«Лепш бы нарадзіла яшчэ раз, чым каронавірус». Берасцейка пра хворых АМАПаўцаў і дзясяткі трупаў у мяхах


Статыстыка колькасці хворых на COVID-19 у Берасцейскай вобласці даўно не раскрываецца. Тым часам Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што эпідэмія ў Беларусі ідзе на спад. 59-гадовая берасцейка Вольга Габрусева распавяла belsat.eu пра лячэнне ў Цэнтральнай гарадской больніцы Берасця і рэабілітацыю ў скурна-венерычным дыспансеры. Паводле жанчыны, там ёй не аказалі амаль ніякай дапамогі, а за жаданне пайсці на амбулаторнае лячэнне дадому пагражалі АМАПам і крымінальнай справай.

Гісторыя захворвання 59-гадовай берасцейкі Вольгі Габрусевай тыповая для заражаных COVID-19. Вірус кабета падхапіла ад прадавачкі шапіку, якая хварэла з красавіка (ёй паставілі дыягназ бранхіт, і яна працягвала хадзіць на працу). Першымі сімптомамі ў нашай суразмоўцы сталі невялікая тэмпература і задышка. Праз пару дзён у Вольгі знік нюх. Тады яна пастанавіла пільна ехаць на КТ у Чыгуначную больніцу Берасця. Ёй дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію, выкліканую каронавірусам, і запрапанавалі шпіталізацыю.

«Усё адбывалася ўночы. Стаім мы ў прыёмным пакоі. Адзін труп вязуць, другі вязуць. Я сама пачула іхныя размовы: «А куды гэтых у мяхах везці?» Пабачыла гэтую атмасферу, і стала жахліва. Мне сказалі, што вірус можа працякаць у лёгкай форме, бо аналіз крыві не такі дрэнны. Маўляў, можаце ісці дадому, таму я пайшла на амбулаторнае лячэнне».

Трупы вывозілі кожны дзень

Удома Вользе зрабілася горш, яна пачала задыхацца. Хуткая адвезла жыхарку Берасця ў Цэнтральную гарадскую больніцу. Кабета кажа, што там праблемаў з даглядам не было.

«Медсёстры, санітаркі бегалі, каб нас ратаваць. Вялікі ім дзякуй. Яны, бедныя, самыя хворыя з тэмпературай, на бальнічны іх не адпускаюць, дык яны па дзве змены працуюць, застаюцца, каб хоць пракапацца».

Вольга Габрусева. Фота суразмоўцы

Кабета засяродзіла ўвагу на колькасці памерлых падчас свайго побыту ў шпіталі. Вокны ейнай палаты на 9-м паверсе выходзілі на будынак моргу.

«На вачах вывозілі трупы ў мяхах, прыкрытыя прасціной, кожны дзень. За маё знаходжанне тры ночы запар вывозілі па некалькі целаў. 3, 4 чэрвеня за 20 хвілінаў у морг занеслі каля 8 трунаў. Вядома, бо людзі задыхаюцца».

За пару дзён у лякарні лёгкая форма COVID-19 у Вольгі перацякла ў цяжкую. Намеснік галоўнага доктара знянацку выслаў жанчыну на рэабілітацыю ў скурна-венерычны дыспансер. Вольга адзначае, што ён нават не зірнуў у карткі хворых і не ведаў, хто ў якім стане і колькі ляжыць.

«У хуткую нас запхалі, як селядзец у слоік. У мяне праблемы з сэрцам, стала блага. На месцы ў аддзяленні не было нават валідолу на пасту, танометра не было, бо батарэйкі не працавалі, вады пітной у бойлеры нават не было, градуснікі старыя ртутныя – і тыя былі пабітыя. Кіслародных балонаў на ўсіх не стае. Я задыхалася, давалі балон на дзве гадзіны. Мы выпрошвалі іх для старэйшых людзей, каб давалі бабулям падыхаць. Пазней нават у кропельніцы адмовілі, маўляў, хопіць вам».

