Кароль-цудатворац дазволіў празерыць!

Прысвячаецца прыбурэўшым і абарзелым

Французскія каралі маглі адным дотыкам рукі вылечваць хворых залатухай. Як гэта атрымлівалася – іншае пытанне, вялікі французскі гісторык Марк Блок цэлую кнігу гэтаму прысвяціў пад назвай «Каралі-цудатворцы». Карацей, дакрануўся да хлопчыка з залатухай – ці дзяўчынкі – кароль рукой – і адразу вылечваў.

Беларускі кіраўнік валодае значна больш важнай уласцівасцю. Ён вылечвае ад слепаты. Яму толькі трэба правесці адпаведную нараду з групай сляпых дзяржаўных дзеячаў.

Праз 25 гадоў знаходжання на пасадзе Лукашэнка заўважыў, што сілавікі «часам перавышаюць свае паўнамоцтвы». Фота Ірына Арахоўская

Вось абураецца старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала:

– У нас не дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці. Следства цісне на суд.

Шаноўны Валянцін Алегавіч, Вы сваё ведамства ўзначальваеце са студзеня 1997 года. І вось, на дваццаць другім годзе знаходжання на пасадзе Вы даведаецеся пра тое, пра што недзяржаўная прэса піша прыкладна з 1998 года. Ды і статыстыка судовых рашэнняў пра тое ж сведчыць: практычна ў дзяржавы суд выйграць немагчыма, вінаваты ты ці невінаваты. Асабліва бізнесоўцу. Робіш бізнес – вінаваты па вызначэнню. І следства з судамі знаходзілася ў стане кранальнай гармоніі.

Аляксандр Лукашэнка і Станіслаў Зась. Фота president.gov.by

Вось сумна канстатуе другі бачны дзяржаўны дзеяч, які раптам уцяміў, – дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Станіслаў Зась:

– Размова будзе працягнуты. Павінен быць даведзены вось гэты пасыл, які сёння абмяркоўваўся на нарадзе, да ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, што трэба, вядома, змяняць некаторыя падыходы ў працы, стыль працы і, вядома, павышаць якасць працы.

І далей – ён жа:

– Вельмі важны кантроль ведамства за дзейнасцю супрацоўнікаў праваахоўных органаў, з самага верху, ад міністра, і да камандзіра, кіраўніка падраздзялення.

Вось яно як атрымліваецца. Важны кантроль ведамства за дзейнасцю… Ваша экселенцыя, але менавіта гэта, як я разумею, – арганізацыя ўсёй сістэмы кантролю за дзейнасцю сілавых і праваахоўных структураў Беларусі – уваходзіла ў Вашыя непасрэдныя абавязкі з 2015 года. А калі ўлічыць, што пасаду намесніка дзяржсакратара Вы, Станіслаў Васільевіч, займалі з 2008 года, – дык і таго больш.

Hавiны
Лукашэнка: некаторыя ў пагонах абарзелі і павінны быць выключаныя з грамадства
2019.08.20 14:26

Атрымліваецца, што на вышэйшыя пасады ў нашай дзяржаве прызначаюць сляпых, якія на дваццаць другім (як Сукала) або адзінаццатым (як Зась) гадах пачынаюць бачыць ад адной угаворнай нарады, якую правёў галоўнакамандуючы. Слухайце, можа быць, яго варта прызначыць і галоўным афтальмолагам нашага Міністэрства аховы здароўя? Бо ў яго працэдура вяртання зроку сляпым ідзе відавочна нашмат лепей, чым праца з кадрамі.

Дваццаць два гады яго задавальняе галоўны суддзя краіны, які не заўважаў следчага бязмежжа, адзінаццаць гадоў – дзяржсакратар, які не разумее, як арганізаваць кантроль і каардынацыю дзеянняў сілавікоў… Можа быць, ён усяго гэтага не ведаў – наш кароль-цудатворац? Гэта значыць, сам быў сляпы?

Фота Ірына Арахоўская

Не сілавікі прыбурэлі ды абарзелі. Уся сістэма ўлады прыбурэла і абарзела. У асобных звёнах захоўваюць свае пазіцыі цямлівыя і добрасумленныя людзі, шчыра абураныя слепатой, якая пануе ў беларускай дзяржаве. Але і яны вымушаныя прыкідвацца калі не сляпымі, то аднавокімі. Памятаеце, у адным з апавяданняў Гэрбэрта Ўэлза:

– У царстве сляпых аднавокі – кароль.

З той толькі розніцай, што сапраўдныя сляпыя хацелі б бачыць. А нашыя ўяўныя сляпыя толькі прыкідваюцца, што нічога не бачаць і не разумеюць – да часу, пакуль высокае вока не дазволіць ім раскрыць вочы і сказаць:

– Ах! Сапраўды! Мы нічога не бачылі, не ведалі, не разумелі. Але вось шаноўны Аляксандр Рыгоравіч усё ўбачыў і ўсё растлумачыў. Вось цяпер мы дакладна пачнем працаваць гэтак, як ён патрабуе.

І так – на працягу дваццаці пяці гадоў цудатворства.

А калі б не ўбачыў? Яшчэ дваццаць пяць гадоў – у слепаце?

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў