Каронавірус у Беларусі пусцілі на самацёк


Больш за паўмільёна хворых на каронавірусную інфекцыю па ўсім свеце, паводле звестак Універсітэту Джонза Гопкінза, і амаль 2 млрд людзей у самаізаляцыі па ўсім свеце. Улады Беларусі запэўніваюць: у нас сітуацыя найбольш спакойная ў параўнанні з усімі суседнімі краінамі. Мы і каранцін не абвесцілі, і выпадкаў смерці ад COVID-19 няма. Аркадзь Несцярэнка пагутарыў з тымі, хто наўпрост сутыкнуўся з інфекцыяй і спробамі здаць аналізы на каронавірус.

Без абвестак пра каранцін з боку Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі ў адной з менскіх школаў пачаліся дыстанцыйныя заняткі.

Каментуе настаўніца з Менску:

«Зразумелі, што на 30 % дзяцей у нас стала менш, плюс сталі хварэць настаўнікі. Гэта не было ніяк звязана з пандэміяй: хутчэй, з сезоннымі хваробамі. Мы апыталі бацькоў, і больш за 90 % нас папрасілі перайсці на дыстанцыйную форму».

Таксама без фармальнага закрыцця межаў улады Беларусі прынялі рашэнне накіроўваць на 14-дзённы самакаранцін усіх, хто прыязджае ў краіну. Але, напрыклад, нягледзячы на ўсе заклікі студэнтаў, вочныя заняткі ў ВНУ ўсцяж не адмяняюцца. Каб знізіць градус напружанасці паміж студэнцкаю супольнасцю і ўладамі, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік правёў адмысловы стрым, у часе якога запэўніваў: сітуацыя пад кантролем.

Гаворыць Уладзімір Каранік, міністр аховы здароўя Беларусі:

«Мы думаем, што на сённяшні момант дзякуючы прафілактычным захадам і рэзерву ложкавага фонду, які складае 70 тыс. для дарослых асобаў, 86 пацыентаў не могуць скласці перагрузку сістэме аховы здароўя, як і 1200 кантактаў першага ўзроўню, за якімі мы таксама назіраем. Адзінае, чаго мы баімся, – гэта сцэнар Італіі, калі разносіць вірус сталі медыкі».

Паводле міністра Караніка, эфектыўныя каранцінныя захады павінныя цягнуцца 12-13 тыдняў, і ніводная краіна ў свеце не зможа дазволіць сабе параліч на 3 месяцы. Частковы каранцін патрэбны, каб збіць пік захваральнасці і разгрузіць сістэму аховы здароўя.

«У колькасці тэстаў на 1 млн жыхароў Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краінаў свету. І, адпаведна, гэта дазваляе нам рэальна ацэньваць сітуацыю», – працягвае Уладзімір Каранік.

Блогерка з Менску Наста Захарэвіч чакала вынікаў свайго тэсту 4 дні. Яна кажа: сітуацыя далёка не такая аптымістычная, як цвердзяць у міністэрстве.

ВІДЭА
Лукашэнка хоча праскочыць каронавірус на чырвонае
2020.03.21 16:13

Наста Захарэвіч, блогерка:

«Сумна і злосна бачыць адкрытую хлусню міністэрства, калі ў нас не хапала масак, а на брыфінгу казалі, што ўсяго паўсюль дастаткова і ўвогуле ў скурвендыспансеры ляжаць людзі, у якіх пацверджаная адсутнасць каронавіруса. Гэта няпраўда. У маім блоку не было ніводнага чалавека з гатовым дыягназам. Як толькі прыходзіў адмоўны вынік аналізу, тады адпускалі дамоў. Мы ўсе там ляжалі ў невядомасці. І калі ў міністэрстве кажуць, што ніхто там не ходзіць у абарончых касцюмах, – гэта таксама няпраўда. Праблема ў тым, што лякарня не гатовая, у іх няма аднолькавых на ўсіх касцюмаў».

Наста Захарэвіч прыляцела ў Менск з Прагі амаль два тыдні таму і была вымушаная здаваць аналізы на каронавірус двойчы, бо першы тэст папросту згубілі.

«Я чакала тэсту ад панядзелка, бо мой першы тэст, які быў зроблены ў аэрапорце 14 сакавіка, на жаль, згубіўся, і невядома, ці гэты тэст быў зроблены», – працягвае Наста Захарэвіч.

Беларуская доктарка Анастасія Пігаль, якая цяпер жыве і працуе ў Нью-Ёрку, была сярод медыкаў, якія звярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Беларусі з заклікам тэрмінова ўвесці каранцін у краіне. Яна тлумачыць: лекары сапраўды не хлусяць, калі замест каронавіруса ставяць хворым дыягназ «пнеўманія» ці «грып», але гэта можа быць толькі палова праўды.

Каментуе Анастасія Пігаль, доктарка, ЗША:

«Каронавірус – гэта адзін з вірусаў, які цяпер цыркулюе ў грамадстве, асабліва цяпер – у зімова-веснавы перыяд. Любы вірус, у тым ліку грып, можа выклікаць пнеўманію, і праявы могуць быць падобнымі з тымі, якія бываюць пры каронавірусе. Лекары, калі не робяць спецыяльных тэстаў на канкрэтны вірус, проста ставяць дыягназ «пнеўманія» ці «вострая рэспіраторная інфекцыя (ВРІ)» ў залежнасці ад таго, што яны бачаць. Напрыклад, ВРІ – гэта будуць верхнія дыхальныя шляхі, насмарк, кашаль, можа быць бранхіт. А пнеўманія – гэта запаленне нейкай часткі лёгкіх».

ВІДЭА
Нафтавая вайна Лукашэнкі з Пуціным канчаецца
2020.02.29 09:13

Паводле суразмоўцы «ПраСвету», калі 50 % людзей перахварэюць на COVID-19, то ёсць верагоднасць, што эпідэмія пойдзе на спад. Але наступствы для грамадства, у тым ліку для старых людзей, могуць быць катастрафічныя.

Працягвае Анастасія Пігаль:

«Калі пакінем усё на самацёк, як гэта цяпер у Беларусі адбываецца, то пры заразлівасці гэтага віруса, а мы бачым, што ён вельмі лёгка перадаецца паміж людзьмі, мы можам атрымаць вялікую колькасць цяжкахворых літаральна цягам тыдня. Мы не будзем спраўляцца, і гэтыя людзі проста не атрымаюць належнай дапамогі, каб выбрацца з хваробы».

Суразмоўца «ПраСвету», у якога пацвердзіўся каронавірус, трапіў у лякарню ў мінулую сераду, вось так выглядае палата аўтара, які цяпер вядзе тэлеграм-канал «Я и COVID-19». З моманту вяртання з-за мяжы да таго, як хлопца забралі ў шпіталь, прайшоў цэлы тыдзень.

Аўтар тэлеграм-каналу «Я и COVID-19»:

«Ці быў я за мяжою? Так, я ездзіў на канцэрт любімага гурта ў Берлін, гэта было 8 сакавіка, ехалі мы цягніком праз Варшаву, дзе мы былі содні. Тры дні былі ў Берліне. 8 сакавіка яшчэ была акцыя феміністак, і я падыходзіў да іх, віншаваў з 8 сакавіка, а 11-га вярнуўся ў Менск».

На фоне заяваў экспертаў, якія рыхтуюцца да горшых сцэнароў, кіраўнік Беларусі ўжо заявіў, што галоўнае – пратрымацца да праваслаўнага Вялікадня, які сёлета выпадае на 19 красавіка. Магчыма, гэтая заява звязаная з тым, што цягам месяца ўлады чакаюць росту захваральнасці. Але пры гэтым афіцыйна працягваюць пераконваць: хвалявацца не трэба.

Калаж з фота: Mikhail Metzel/TASS/Forum

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў