Карнавалы, канферэнцыі ды фільмы. Што адмянілі ў свеце праз каронавірус?


Успышка каронавіруса спрычынілася да адмены шматлікіх падзеяў па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі. Карэспандэнты «Белсату» склалі падборку найбольш значных падзеяў, якія адмянілі апошнім часам.

Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум

У Расеі ўпершыню адменены Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум (ПМЭФ). І хоць ён павінен быў прайсці толькі з 3 па 6 чэрвеня, 5 сакавіка стала вядома, што яго правядзенне скасавалі «ў мэтах аховы здароўя расейскіх грамадзянаў, гасцей і ўдзельнікаў форуму».

У 2019 годзе сярод удзельнікаў форуму былі кіраўнікі Расеі, Кітаю, Балгарыі ды іншых краін.
Фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum

ПМЭФ – гэта адна з найбуйнейшых бізнес-падзеяў у РФ, якая з 2006 года ладзіцца пры ўдзеле расейскага прэзідэнта. У 2019 годзе на ім прысутнічалі звыш 19 тыс. удзельнікаў з 145 краін свету, уключаючы лідараў Францыі, Нямеччыны, Кітаю і Індыі.

Услед за ПМЭФ 6 сакавіка ў Расеі быў перанесены на нявызначаны тэрмін Краснаярскі эканамічны форум (КЭФ). Таксама «з нагоды падзеяў па супрацьдзеянні каронавірусу». Форум павінен быў прайсці 19-21 сакавіка і мусіў быць прысвечаны рэалізацыі нацыянальных мэтаў развіцця Расеі да 2024 года.

Сусветны мабільны кангрэс і канферэнцыя Google

24-27 лютага ў Барсэлоне мусіла прайсці адна з найбуйнейшых у свеце выставаў мабільнай індустрыі – Сусветны мабільны кангрэс (MWC). Але яе адмянілі праз успышку каронавіруса.

Арганізатары канферэнцыі «Google I/O» таксама вырашылі адмяніць падзею, якая павінна была прайсці з 12 па 14 траўня ў Маўнтын-Вію (Каліфорнія, ЗША). Усім распрацоўнікам і наведнікам абяцаюць вярнуць грошы за квіткі і адразу прапануюць забраніраваць білет на канферэнцыю 2021 года. Што будзе з падзеяй сёлета – невядома.

Перадусім на «Google I/O 2020» мусілі распавесці пра ўсе новыя функцыі «Android 11». Але цяпер гэтая прэзентацыя пад пытаннем. Яе могуць перанесці на нявызначаны тэрмін або правесці толькі онлайн.

Жэнеўскі аўтасалон

Швейцарскі ўрад 28 лютага прыняў рашэнне адмяніць усе падзеі, якія абʼядноўваюць больш за 1000 чалавек. Забарона пакуль уведзеная да 15 сакавіка. Яна закранае, у тым ліку, Жэнеўскі міжнародны аўтасалон, які павінен быў адкрыцца 5 сакавіка. Рашэнне прынята ў рамках папярэджання распаўсюджвання каронавіруса.

У Жэневе разбіраюць выставу, арганізаваную для аўтасалону.
Фота: PIERRE ALBOUY / Reuters / Forum

Міжнародная велагонка, тэнісныя і шахматныя турніры

28 лютага ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах былі скасаваныя фінальныя этапы велагонкі «Тур ААЭ» пасля таго, як у двух раварыстаў з Італіі знайшлі каронавірус. Усе ўдзельнікі велагонкі, адміністрацыйны персанал і арганізатары былі правераныя і змешчаныя ў каранцін у гатэлі на востраве Яс.

Апроч таго, паведамляецца пра скасаванне традыцыйных масавых спаборніцтваў па шахматах у Хашыміне, Дубаі, Шарджы, Бангкоку і Рэйкʼявіку. Адмененыя таксама тэнісныя «Чэленджары»: адзін у Італіі ды чатыры ў Кітаі.

Джэймзу Бонду не час памерці

Праз каронавірус прэмʼеру новага фільма пра Джэймза Бонда «Не час памерці» перанеслі на шэсць месяцаў. Першапачаткова меркавалася, што 25-я па ліку кінастужка пра агента 007 выйдзе ў пракат у красавіку. Але ў сувязі з каронавірусам, прэмʼеру перанеслі на лістапад. Дакладныя даты абяцаюць агучыць пазней.

Праз каронавірус у шэрагу краінаў зачынілі кінатэатры. Улады Кітаю, Японіі, Паўднёвай Карэі, Італіі абмежавалі масавыя мерапрыемствы і не раяць грамадзянам прымаць у іх удзел. У такіх варунках стваральнікі фільма пра агента 007 выказваюць перасцярогу, што кінастужка можа стаць стратнай.

Карнавал, опера ды музеі

Кожную першую нядзелю месяца ў Італіі ладзяцца акцыі з бясплатным уваходам у дзяржаўныя музеі. З сакавіка традыцыя была прыпыненая ў сувязі з успышкай каронавіруса.

У сувязі з хуткім распаўсюдам каронавіруса Рымская опера да 5 красавіка таксама прыпыніла паказы оперы «Турандот» і балету «Карсар».

Таксама ўлады італьянскага рэгіёну Венета абвясцілі аб адмене Венецыянскага карнавалу. Паводле губернатара Лукі Заі, улады павінны прыняць кардынальныя меры для недапушчэння распаўсюду каронавіруса ў рэгіёне.

Не выратавалі Венецыянскі карнавал і традцыйныя маскі.
Фота: World History Archive / World history archive / Forum

Балівудскі Оскар

6 сакавіка стала вядома, што скасаваная цырымонія ўручэння прэміі міжнароднай акадэміі кіно Індыі, якую таксама называюць Балівудскім «Оскарам». Цырымонія была запланаваная на канец сакавіка ў штаце Мадх’я-Прадэш. Прэмію перанеслі на нявызначаны тэрмін.

Анімэ-фэст

У Японіі вырашылі адмовіцца ад правядзення аднаго з найбуйнейшых фестываляў анімэ – AnimeJapan.

На AnimeJapan традыцыйна праходзяць прэзентацыі новых праектаў, а фанаты жанру могуць пагутарыць з прадстаўнікамі індустрыі. Сёлета планавалася правесці 270 экспазіцыяў, у тым ліку 50 замежных. Колькасць наведнікаў фэсту павінна была скласці не менш за 120 тыс. чалавек.

Мэрылін Мэнсан спужаўся каронавіруса

Мэрылін Мэнсан скасаваў азіяцкі тур.
Фота: DANNY MOLOSHOK / Reuters / Forum

Адмяняюць свае канцэрты і шматлікія музыкі. Гэтак, гурт «Testament» адмяніў канцэрт у Мілане 25 лютага, «Lacuna Coil» – канцэрты ў Дубаі, Бангкоку, Мэльбурне, Сіднэі, Токіа, Осацы, Сінгапуры і Джакарце.

Рокеры з «Green Day», «Slipknot» і Эўрыл Лавін перанеслі свае туры па Азіі.

Мэрылін Мэнсан адмяніў шоў у Гон-Конгу 18 сакавіка, а гурты «Enterprise Earth» і «Supersuckers» перадумалі выступаць у Італіі.

І нават Новы год

Прэзідэнт Манголіі Халтмаагійн Батулга 12 лютага выдаў указ пра адмену ўсіх святочных падзеяў Цаган Сар (мангольскага Новага года паводле месяцавага календара). Зроблена гэта было, каб перадухіліць распаўсюд каронавіруса.

У 2020 годзе святкаванне Цаган Сар у Манголіі мусіла адбыцца ў ноч на 24 лютага. Адмененыя навагоднія кірмашы па ўсёй краіне, а ў медыях абмежаваная рэклама святочных падзеяў.

А што ў нас?

БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Скасаванне розных падзеяў праз каронавірус закранула і Беларусь. Спачатку ў менскім БНТУ, дзе выявілі першы выпадак заражэння ў нашай краіне, студэнтаў перавялі на індывідуальнае навучанне.

Таксама «да асаблівага распараджэння» былі адмененыя некаторыя міні-футбольныя матчы, у якіх мусілі гуляць каманды БНТУ.

У Віцебску, дзе таксама быў выяўлены каронавірус, адмянілі ранішнікі ў дзіцячых садках.

Перанеслі ў Беларусі і некалькі канферэнцыяў. Гэтак, 19 сакавіка ў Менску павінна была прайсці «VI тэхналагічная канферэнцыя InTech-2020», а 24-27 сакавіка – міжнародная выстава «Ахова здароўя Беларусі 2020» і канферэнцыя «e-Health 2020». Даты, на якія перанесеныя гэтыя падзеі, пакуль не называюцца.

МГ belsat.eu

Чытайце па тэме:

Медыкі з Ўу-Хані распавялі, што было зроблена не так

Часнык і гарэлка – ці абароняць ад каронавіруса?

Колькасць ахвяраў каронавіруса перавысіла 3400 чалавек

«У першы дзень было вельмі страшна!» Студэнты БНТУ ўжо тыдзень на каранціне

Стужка навінаў