АМАПаўцы жаліліся, што не могуць сказаць праўды

Вольга сцвярджае, што больніца, як і дыспансер, перапоўненыя хворымі. Вокнаў не адкрываюць, каб не прадзьмула, пацыентам трэба ляжаць 16 гадзінаў. За ўсе дні, што жанчына была на рэабілітацыі, ёй далі адну таблетку антыбіётыкаў, даводзілася ратавацца сваймі лекамі. Калі берасцейка папрасіла адпусціць яе дадому, пачула пагрозы крымінальнага пераследу:

«Выпісвацца забаранілі на падставе абавязковага назірання праз цяжкую форму запалення лёгкіх. Сказалі, што буду мець справу з АМАПам. Я пазваніла на гарачую лінію Мінздароўя. Толькі пасля прыйшлі высвятляць, што не так. Я падпісала паперку, што ведаю пра адказнасць, і сышла на амбулаторнае лячэнне. Але што за назіранне, калі нікому няма справы? У палаце на чатыры асобы ляжала шэсць. Усё, што зрабілі, – паказалі, як рабіць зарадку».

Суразмоўца таксама распавядае, што ў скурна-венерычным дыспансеры было шмат байцоў АМАПу, якіх прывозілі пад маркаю рэабілітацыі пасля апендыцыту і грыжы.

«Яны працавалі на футбольных матчах. Каму патрэбны футбол у часе эпідэміі? І навошта іх прывозіць у аддзяленне з тымі, у каго каронавірус? Хлопцы самі казалі, маўляў, што вы можаце выказвацца і наракаць, а мы не можам, бо служба».

Маўчаць, бо падпісалі дакументы аб неразгалашэнні

Дачка Вольгі, Ганна, у размове з belsat.eu таксама сказала, што ейная знаёмая медсястра з Чыгуначнай больніцы жаліцца на надзвычай цяжкія ўмовы працы:

«Хворым проста не паспяваюць паставіць кропельніцы і заняцца кожным, бо вялікі наплыў. Хутчэй за ўсё, ужо кожны з іх перахварэў, але ім не дазваляюць рабіць тэсты, пагражаюць, каб не псавалі статыстыкі. Яшчэ адна знаёмая санітарка кажа, што дактары, патолагаанатамы падпісалі дакументы аб неразгалашэнні, таму яны маўчаць».

Вольга Габрусева. Фота суразмоўцы

Звязацца з галоўным доктарам Цэнтральнай гарадской больніцы Берасця не ўдалося – Алега Вялічкі не было на працоўным месцы. Галоўны доктар скурна-венерычнага дыспансеру Міхаіл Лянёў на бальнічным. Ці хворы ён на COVID-19, нам не адказалі. Намесніца Міхаіла Лянёва, Жанна Васільчук, закіды былой пацыенткі зняпраўджвае. Паводле яе, кіслароду ўсім хапае, лекі ёсць, але статыстыкі па хворым няма.

«Калі хтосьці чымсьці незадаволены, хай да нас звяртаецца», – адказала яна.

«Лепш бы нарадзіла яшчэ адное дзіця, чым прайсці праз гэта»

Да 23 чэрвеня Вольга была на каранціне. У берасцейкі далей трымаецца высокая тэмпература, яна скончыла прымаць антыбіётыкі. Жанчыне не зрабілі паўторнага здымку, таму яна не ведае, як цяпер выглядаюць лёгкія. Апошні аналіз крыві быў кепскі.

«Мне сказалі наўпрост: навошта рабіць здымак, калі і так вядома, што хварэеце? Прэзідэнт няправільна ўсё зрабіў. Мае ўнукі ўсе месяцы не хадзілі ў школу. Патрэбны быў каранцін, але ўжо позна ўводзіць. Цяпер трэба інфармаваць, каб ратаваць людзей, а не гаварыць па ТБ, што каронавіруса няма. Лепш бы нарадзіла яшчэ адное дзіця, чым прайсці праз гэта».

Агулам колькасць выпадкаў інфікавання ў Беларусі, паводле афіцыйных звестак, набліжаецца да 60 тыс. Градуснікаў у Берасці сапраўды няма, мы абзванілі не адну аптэку. Праблеме ўжо больш за месяц, сказалі нам у сетцы аптэкаў «Рэмедыка».

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў