«Медыкі запужаныя, тэстаў не робяць». У Маладзечне замест пнеўманіі запісваюць бранхіт


Маладзечна – не першы горад, жыхары якога паведамляюць пра адмову медыкаў рабіць тэсты на COVID-19. Людзі ўпэўненыя: гэта не віна шараговых медпрацаўнікоў, а толькі загад зверху. Уладзімір, які жыве з сям’ёй і мае бізнес у Маладзечне, і ягоная цешча Валянціна распавялі belsat.eu пра «каронадзівосы», якія адбываюцца ў горадзе.

Уладзімір цяпер сядзіць на самаізаляцыі ўдома з жонкай і дачкой. Дзіця вучыцца дыстанцыйна, на працу мужчына ездзіць у выключных выпадках, напрыклад, адвесці дэзынфекцыйныя сродкі для сваіх працаўнікоў. Жыхар Маладзечна сам прыняў рашэнне пра ізаляцыю, у ягоным блізкім коле ёсць захварэлыя на COVID-19. Адна з першых праблемаў, з якой давялося сутыкнуцца сваякам і самаму Уладзіміру, – адзіны на ўвесь горад апарат камп’ютарнай тамаграфіі паламаўся і амаль два месяцы не працаваў. Людзей з падазрэннем на каронавірусную хваробу адпраўлялі ў Вялейку за 25 кіламетраў:

«Нам быў патрэбны КТ пасля новага году. Ужо тады ён не працаваў. Апарат вельмі патрэбны для дыягностыкі COVID-19. Я патэлефанаваў пасля травеньскіх святаў, кажуць: направілі, але нават платна на яго нельга запісацца. Гэтак мне сказалі ў касе шпіталя».

Hавiны
На Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў ад пнеўманіі памерлі 4 чалавекі. З рабочых збіраюць па 2 рублі
2020.05.06 15:53

«Тры тыдні хадзіла з тэмпературай»

Цешча Уладзіміра Валянціна прыводзіць канкрэтны прыклад: у шматкватэрным доме з ёй жыве жанчына, якая вельмі доўга і голасна кашляла. Так моцна, што суседзі наракалі на бессань. Яе забралі ў шпіталь, але выпісалі лекі на прастуду і адправілі лячыцца дадому. Стан кабеты не паляпшаўся. Цягам тыдня яна некалькі разоў была ў паліклініцы з тэмператураю, дабіралася туды на грамадскім транспарце. У выніку выклікалі хуткую – яе забралі ў больніцу.

«Толькі праблема ў тым, што яна тры тыдні хадзіла з тэмпературай. Муж ейны і сын ходзяць без маскі ў краму, на працу, не прытрымліваюцца самаізаляцыі. Прычым тэрапеўт дала накіраванне на КТ у Вялейку, але каб яна сама паехала туды. Тая не захацела. Пазней ужо яе забралі, але ці дыягназавалі каронавірус – невядома. Нікому нічога не кажуць. Але, мабыць, астатнія сямейнікі здаровыя».

Суседзі захацелі правесці дэзынфекцыю ў падʼездзе і патэлефанавалі ў санстанцыю, дзе ім сказалі звязвацца з домакіраўніцтвам. Там жа сказалі чакаць тры дні, бо ішлі травеньскія святы. Пасля выходных жыхары дому дазваніліся ў санстанцыю і з цяжкасцю дамагліся працэдуры:

«Нас прымусілі чакаць тры дні, спыталі прозвішча хворай, пачалі спраўджваць спіс. Яе не было ў спісе, таму сказалі, што дэзынфекцыі не паложана. Але ўсё ж прыехалі. Цяпер дэзынфекцыю робяць амаль штодня».

«Замест COVID-19 запісалі бранхіт»

Падобная сітуацыя склалася ў сямʼі знаёмага Уладзіміра Віталя (імя змененае). У мужчыны былі сімптомы каронавіруснай інфекцыі, яго забралі ў шпіталь. Ляжаў ён з каронавіруснымі хворымі, ім нельга было выходзіць з палаты. Тыдзень лячылі ад пнеўманіі, мужчына здаваў тэст на каронавірус, але вынікаў на рукі не атрымаў. У выпісцы яму паставілі дыягназ бранхіт і аправілі дадому без бальнічнага і на наступны дзень ісці на працу. Але ён не пайшоў, быў вымушаны ўзяць адпачынак за свой кошт, бо кепска пачуваўся.

Здароўе не паляпшалася, двойчы прыязджала хуткая. У выніку яго забралі ў Вялейку на КТ, дзе выявілі двухбаковую каронавірусную пнеўманію. Пасля захварэла і ягоная жонка, вельмі доўга ў яе трымалася тэмпература 39,5°С. Тэсту ёй не рабілі:

«Настолькі медыкі запужаныя, што маўчаць як анямелыя. Не робяць тэстаў, не хочуць рабіць. Адмаўляюць у аналізах і ўпісваюць непраўдзівыя дыягназы, каб не псаваць статыстыкі. Можа, да параду рыхтуюцца? Яны нават пнеўманію баяцца пісаць, не тое што каронавірус. Хворых вельмі хутка выпісваюць са шпіталя дадому. Відаць, не хапае месцаў для новых пацыентаў».

Уладзімір упэўнены, што ў цяперашняй сітуацыі медыкі – закладнікі, бо наўрад ці знойдуць іншую працу, а грошы патрэбныя, каб утрымліваць сем’і і плаціць крэдыты. Мужчына дадае, што галоўнае праблема заключаецца ў непаінфармаванасці насельніцтва:

«Людзі не бачаць бяды, не надзяваюць масак, не вераць, што гэта не фэйк. Я быў у аптэцы два тыдні таму. Аптэкары былі без масак і пальчатак. Я запытаў: чаму, гэта ж вашае здароўе? На што адказалі, маўляў, вы ж разумееце, дзе мы працуем, у нас такія правілы. Можа, каб не наводзіць панікі. Але звольніць за маску? Нейкі каменны век».

Інтэрв’ю
Як хутка знікае каронавірус? Усё пра тэсты ў інтэрв’ю з лекарам
2020.05.07 12:59

«Не правакуйце»

У каментары «Белсату» намеснік галоўнага доктара ЦРБ Маладзечна Іван Лужынскі заявіў, што апарат КТ працуе, але службовыя пытанні праз тэлефон абмяркоўваць не хоча:

«І ў нас працуе, і ў Вялейцы. Што тут такога? Нейкі перыяд наш КТ не працаваў, была няспраўнасць, не ведаю якая, але яна дорага каштавала. Але мы знайшлі сродкі і направілі. У Вялейку людзі ездзілі, мы дамовіліся, там працавалі дадаткова нашыя спецыялісты. Калі вам трэба прайсці абследаванне, я вам гатовы дапамагчы як нашаму грамадзяніну, а правакаваць мяне не трэба».

У прыёмнай больніцы № 1, куды прывозяць «ковіднікаў» і хворых з пнеўманіяй, інфармацыю пра адмову рабіць тэсты на каронавірус belsat.eu пракаментавалі сціпла:

«Ёсць загад Мінздароўя, як нам дзеяць».

Раней Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў расейскія тэсты на каронавірус. Па стане на 7 траўня ў Беларусі зафіксавана 20 168 выпадкаў захворвання COVID-19. Паводле Мінздароўя, гэта 8,7 % ад 229 466 тэстаў, якія зрабілі за ўвесь час распаўсюду эпідэміі.

Hавiны
У Менску на парад запрашаюць перахварэлых на каронавірус
2020.05.06 19:08

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў