У лагеры «Брыганціна» пад Менскам змесцяць на «рэабілітацыю» 150 кітайскіх студэнтаў


Лагер у Радашковічах.
Фота: holiday.by

У мястэчку Радашковічы (Маладзечанскі раён Менскай вобласці) у дзіцячым лагеры «Брыганціна» з 7 лютага па 31 сакавіка размесцяць грамадзянаў Кітаю, якія навучаюцца ў беларускіх універсітэтах і нядаўна вярнуліся з вакацыяў на радзіме.

Гэтую інфармацыю карэспандэнту belsat.eu пацвердзілі ў лагеры «Брыганціна».

Hавiны
У Кітаі ад каронавірусу памерлі ўжо 636 чалавек
2020.02.07 06:28

Ва ўстанове адзначылі, што лагер можа пачаць працаваць у новым статусе ўжо з сённяшняга дня, 7 лютага. Раніцай там знаходзіліся з праверкамі прадстаўнікі розных інстанцыяў.

Прадстаўніца адміністрацыі лагера, якая не пажадала назваць свае імя, распавяла нам, што гаворка агулам ідзе пра 150 чалавек.

«Паводле загаду Міністэрства адукацыі групы студэнтаў па некалькі дзясяткаў чалавек будуць знаходзіцца цягам 2 тыдняў. Гэта рэабілітацыя, а не абследаванне (на наяўнасць каронавірусу – belsat.eu), тут нічога страшнага няма. З імі ўжо прафілактычныя мерапрыемствы правялі. Яны проста тут будуць знаходзіцца некаторы час…», – сказала суразмоўца belsat.eu.

Пры гэтым яна адзначыла, што ўсе дэталі персаналу лагера пакуль невядомыя, але падазрэння на каронавірус няма ні ў аднаго чалавека з усёй групы, студэнты «абсалютна здаровыя».

Навошта ў такім разе іх ізаляваць – у лагеры не кажуць. Працаўнікам не будуць выдаваць спецыяльныя касцюмы і іншыя сродкі біяабароны, з захадаў бяспекі – «толькі мыццё рук».

Паводле супрацоўнікаў лагеру, сярод персаналу няма апасенняў што да заражэння каронавірусам.

«У нас жа санстанцыя кожны дзень, і Маладзечна, і Менск нас запэўніваюць… Учора нарада ў дырэктара была, яму паведамілі, што ўсё ў парадку павінна быць», – дадала прадстаўніца адміністрацыі лагера.

Дзяцей лагер «Брыганціна» у бліжэйшы час прымаць не плануе.

Hавiны
Доктар, які першым паведаміў пра каронавірус, усё-такі памёр
2020.02.07 07:09

У Беларусь павінны вярнуцца 1000 кітайцаў

У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што ў «Брыганціне» змесцяць тых студэнтаў, якія прыбудуць у Беларусь з тых рэгіёнаў Кітаю, якія не закрытыя на каранцін, і дзе не зарэгістраваныя выпадкі захворвання. Гаворка ідзе пра дадатковыя меры для студэнтаў, што не кантактавалі з хворымі і не наведвалі эпідэмічна-неспрыяльныя раёны.

У лагеры для студэнтаў арганізуюць індывідуальную форма навучання ў онлайн.

Агулам з за межы Беларусі выехалі 920 студэнтаў з КНР. Таксама ў Менску чакаюць вяртання каля 80 працаўнікоў парку «Вялікі камень». Усе яны правядуць двухтыднёвы аплочваны каранцін у сваіх кватэрах.

Па стане на 7 лютага ў Беларусі праверылі спробы ў больш чым 500 чалавек, якія раней знаходзіліся ў КНР. Каронавірус не выяўлены. У больш чым 100 з іх выявілі сімптомы вострай рэспіратарнай інфекцыі.

Тыя грамадзяне Беларусі, якія наведвалі ў Кітаі эпідэмічна-неспрыяльныя рэгіёны, зараз знаходзяцца на каранціне ў Расеі і Казахстане.

***

Спартова-аздараўляльны комплекс БДУ «Брыганціна» ўваходзіць у склад комплексу БДУ. Ён знаходзіцца на беразе штучнага возера.

На тэрыторыі лагера 3 спальныя корпусы, а таксама спартыўны стадыён, 2 міні-футбольныя палі, футбольнае поле з трыбунамі для гледачоў, пляцоўка для гульні ў «Мястэчкі», тры валейбольныя пляцоўкі, баскетбольная пляцоўка, бібліятэка, канцэртная зала.

Hавiны
Навукоўцы не разабраліся, чаму коронавірус не кранае дзяцей
2020.02.06 21:37

МГ,КА belsat.eu

Стужка навінаў