Гомельскі туберкулёзны шпіталь закрылі праз наплыў пацыентаў з каронавірусам?


Цяпер тэрыторыя Гомельскай туберкулёзнай больніцы не даступная наведнікам: сваякоў пацыентаў не пускаюць, перадачы можна пакідаць толькі на прахадной. Паводле крыніцаў «Белсату», некалькі дзён таму ва ўстанову прывезлі першых пацыентаў з падазрэннем на COVID-19.

Belsat.eu атрымаў фота, якое пацвярджае, што ў абласны туберкулёзны клінічны шпіталь кладуць хворых з падазрэннем на каронавірус.

У Гомельскую туберкулёзную клінічную больніцу прывезлі пацыента з падазрэннем на каронавірус. Фота суразмоўцы belsat.eu

«Прыехаў рэанімабіль, выйшлі дактары ды кіроўца ў зялёных касцюмах хімічнай абароны, выцягнулі пацыента ў чорным меху з трубкамі, пераклалі на насілкі і занеслі ў корпус. Пасля яны апрацавалі нейкім рэчывам з балонаў прыступкі, дзверы, ручкі. Адна рэч чуць у тэлевізары, а іншая – калі гэта адбываецца за некалькі метраў ад цябе», – распавяла belsat.eu Ганна, якая ляжыць у туберкулёзнай больніцы.

Дзяўчына таксама запісала відэа, дзе бачна, як людзі ў камбінезонах выкацілі з аўта хуткай дапамогі чалавека ў чырвонай капсуле, а пасля прадэзынфікавалі ганак.

У Гомельскую туберкулёзную клінічную больніцу прывезлі пацыента з падазрэннем на каронавірус. Фота суразмоўцы belsat.eu

Суразмоўца распавяла пра знаёмага з сімптомамі COVID-19, якога шпіталізавалі разам з сястрою. Некалькі дзён у яго моцна балела горла – не мог гаварыць. Мужчына ўсё ж выклікаў хуткую. Калі яго вывозілі з кватэры, закансервавалі ўвесь пад’езд: не ўпускалі і не выпускалі жыльцоў. Мужчыну забралі ў скурна-венералагічны дыспансер, бо гомельская інфекцыйная больніца перапоўненая, кажа гамяльчанка:

«Я так зразумела, што ў профільных шпіталях і аддзяленнях не стае месцаў. У скурна-венералагічным дыспансеры вылучылі адзін паверх для хворых такога роду, а менавіта шосты. У іх узялі мазкі. Першыя аналізы нічога не паказалі, хутчэй за ўсё будзе паўтор. Нікуды не выпускаюць, з працэдураў толькі мераюць тэмпературу чатыры разы на дзень. Ён распавядаў, што спачатку быў ён і сястра, а цяпер хворых паболела».

Hавiны
«Страцілі шмат часу. Тэст заняў 4 дні». Дзяўчына з COVID-19 распавяла пра смерць бацькі
2020.04.09 13:12

Удалося таксама звязацца са знаёмым дзяўчыны. Мужчына кажа, што кожны дзень прывозяць новых пацыентаў. Выходзіць дазваляюць толькі ў прыбіральню, рэшту часу ён з сястрой праводзіць у палаце. Гамяльчук адзначае, што медперсанал ходзіць у спецыяльных касцюмах і акулярах, а маскі для пацыентаў пяруць і раздаюць наноў:

«Троху боязна, калі не ведаеш, хто яе раней надзяваў. Мы намагаемся з нікім не кантактаваць. Нас, верагодна, ужо ў панядзелак-аўторак выпішуць».

Дзяўчына ўпэўненая, што праўды ім пра захварэлых на каронавірусную інфекцыю ніхто не скажа. У медычнай установе нам пацвердзілі, што ў больніцу нікога не пускаюць, аднак на пытанне, ці ёсць пацыенты з COVID-19 або іхныя кантакты першага ўзроўню, не адказалі.

«Больш небяспечна на вуліцы ды ў краме, чымся ў нас», – пракаментавалі ў рэгістрацыі.

Паводле Мінаховы здароўя, па стане на 11 красавіка ў Беларусі выявілі 2 226 выпадкаў інфікавання каронавірусам. Цяпер у шпіталях на стацыянарным лячэнні 2 031 асоба.

Hавiны
«Не шпіталь, а прытон». Гамяльчанку год прымусова трымаюць у туббольніцы
2020.02.19 11:08

ДР belsat.eu

Стужка навінаў