У Менску на парад запрашаюць перахварэлых на каронавірус


Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну сталіцы запрашае жыхароў, якія перахварэлі на каронавірус, на парад да Дня Перамогі. Гэткае запрашэнне атрымала мянчанка Ганна Восіпава.

Жанчына доўга ляжала ў больніцы і толькі нядаўна вылекавалася ад каронавіруса: тэст паказаў адмоўны вынік. Цяпер Ганна ўдома, у паліклініцы не ведаюць, як яе лекаваць. У кабеты надалей цяжкае запаленне лёгкіх, падымаецца тэмпература, ёсць задышка і слабасць:

«Нас запрасілі як тых, хто перахварэў на каронавірусную інфекцыю. Дзяўчына званіла, ветлівая, сказала, што запрашаюць прыняць удзел у парадзе, месцы на 3-й трыбуне. Але я ветліваю не была. Мы з мамаю не ачунялі ад смерці бацькі, хваробы: такое ў галаве не месціцца. Я б і так не пайшла, з вірусам ці не, бо я супраць гэтых парадаў».

Hавiны
«Страцілі шмат часу. Тэст заняў 4 дні». Дзяўчына з COVID-19 распавяла пра смерць бацькі
2020.04.09 13:12

«Белсат» звярнуўся па каментар у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну ў сектар ідэалагічнай працы. Памочніца намесніка начальніка ўпраўлення пра такія запрашэнні не чула і адзначыла, што не мае права нешта распавядаць. Дзяўчына параіла звярнуцца да начальніка сектару Аляксея Шыбекі, бо ейнай кіраўніцы не было на працоўным месцы. На жаль, Аляксей Шыбека таксама недасяжны. Belsat.eu паспрабуе звязацца з ім пазней.

Ганна Восіпава некалькі тыдняў знаходзілася ў інфекцыйным шпіталі разам з маці. У гэтай жа больніцы 4 красавіка памёр ейны бацька, 69-гадовы Юрый Восіпаў. Спачатку хвароба нагадвала прастуду, але за некалькі дзён у спадара Юрыя развілася цяжкая форма пнеўманіі. Ганна ўпэўненая: калі б інфекцыю выявілі на самым пачатку і не зацягнулі з тэстам на каронавірус, бацька мог бы яшчэ жыць.

Аляксандр Лукашэнка – адзіны, хто, не зважаючы на пандэмію каронавіруснай інфекцыі, адмовіўся перанесці масавую ўрачыстасць да Дня Перамогі. Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што парад – не самая небяспечная падзея з гледзішча эпідэміёлагаў і вірусолагаў. Абстаноўку з каронавірусам у краіне ён ацэньвае як «больш-менш нармальную». Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, тэмп прыросту новых выпадкаў заражэння COVID-19 у Беларусі – адзін з самых хуткіх у еўрапейскім рэгіёне.

Hавiны
На Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў ад пнеўманіі памерлі 4 чалавекі. З рабочых збіраюць па 2 рублі
2020.05.06 15:53
Стужка навінаў