Каронавірус у суседзяў Беларусі. Каранцін ува Украіне і паліцэйскі кантроль за хворымі ў Польшчы


Медыкі ў ахоўных камбінезонах праводзяць дэзынфекцыю падчас правядзення трэнінгу па рэагаванні на каронавірус для супрацоўнікаў Запарожскага абласнога лабараторнага цэнтру. 4 сакавіка 2020 года. Фота – Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Ува Украіне нельга збірацца больш, чымся 200 асобам, у Маскве – больш, чымся 5000. Сабралі апошнюю інфармацыю пра тое, як на ўспышку каронавірусу рэагуюць суседнія з намі краіны.

Закрытыя памежныя пераходы ўва Украіне

Украінскі ўрад з 12 сакавіка да 3 красавіка закрывае ўсе навучальныя ўстановы і забараняе мерапрыемствы для больш за 200 чалавек – акрамя сходаў Вярхоўнай Рады.

Таксама Украіна спыняе авіязлучэнні з некаторымі краінамі і часова закрывае працу большасці кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы: з 219 КПП будзе працаваць толькі 49.

Раней, нягледзячы на адсутнасць захварэлых у Кіеве, пра каранцін у сталіцы аб’явіў мэр Віталь Клічко.

Апроч закрыцця школаў забароны канцэртаў, кінасеансаў і іншыя масавыя мерапрыемствы, у Кіеве зачыняць забаўляльныя цэнтры і забаўляльныя зоны ў гандлёвых цэнтрах.

«Мы нясем адказнасць за сваё здароўе, мы прытрымліваемся правілаў гігіены. І калі вы дрэнна сябе адчуваеце, неадкладна звярніцеся да лекара. Сцеражыцеся сябе і навакольных! Мы разам пераадолеем усё!» – заявіў Віталь Клічко.

Ува Украіне афіцыйна пацверджаны толькі адзін выпадак захворвання каронавіруснай інфекцыяй – у Чарнаўцах.

Матчы з пустымі трыбунамі ў Польшчы

У Польшчы ўрад з панядзелка, 16 сакавіка, на два тыдні закрывае школы і ўніверсітэты. Заняткі адмяняюцца ўжо з чацвярга, 12 сакавіка.

Раней у сувязі з успышкаю каронавірусу рэктары польскіх універсітэтаў, не чакаючы на рашэнне ўраду, адмянілі заняткі да сярэдзіны красавіка (як гэта зрабілі, напрыклад, у Варшаўскім універсітэце) або да сярэдзіны траўня (у Варшаўскім медычным універсітэце). Таксама адмяняюцца лекцыі, канферэнцыі (і ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у замежных канферэнцыях), сімпозіумы, забаўляльныя імпрэзы і камандзіроўкі працаўнікоў ВНУ.

Таксама ў Польшчы закрыюць музеі, галерэі, тэатры і кінатэатры. Частку канцэртаў і кінапрэм’ераў ужо перанеслі, частку імпрэзаў – адмянілі, падае «gazeta.pl».

Польшча адмяняе таксама масавыя імпрэзы для больш, чым тысячы чалавек.

Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі прапанаваў, каб футбольныя матчы адбываліся, але без гледачоў, падае RMF. Пазней гэта пацвердзіў старшыня Экстраклясы, найвыйшэйшай футбольнай лігі Польшчы Міхал Анімуцкі,

Нашыя заходнія суседзі ўвялі таксама паліцэйскі кантроль за хворымі на каронавірус.

«Да кожнага чалавека пад каранцінам штодзённа пагрукае паліцыя з пытаннем, ці ўсё ў парадку, ці чагосьці не трэба, але таксама спраўдзіць, ці гэтая асобна знаходзіцца там, дзе павінная», – цытуе RDC міністра аховы здароўя Польшчы Лукаша Шумоўскага.

10 сакавіка Польшча таксама ўвяла санітарны кантроль на ўсіх межах – у тым ліку з Беларуссю.

10 сакавіка 2020 года. Санітарны кантроль пасажыраў аўтобусу «Масква – Варшава» на прапускным пункце Баброўнікі на мяжы Беларусі і Польшчы. Фота –Michal Kosc / Forum

Паводле стану на 11 сакавіка, каронавірус на тэрыторыі Польшчы знайшлі ў 25 асобаў, падае PAP.

У Расеі забаранілі збірацца больш за 5 000 асобам

У аўторак Сяргей Сабянін падпісаў указ аб забароне правядзення масавых імпрэзаў з колькасцю ўдзельнікаў больш за пяць тысячаў чалавек. Пад забарону патрапяць, між іншага, футбольныя і хакейныя матчы. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 10 красавіка.

У Расеі на сёння выявілі 20 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі.

«Два з іх у грамадзянаў Кітаю, 17 у грамадзянаў Расеі, якія вярнуліся з Італіі, адзін у грамадзяніна Італіі», – гаворыцца ў паведамленні Расспажыўнагляду.

Шэрэмецева – адзіны ў Расеі аэрапорт, які ўсе наўпроставыя рэйсы з Кітаю, Паўднёвай Карэі, Ірану ды Італіі прымае ў асобным тэрмінале – F. Фота – Moscow Healthcare Department / TASS / Forum

На лётнішчы Шарамеццева выдзелілі асобны тэрмінал для пасажыраў з Кітаю, Паўднёвай Карэі, Італіі ды Ірану: іх абследуюць, анкетуюць і пераводзяць пад медычны нагляд па месцы жыхарства.

Паводле стану на 10 сакавіка пад кантролем застаюцца 11 557 чалавек.

1,24 млн еўраў на дэзынфектары

Літоўскі ўрад выдзеліў Міністэрству аховы здароўя 1,24 млн еўраў з дзяржаўнага рэзерву на набыццё сродкаў асабістай аховы – рэспіратараў і дэзынфектараў для рук, падае выданне «Обзор».

10 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Літвы пацвердзіла «Delfi» два новыя выпадкі каронавірусу ў краіне. Такім чынам, агульная колькасць носьбітаў вірусу павялічылася да пяці асобаў.

Агулам тэсты на каронавірус прайшлі 290 чалавек. Яшчэ 11 тэстаў даследуюцца цяпер. Пад наглядам медыкаў у Літве знаходзяцца 5567 чалавек.

Пацыентаў з каронавірусам лекуюць удома

Цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў Латвіі прадпісаў хатні каранцін больш, чымся 160 латышам – па большай частцы гэта пасажыры самалётаў, на борце якіх знаходзіліся інфікаваныя людзі.

У Латвіі на гэты момант каронавірус пацвердзілі ў 10 асобаў, падае «Delfi». Усе яны пабывалі ў Італіі. Вядома, што сярод іх няма дзяцей.

Усе хворыя лечацца ў сваіх дамах пад наглядам сямейнага лекара.

На гэты момант праверку на каронавірус прайшоў 291 латвіец.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў