Каронавірус пераследу не перашкода: як міліцыя цісне на экаактывістаў з Берасця і Светлагорску


Сяргей Пятрухін: Заяву на мяне падалі два супрацоўніка пінскай міліцыі.
Фота: «Белсат»

Айчынная міліцыя нават падчас пандэміі не можа прыпыніць сваёй «місіі»: правярае блогераў і актывістаў, якія адстойваюць права дыхаць чыстым паветрам, на прадмет абразаў у інтэрнэце.

Чарговы «паклёп» для Пятрухіна

Гэтак, паводле берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, які асвятляе тэму супрацьстаяння мясцовых жыхароў з акумулятарным заводам «Ай Паўэр», супраць аўтара каналу «Народны рэпарцёр» распачалі міліцэйскую праверку паводле 188 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Паклёп»).

«Адзін з нашых падпісчыкаў, Аляксандр Гардзіевіч, запрасіў мяне і блогера Аляксандра Кабанава ў вёску Гарадзішча пад Пінскам, каб тут выседзець рэжым самаізаляцыі. У доме ягонага сваяка я і знаходжуся. Ужо некалькі дзён запар каля хаты дзяжураць дзве машыны. Аднаго дня людзі ў цывільным, у масках, ужо спрабавалі трапіць у двор, але я іх не пусціў».

На мінулых выходных Аляксандр Гадзіевіч выязджаў з вёскі: па дарозе яго спынілі міліцыянты, якія і прад’явілі пастанову аб аглядзе хаты, у якой знаходзіцца Пятрухін. Аднак у дакуменце было пазначана, што дом належыць непасрэдна Гардзіевічу, што з’яўляецца няпраўдай.

«Аляксандр паспеў заўважыць, што ў міліцэйскім дакуменце аб праверцы вядзецца гаворка пра адзін са студзеньскіх сюжэтаў «Пінскі спрут» на нашым ютуб-канале. У ім распавядалася пра факты, што сведчаць пра наяўнасць карупцыі ў мясцовай уладзе. Заяву на мяне падалі два супрацоўніка пінскай міліцыі, але я ўпэўнены, што іх прымусілі гэта зрабіць».

Сяргея Пятрухіна затрымліваюць пад час пратэсту супраць шкоднай вытворчасці.
Фота: «Белсат»

Сяргей Пятрухін мяркуе, што гэты ціск звязаны са зменай рыторыкі на канале «Народны рэпарцёр» і хуткімі прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне:

«Пакуль не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, але мне падаецца, што зараз робіцца ўсё магчымае, каб паўтарыць леташнюю сітуацыю», – мяркуе Пятрухін.

Гаворка пра крымінальную справу, якую распачалі супраць Пятрухіна ўлетку 2018 года за абразу і паклёп на міліцыянтаў. У красавіку 2019 года блогера прызналі вінаватым паводле гэткіх абвінавачанняў ды пакаралі штрафам у памеры амаль BR 17 тысяч.

Змянілася і стаўленне самых берасцейцаў да праблемы. Калі раней людзі выходзілі ў нядзелю на галоўную плошчу гораду, каб выказаць свой пратэст заводу, то ўжо цяпер яны ідуць, каб сказаць «Лукашэнка, сыходзь!»

Паабяцалі распілаваць дзверы

У Алены Маслюковай забралі тэлефон і камп’ютар і выклікалі ў міліцыю.
Фота: Вікіпедыя

Падобнае распачалі і міліцыянты ў Светлагорску – у дачыненні экалагічнай актывісткі і праваабаронцы Алены Маслюковай, якая разам з мясцовымі жыхарамі дамагаецца прыпынення працы мясцовага Заводу беленай цэлюлозы. На мінулым тыдні да яе ў кватэру пагрукалі двое праваахоўнікаў.

«Я сказала, што нікога не пускаю дадому ў сувязі з каронавірусам, аднак яны паабяцалі трапіць да мяне ў любым выпадку, нават калі для гэтага давядзецца распілаваць дзверы, – кажа спадарыня Алена. – Маўляў, яны маюць адпаведную пастанову пракурора. Давялося іх адчыніць. Лейтэнант Левянкоў і капітан Давляцьяраў запыталіся, ці ведаю я такую грамадзянку Галіну Зобаву. Я адказала, што не ведаю. Тады я і дазналася, што яшчэ ў лютым яна падала на мяне заяву ў міліцыю (нібыта я абразіла яе ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі»)».

Тлумачэнняў Алена не давала, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі. Тады ў яе забралі тэлефон і камп’ютар, а на наступны дзень запрасілі наведаць аддзяленне міліцыі. У пастарунку спн. Маслюковай патлумачылі, што справа прыпыненая, пакуль будзе праводзіцца экспертыза інфармацыі з тэлефону і кампʼютара.

Як аказалася, заяву на праваабаронцу падала тая самая Галіна Зобава, якая размаўляла з Лукашэнкам падчас ягонага візіту на завод беленай цэлюлозы 14 лютага. Сюжэт з гэтай размовай паказаў тэлеканал «Беларусь 1».

Завод беленай цэлюлозы, супраць якога не адзін год пратэстуюць у Светлагорску.
Фота: «Белсат»

«Аляксандр Рыгоравіч, ну вось неяк у нас у краіне так вось адбываецца – як толькі пачынаецца будавацца якое-небудзь прадпрыемства – адразу ў інтэрнэце зʼяўляецца шуміха, бо праекты выклікаюць пытанні экалагічнага характару. І вось гэтым крыкунам, ім жа няўцям, што яны ў першую чаргу ганьбяць не толькі наш горад, але і краіну ў цэлым, згадзіцеся?! І каму як не нам – работнікам гэтага прадпрыемства, ведаць, наколькі яно бяспечнае ў плане экалогіі, таму што ў нас тут часцяком мы працуем цэлымі семʼямі», – скардзілася Зобава кіраўніку Беларусі.

Гэты сюжэт абурыў Алену Маслюкову, мясцовых актывістаў і жыхароў вёскі Якімава Слабада, якіх Галіна Зобава назвала «крыкунамі». Яны сталі актыўна каментаваць адыёзны матэрыял у сацсетках, адказаўшы гераіне сюжэту на «крыкуноў».

«Фармальна, гэта сталася падставай для заявы ў міліцыю, – кажа спадарыня Алена. – Відавочна, што гэтая заява – толькі падстава, каб ціснуць на мяне. Відаць, камусьці наверсе ўжо надакучыла нашая экалагічная актыўнасць. Я, вядома, не здаюся, падала заяву ў пракуратуру на незаконную, на мой погляд, канфіскацыю маёй тэхнікі. Пабачым, ці засталося яшчэ хоць нейкае сумленне ва ўладаў. Хаця пытанне, на мой погляд, рытарычнае».

ВБ belsat.eu

Стужка навінаў