Карлэс Пучдэмон падпісаў дэкларацыю аб незалежнасці Каталунні


Дакумент яшчэ не набыў сілу.

Дэкларацыя была падпісаная ўвечары 10 кастрычніка. Свае подпісы пад дакументам паставіў старшыня каталонскага ўраду Карлэс Пучдэмон, ягоны намеснік Арыёл Жункерас і спікер парламенту Кармэ Форкадэль.

У сваёй прамове 10 кастрычніка старшыня каталонскага ўраду заявіў, што Каталуння павінная быць незалежнай і прапанаваў парламенту адкласці абвяшчэнне незалежнасці.

«Мяркую, што Каталуння павінная быць незалежнай дзяржавай у форме рэспублікі, – заявіў Пучдэмон. – Прапаную адтэрмінаваць абвяшчэнне незалежнасці ў мэтах дыялогу з Мадрыдам для пошуку рашэння».

Прэзідэнт Каталунні Карлэс Пучдэмон падымаецца па сходах пасля прыбыцця ў будынак каталонскага парламенту. Барсэлона, Іспанія. 10 кастрычніка 2017 года. Фота – Juan Medina/Reuters

«Пучдэмон ня ведае, дзе ён, куды ідзе і з кім хоча ісці», – пракаментавала падпісанне дэкларацыі віцэ-прэм’ер Іспаніі Сарая Саенс дэ Сантамарыя падчас пасяджэння ўраду ў ноч на 11 кастрычніка.

Іспанскі ўрад кажа, што аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці было б незаконным і абяцае «аднавіць закон і дэмакратыю», калі парламент паўночна-ўсходняга рэгіёну краіны не спыніцца.

Згодна з артыкулам 155 іспанскай канстытуцыі, у выпадку абвяшчэння Барсэлонай незалежнасці Мадрыд можа пазбавіць Каталунню аўтаноміі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў