Каронавірус у Кітаі: панікі няма, але дэзынфектары для рук і маскі на твар у дэфіцыце

У шэрагу краінаў Захаду ўводзяцца надзвычайныя дзеянні, скіраваныя на тое, каб не дапусціць распаўсюду новага каронавірусу (2019-nCoV), які з’явіўся ў Кітаі. Небяспечную хваробу ўпершыню выявілі ў горадзе Ўу-Хань правінцыі Ху-Бэй. Што зараз адбываецца ў Кітаі? Разбіраліся журналісты Belsat.eu.
Фота: ALY SONG / Reuters / Forum

Улады Кітаю 22 студзеня зачынілі горад Ўу-Хань: яго нельга пакінуць грамадскім транспартам, уезд таксама абмежаваны. Жыхарам шматмільённага гораду рэкамендуюць не пакідаць тэрыторыю, каб абмежаваць магчымасць распаўсюду новага каронавірусу (2019-nCoV).

На вакцыну выдаткоўваюць мільярды долараў

Андрэй Зарыньш, які жыве ў Кітаі і вядзе тут бізнес, распавёў «Белсату», што пакуль у Паднябеснай даволі спакойна, а сітуацыя падобная да той, што была, калі ўзнік птушыны грып.

«Мае дзеці вучацца ў Кітаі, сам нядаўна з Гон-Конгу прыляцеў, учора з жыхарамі Пекіну меў зносіны. Нікога тут гэта ўвогуле не хвалюе – вядома, пакуль не закране асабіста… Але на 3-мільярдную Азію 17 смерцяў і 500 захворванняў, пагадзіцеся, наагул нішто», – распавёў «Белсату» Андрэй Зарыньш.

Андрэй Зарыньш. Фота: vk.com

Паводле Андрэя, каронавірус у пэўнай ступені закране бізнес. У прыватнасці, могуць быць уведзеныя абмежаванні на харчы – перадусім морапрадукты, курынае мяса.

«Але пакуль пацверджаных звестак пра небяспеку паставак харчавання няма. Вірус па-за арганізмам доўга не жыве, а кантэйнеры ідуць мінімум месяц», – кажа Андрэй.

Андрэй мяркуе, што нічога ў бліжэйшыя часы ў Кітаі не зменіцца – вядома, калі хвароба не стане пандэміяй, але, кажа Андрэй, вакцына ў любым выпадку мае зʼявіцца на працягу некалькіх месяцаў, паколькі ў самым Кітаі зацікаўленыя ў гэтым і тут інвестуюцца на гэтыя мэты мільярды долараў.

Маскі на твар у Кітаі сталі дэфіцытам

Жыхарка Кітаю Сусанна Раю (Susanna Rayu) распавяла «Белсату», што асаблівай панікі ў яе горадзе няма. Дзяўчына жыве ў Шанхаі.

«Інфармацыя пра колькасць хворых змяняецца кожны дзень. У Шанхаі ўсё даволі спакойна, панікі ніякай няма. Але маскі на твар немагчыма ўжо купіць, нідзе іх няма. Таксама дэфіцытам стаў дэзынфектар для рук. Агулам настрой спакойны. На вуліцах сярод кітайцаў я нават не чула, каб абмяркоўвалася хвароба, але вось замежнікі вельмі актыўна абмяркоўваюць гэта ў групавых чатах», – распавяла Сусанна Раю.

Сусанна Раю (Susanna Rayu) Фота: vk.com

Дзяўчына мяркуе, што захворванне можа ўдарыць галоўным чынам па турызму. Панясе страты і гандаль, у прыватнасці ўжо цяпер некаторыя баяцца замаўляць тавары праз пошту.

«Складваецца ўражанне, што многім выгадна выставіць Кітай у горшым свеце, таму і падымаецца такая інфармацыйная хваля», – лічыць Сусанна.

«Выстаўлены дыягназ – грып». У Менску шпіталізаваная дзяўчына з падазрэннем на кітайскі каронавірус

 

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны