Каронавірус прывёў да паляпшэння экалогіі, але каб захаваць дынаміку, чалавецтва мусіць зрабіць высновы


Каранцін, уведзены праз COVID-19, вымушае людзей прытрымлівацца строгіх правілаў: не пакідаць дамоў без неабходнасці, выконваць правілы асабістай гігіены і не панікаваць. Зменшыліся людскія плыні на вуліцах гарадоў, спыніліся некаторыя прадпрыемствы, і як вынік – палепшылася сітуацыя з санітарным станам паветра.

Упершыню спадарожнікі NASA зафіксавалі станоўчыя змены ў канцэнтрацыі дыяксіду азоту над Кітаем у сярэдзіне лютага гэтага года. У гэты час кітайскія ўлады прымалі каранцінныя захады, каб абмежаваць перасоўванне людзей і спыніць вытворчасць.

Фота: https://earthobservatory.nasa.gov

Дыяксід азота выдзяляецца аўтатранспартам, электрастанцыямі і прамысловымі абʼектамі. Адмыслоўцы Нацыянальнага ўпраўлення па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы ЗША мяркуюць, што зніжэнню ўзроўня азота часткова паспрыяла замаруджванне эканамічнага росту пасля ўспышкі каранавіруса.

Варта зазначыць, што ў мінулым падобныя зніжэнні фіксаваліся ў час святкавання Новага году, калі ў апошні тыдзень студзеня да пачатку лютага прыпынялі працу фабрыкі і прадпрыемствы. Аднак па сканчэнні святочных дзён узровень забруджвання паветра зноў павышаўся.

Цяпер жа паказнікі апусціліся да рэкордна нізкага ўзроўню – на 37% па дыяксіду азоты, на 25% па парніковых газах.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Італіі. Дзе з увядзеннем каранціну не толькі ачысцілася паветра, але і набылі празрыстасць венецыянскія каналы. Эколагі тлумачаць гэта тым, што на экасістэму зменшылася антрапагенная нагрузка – на вуліцах амаль няма людзей і па каналах спыніўся рух маторных лодак.

Фота: FB Marco Capovilla

«Цяпер мы назіраем самыя відавочныя наступствы – паветра ў гарадах становіцца чысцей. Выкарыстанне транспарту і прыпыненне некаторых вытворчасцяў даволі хутка адбіваюцца на якасці паветра. Што ж тычыцца адкідаў, відавочна, што ў месцах масавага скаплення людзей смецця становіцца меней. У той жа час адзначаецца рост анлайн набыцця тавараў. Маретынгавыя стратэгіі безадказнага рытэйла добра ўмеюць выкарыстоўваць уразлівасць людзей», – тлумачыць супрацоўніца праграмы па хімічным рэчывам і адкідам Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

У перасцярог перад вірусам ёсць і адваротны бок. Так пляжы Ганконгу ў літаральным сэнсе засыпаныя выкарыстанымі медычнымі маскамі. Жыхары адміністрацыйнага раёну Кітая ў надзеі абараніцца да каронавіруса штодня карыстаюцца гэтымі індывідуальнымі сродкамі. Большасць з іх не патрапляе на ўтылізацыю, а выкідаецца ў навакольнае асяроддзе.

Паводле заснавальніцы групы Plastic Free Seas у Ганконгу Трэйсі Рыд, акрамя таго, што медычныя маскі могуць наносіць шкоду марскім істотам, бо тыя прымаюць іх за штосьці ядомае, яны могуць стаць крыніцай распаўсюду інфекцыі.

Фота: FB Gary Stokes

Разам з абʼяўленнем каранціну ў многіх краінах распачаўся спажывецкі ажыятаж. Людзі кінуліся ў крамы набываць прадуктовыя і бытавыя тавары. На думку Наталлі Блышчык тое, што людзі набываюць за кароткі час больш прадуктаў, чым звычайна, наўрад ці сведчыць, што ў гэты ж час павялічваецца іх вытворчасць. Не выключаны прыватныя выпадкі павелічэння спажывання аднаразовых рэчаў.

Hавiны
Праз каронавірус без працы могуць апынуцца 25 мільёнаў чалавек
2020.03.18 19:55

Куды горшым зʼяўляецца павышаны спажывецкі інтарэс да лекавых сродкаў: «Клопат пра імунітэт павінны прыводзіць да перагляду рацыёну, паляпшэння якасці харчавання, што, у сваю чаргу, дапаможа развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі, адказных лакальных і глабальных вытворцаў.

Цяпер жа магчыма павелічэнне выкарыстання і набыцця лекаў. Гэта непасрэдна адгукнецца на якасці сцёкавых вод. Напрыклад, дзеючае рэчыва супрацьзапаляльных прэпаратаў валодае высокай устойлівасцю і захоўвае свае ўласцівасці нават пасля праходжання праз арганізм чалавека. Антыбіётыкі таксама ўстойлівыя і прыводзяць да развіцця рэзістэнтнасці патагенаў», – кажа Наталля Блышчык.

Hавiны
Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку
2020.03.17 18:33

У цэлым ужыванне антыбіётыкаў у разгар сезону вірусных захворванняў, не толькі каронавірусам, можа быць пустым прафілактычным дзеяннем, пра што Belsat.eu каментуе лекар-эпідэміёлаг Аліна Волчанка: «Калі пры павышэнні тэмпературы ці іншых сімптомах мы будзем прымаць антыбіётык, што цяпер зʼяўляецца масавай зʼявай, можам давесці свае мікробы да таго, што яны стануць устойлівы да антыбіётыкаў. І з кожным наступным разам неабходны будуць больш моцныя, каб яны падзейнічалі.

Да таго ж у сваёй масе, прымаючы лекі дзеля прафілактыкі ці на ўсялякі выпадак, не прытрымліваючыся рэкамендацый дактароў, на ўзроўні папуляцыі мы можам абменьвацца ўстойлівымі мікраарганізмамі, пагаршаючы сітуацыю».

Грамадзяне Украіны, эвакуяваныя цягніком з Польшчы з-за распаўсюджвання хваробы COVID-19, прыбываюць на цэнтральны чыгуначны вакзал у Кіеве, Украіна 20 сакавіка 2020 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Што ж тычыцца доўгатэрміновага экалагічнага эфекту ад увядзення каранціну, яго таксама не даводзіцца чакаць. Эколагі адзначаюць, што скарачэнне выкідаў, якое зараз даводзіцца назіраць – часовае, а не сістэматычнае. Па сканчэнні эпідэміі ўзровень выкідаў хутка дагоніць і нават можа перагнаць папярэднія паказнікі, калі не будуць прынятыя спецыяльныя меры. Ва ўсякім выпадку да такіх высноў адмыслоўцы прыходзяць з папярэдняга досведу эканамічнага крызісу ў 2008 годзе, калі глабальныя выкіды скараціліся на 1,4%, а ў наступным годзе выраслі на 5,9%, што кампенсавала і перавысіла скарачэнні.

Пустыя вуліцы і закрытыя крамы насупраць сабора Дуома-дзі-Мілана на плошчы плошчы Дуама ў Мілане.
Фота: Bozzo/Fotogramma / Zuma Press / Forum

«Паляпшэнне якасці навакольнага асяроддзя ў доўгатэрміновай перспектыве магчыма толькі пры змяненні падыходаў да здабычы, вытворчасці, рэалізацыі і спажыванні ў цэлым, а не на кароткі прамежак часу. Прырода мае патэнцыял для аднаўлення, але аднаго ці некалькіх месяцаў дзеля гэтага можа не хапіць», – зазначае Наталля Блышчык.

Зараз найлепшы час, каб разабрацца, што на самой справе патрэбна і як годна выйсці з вымушанага каранціну, мяркуюць адмыслоўцы.

Сярод магчымых мераў у Climate Action Network называюць:

  • Эканамічнае стымуляванне і інвеставанне пасля крызісу для стабілізацыі эканомікі павінна быць пастаянным і з улікам уплыву на навакольнае асяроддзе;
  • Захаванне тэндэнцый па скарачэнні долі выкапнёвага паліва ў энергабалансе развітых краінаў. У 2019 годзе гэта правяло да глабальнага змяншэння выкідаў парніковых газаў ад энергетыкі на 1,3%;
  • Улік досведу па рэагаванні на эпідэмію, мадэрнізацыя нацыянальных сістэм аховы здароўя, з разлікам прагнозаў па распаўсюду захворванняў і стыхійных бедстваў ад змянення клімату;
  • Змяненне фокусу камунікацыі на тэму кліматычных змяненняў ад «гэта няпэўныя рызыкі ў будучым» на «гэта небяспека, якая ўплывае на нас ужо сёння».

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Стужка навінаў