Кароль Малайзіі, які ажаніўся з «Міс Масква», адрокся ад прастолу


Прычыны адрачэння Мухамеда V ад прастолу не называюцца, паведамляе reuters.com, спасылаючыся на прэс-службу каралеўскага палацу.

Гэта першае ў гісторыі краіны добраахвотнае адрачэнне ад прастолу. Мухамед V быў каралём Малайзіі з 2016 года.

Мухамед V

Летась у шэрагу таблойдаў з’явілася інфармацыя, што ў лістападзе 2018 года ў Маскве Мухамед V узяў шлюб з Аксанай Ваяводзінай («Міс Масква – 2015»). Афіцыйна гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але ў сацсетках з’явіліся фотаздымкі, на якіх Мухамед V сядзіць побач з Ваяводзінай, апранутай у шыкоўную сукенку.

У Малайзіі, якая стала канстытуцыйнай манархіяй у 1957 годзе, кароль выконвае цырыманіяльныя функцыі і з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Караля выбіраюць на 5 гадоў. Гэта робяць султаны – спадчынныя кіраўнікі штатаў, якія ўваходзяць у заканадаўчы орган, Раду кіраўнікоў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў