55

Падобная сітуацыя з COVID-19 і ў мястэчку Барань, адкуль у Воршу вязуць хворых, дадае працаўніца аршанскай лякарні. Месца для ўсіх не хапае, таму мясцовыя ўлады загадалі аддаць пад каронавірус ужо непрацоўны шпіталь льнокамбінату:

«Адкрылі два паверхі, дзе была кардыялогія. Цяпер і там брудная зона. Ды яна паўсюль. Як можа быць іначай, калі людзі прыходзяць у прыёмны пакой нават без масак. Не вераць у эпідэмію. Яны не перажываюць ні за сябе, ні тым больш за нас».

Людміла распавяла і пра медсястру з кабінету камп’ютарнай тамаграфіі Вольгу Г., якая заразілася на працы каронавірусам і заразіла ўсю сям’ю. Маці жанчыны памерла.

Hавiны
Дагрукацца да міністэрства. Мінуў месяц з апошняга брыфінгу Мінздароўя
2020.05.22 12:39

Загадчык больніцы імя Сямашкі Уладзіслаў Акуловіч пракаментаваў belsat.eu сітуацыю з колькасцю хворых падначаленых і прэміямі неадназначна:

«Усім плацяць паводле заканадаўства. Сярод медычных працаўнікоў няма ніводнага, хто сустракаўся з COVID-19. Ёсць захварэлыя медыкі, але гэта не масава. Усім усё патлумачылі наконт даплатаў. Калі хтосьці не разумее, назавіце прозвішча, мы выклічам і патлумачым».

Апошнія афіцыйныя звесткі пра распаўсюд COVID-19 у Воршы і раёне Міністэрства аховы здароўя падавала 24 красавіка. Тады, паводле падлікаў ведамства, у раёне выявілі 82 інфікаваных.

Hавiны
«Ганьба – ісці і даказваць». Высвятляем, чаму не ўсе медыкі атрымалі даплаты за каронавірус
2020.05.19 14:48

ДР belsat.eu

Стужка навінаў