Каронавірус, першая ахвяра. Лукашэнка звыкла шукае вінаватых

Віктар Дашкевіч, 75-гадовы актор Коласаўскага тэатру ў Віцебску, які стаў першай афіцыйна прызнанай ахвярай каронавіруса ў Беларусі, пасмяротна атрымаў вымову ад Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускі прэзідэнт – у сваім амплуа, ён звыкла шукае вінаватых.

«Мы падазраём, што ў Віцебску гэты актор памёр, і ў яго таксама быў да пнеўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі (яму заўтра 80 гадоў будзе)… Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?» – так пракаментаваў беларускі прэзідэнт трагедыю.

А правадыр сам паказваў браваду

У гэтым каментары характэрна ўсё. Не назваў прозвішча заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дадаў узросту, падкрэсліў, што ў чалавека быў букет хваробаў (з намёкам, што COVID-19 там пастолькі-паколькі). Ну і, галоўнае, зрабіў вінаватым. Але ці не сам Лукашэнка ў папярэднія дні на ўсю краіну дэманстратыўна бравіраваў небяспекай, запэўніваў, што гарэлка, лазня, трактар і хакей – лепшыя сродкі ад наваяўленай заразы? Ці не ён у адказ на рэмарку тэлежурналіста «ніякія вірусы на ваш графік не ўплываюць» кінуў з недарэчным пафасам: «Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях».

Hавiны
«Рэкамендавалі асцерагацца каронавірусу». У Капыльскім раёне жыхароў тэставалі, але небяспеку не пацвярджаюць
2020.03.31 00:57

Пры гэтым большасці беларусаў не да пафасу. Яны вымушаныя грэбаваць вірусам і працягваць цяжка працаваць – хто ля станка, а хто і на сцэне – з той банальнай прычыны, што трэба выконваць працоўныя абавязкі. Бо на думку прэзідэнта неабходнасці ў каранціне пакуль няма і наагул «трактар (у сэнсе: цяжкая праца – А. К.) вылечыць усіх». Між тым сёння беларускія акторы самі стварылі петыцыю з патрабаваннем увесці ў тэатрах каранцін. Гэта значыць атрымаць магчымасць не «хадзіць па гэтай вуліцы» лішні раз.

Дарэчы, і пра ўзрост: пенсіі ў беларусаў такія, што калі яшчэ і не ўлягаць, то ты асуджаны весці жабрацкае існаванне. Дзякуй роднай «дзяржаве для народа». Старыя ірвуць жылы да апошняга, каб не пакласці зубы на паліцу.

Талент пераводзіць стрэлкі

Шукаць вінаватых – фірмовы стыль нязменнага прэзідэнта Беларусі. Чвэрць стагоддзя народ глядзіць адзін і той жа спектакль: як мудры і строгі цар задае лупцоўкі нядбайным баярам-падначаленым.

Меркаванні
25 гадоў Лукашэнкі – ні «светлага мінулага», ні пэўнай будучыні
2019.07.10 05:00

Метад такі: першапачаткова завысіць прагнозныя паказнікі, паставіць валюнтарысцкія задачы. Падыход бяспройгрышны. Калі цудам выканаюць – слава патрабавальнаму кіраўніку, які напружыў як след, не даў прахалоджвацца. Калі праваляць – можна даць волю праведнаму гневу, а самому застацца ў белых рызах. Таксама ў праблемах краіны ў Лукашэнкі пастаянна вінаватыя то прагная Расея, то падступны Захад, а то і зусім таямнічая сусветная закуліса.

Цяпер вось дайшла справа да разбору палётаў у сувязі з COVID-ам. Беларускі прэзідэнт і тут ківае ў бок сусветнай закулісы: маўляў, давайце задумаемся, каму гэта выгадна, ці не рукатворны вірус. Нядаўна дасталася на арэхі той жа Расеі, якая ў аднабаковым парадку закрыла мяжу.

Мнения
Лукашенко и Кремль поцапались из-за коронавируса
2020.03.17 16:33

Сёння ж Лукашэнка прайшоўся па дзясятку хворых віцебскіх медыкаў (падобна, у Віцебску наагул сітуацыя з каронавірусам трывожная):

«Гэтыя лекары павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі лекар грэбуе элементарнымі мерамі».

Цяжка меркаваць, ці бесклапотнымі былі канкрэтна гэтыя людзі, але ў прынцыпе медыкі ананімна скардзяцца, што не хапае масак і іншых ахоўных сродкаў. Ды і наагул грэх кідаць камень у тых, хто цяпер на пярэднім краі, працуе на знос. У іншых краінах медыкі таксама заражаюцца, нават паміраюць. І не таму, што ўсе пагалоўна разгільдзяі, а таму, што гэта як на фронце – шалёная куля заўсёды можа нагнаць.

Дзяржаўны цынізм вышэйшай пробы

Віктар Дашкевіч – першая афіцыйная ахвяра каронавіруса ў Беларусі.
Фота: kolastheatre.by

Тое, што прэзідэнт яшчэ і адчытаў пасмяротна першую ахвяру каронавіруса ў Беларусі, шмат што кажа і аб стылі, ладзе мыслення афіцыйнага лідара, і пра спецыфіку рэжыму. Ну а чаго вы чакалі, калі той «несвядомы» актор сапсаваў дабратворную карцінку афіцыйнай прапаганды, кінуў цень на яе наратыў: тра-ля-ля, як выдатна ў нас пад кіраўніцтвам мудрага правадыра перамагаюць пракляты вірус.

Мнения
Танки COVID’а не боятся? Лукашенко и пиар во время чумы
2020.03.27 16:14

Між тым сёння ў Менску пачалі будаваць трыбуны для параду 9 траўня. Па звычаі, можа сабрацца процьма людзей. Прычым гэта дзейства асабліва прыцягвае пажылую, старой закваскі публіку. Закваска моцная, ды вось імунітэт у шмат каго ня дужа добры. І хто будзе вінаваты, калі запланаваныя масавыя святы стануць каласальным расаднікам заразы?

Але камусьці, мабыць, даніна рытуалу важней. Хоць ва ўмовах, калі каронавірус надыходзіць, гэтая даніна можа ператварыцца ў адкладзенае ахвярапрынашэнне.

Сюжэт пандэміі ў Беларусі раз за разам дэманструе нам дзяржаўны цынізм вышэйшай пробы.

Аляксандр Класкоўскі/НЯ, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў